У рэгіёнах Беларусі з-за моцнага марозу прыпынены заняткі ў шэрагу школ. Нечарговыя канікулы не пачаліся толькі для мінскіх школьнікаў. Аб гэтым паведаміла прэс-сакратар міністра адукацыі Юлія Ваніна.

Так, у Брэсцкай вобласці закрыты 158 школ. У гэты лік увайшлі ўсе школы Пінска і Пінскага раёна. У Драгічынскім раёне змогуць застацца дома вучні першых і другіх класаў, у Столінскім — адпусцілі на нечарговыя канікулы ўсе пачатковыя класы.

У Віцебскай вобласці ва ўсіх школах адменены заняткі для пачатковых класаў. У Шумілінскім раёне і ў 4 школах Полацкага раёна з-за неспрыяльнага надвор’я няма ўрокаў і ў старшакласнікаў.

У Гомельскай вобласці прыпынілі работу 212 устаноў адукацыі. У 56 з іх адпусцілі дадому 1–4 класы, у 16 пачаліся няпланавыя канікулы таксама і для 5–6 класаў. Яшчэ 140 школ цалкам спынілі работу.

На Гродзеншчыне закрыліся 44 школы, больш за ўсё ў Астравецкім і Навагрудскім раёнах, 17 і 15 школ адпаведна.

У Магілёўскай вобласці не працуюць 82 школы. У лідарах па колькасці закрытых з-за марозу ўстаноў адукацыі — Горацкі раён — 21 школа і Мсціслаўскі — 20.

У Мінскай вобласці пайшлі на вымушаныя канікулы 328 школ. Пакуль што адпачываюць усе вучні пачатковых класаў у Барысаўскім, Капыльскім, Нясвіжскім, Маладзечанскім, Слуцкім і Смалявіцкім раёнах. Такая ж карціна ў гарадскім пасёлку Мачулішчы, Заслаўі, Жодзіне і Лагойску.

***

Як паведамлялася раней, у сувязі з моцнымі маразамі рашэнне аб спыненні заняткаў прымаецца мясцовымі органамі ўлады. Пры неспрыяльных умовах надвор’я (ураган, тэмпература атмасфернага паветра мінус 25 і ніжэй градусаў пры скорасці ветру больш за 2 метры ў секунду) можа быць прынята рашэнне аб часовым прыпыненні адукацыйнага працэсу ў вучняў, у першую чаргу 1–4 класаў, а таксама іншых класаў. Дашкольным установам у моцныя маразы рэкамендавана не праводзіць прагулак на свежым паветры. Заняткі спортам у школьнікаў у такое халоднае надвор’е таксама праводзяцца толькі ў спартзалах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?