Photo.bymedia.net.

Photo.bymedia.net.

Тэмпература паветра мінулай ноччу была на ўзроўні мінус 25–30 градусаў, а на метэастанцыях Клічаў і Брагін паветра ахалоджвалася да мінус 31 градуса. Толькі на крайнім паўднёвым захадзе, вакол Брэста, маразы былі слабейшыя — мінус 23–24 градусы. У беларускай сталіцы было мінус 26 градусаў.

Пятніца і субота могуць стаць самымі халоднымі днямі гэтай зімы. У Мінску, Гродне, цэнтры і на Віленшчыне тэмпература апусціцца да мінус 29, а ў суботу да мінус 30. У Віцебску і на поўначы — да мінус 29. А ў Магілёве і на ўсходзе — нават да мінус 34 градусаў!
Толькі ў Берасце можна ехаць грэцца: там абяцаюць «усяго» мінус 25.

Такія марозы ствараюць надзвычайную сітуацыю: пры мінус 30 можа не заводзіцца аўтатранспарт, могуць вымярзаць сады і кветнікі.

Учора Міністэрства аховы здароўя рэкамендавала спыніць заняткі ў тых школах, дзе дзецям далёка дабірацца. У садках дзяцей перасталі выводзіць на прагулкі.

Лютаўскія маразы апанавалі не толькі Беларусь, а цэлую Еўропу. Гэта арктычны антыцыклон споўз і затрымаўся над нашым кантынентам.

Украіна прыпыніла экспарт электраэнэргіі ў Беларусь: лютыя маразы прывялі да рэзкага росту спажывання электрычнасці ў нашых суседзяў.
На шчасце, вялікіх збояў у падачы цяпла і энэргіі пакуль нідзе не фіксуецца. Камунальная гаспадарка пакуль выдатна вытрымлівае экстрэмальныя ўмовы працы.
Пры моцным марозе малым дзецям няможна гуляць больш за 10–20 хвілін.
Трэба расціраць ім нос і шчокі, каб не было абмаражэння.

Вопратка мусіць быць шматслойнай і свабоднай, каб між слаямі трымалася цёплае паветра. Найлепш саграе цёплае піццё, але не варта піць жэжкае перад выхадам на двор, каб не распарыцца.

Самая частая праблема з аўтамабілямі ў мароз — разрадка акумулятара.
Аднак і летняе дызпаліва, і зношаныя свечы запальвання, і неадпаведная тэмпературам аліва таксама могуць стаць прычынай праблемаў як у бензінавых, так і дызельных аўтамабілях. Варта ведаць, што пры такіх нізкіх тэмпературах знос рухавіка максімальны. Таму паездкі варта абмежаваць не толькі з меркаванняў бяспекі, але і дзеля эканоміі.
Існуе пагроза жыццю бяздомных грамадзян, а таксама тых вяскоўцаў, хто жыве ў халодных хатах.

У розных краінах Усходняй Еўропы замёрзла 163 асобы. Па Беларусі такіх звестак няма: ахвяры ёсць і ў нас, але асобны ўлік у нашай краіне не вядзецца.

Хто можа, пакідайце дзверы пад’ездаў незамкнёнымі. Калі бачыце п’яных на вуліцах, адразу выклікайце да іх «хуткую дапамогу».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?