Там жа, у Сібірскай вайсковай акрузе ў Омску, Анатоль адслужыў снайперам, скончыўшы інстытут, атрымаў афіцэрскае званне, камандаваў узводам артылерыйскай выведкі ўжо ў Гродне, на Фолюшы. Пасля пачаліся падарожжы: В’етнам, Камбоджа, Сінгапур і ўрэшце ЗША — шчаслівая зорка для пакалення перабудовы, якая трымала нашага героя амаль 20 гадоў. Сёння Анатоль Пажараў дзеліцца ўражаннямі, шмат смяецца і спрабуе адказаць на сакраментальнае пытанне: «Дзе лепш?»

В'етнам

В'етнам

Паўднёва-Усходняя Азія.

Паўднёва-Усходняя Азія.

Тарпедны катар.

Тарпедны катар.

Тарпедны катар.

Тарпедны катар.

— Як вы апынуліся ў Індакітаі?

— Калі я адслужыў у Гродне, адзін знаёмы, у якога брат працаваў на Сахаліне, напісаў мне запіску, па якой я звярнуўся да ягонага брата, і ён мне выслаў запрашэнне, у выніку чаго я атрымаў пропуск на Сахалін — тады быў такі парадак.
Гэта цяпер сеў ды паехаў.
Горад называўся Савецкая Гавань, порт Ваніна. Там я ўладкаваўся матросам.
Арганізацыя, куды я ўладкаваўся, пасылала людзей на працу за мяжу. Трэба было адпрацаваць тры гады, каб атрымаць візу: патрэбная была характарыстыка, маўляў, не п’яніца, надзейны… Толькі пасля гэтага мне паверылі [смяецца] і далі візу.
Нашае судна стаяла спачатку ў Сінгапуры, пасля хадзіла ў В’етнам, ну, а пасля камусьці спатрэбілася транспартаваць тарпедныя катары чырвоным кхмерам, якія называлі сябе камуністамі, каб заручыцца падтрымкай Савецкага Саюза.

Марскія суды маглі ўваходзіць у дэльту ракі Меконг. Яна каля 500 кіламетраў шырынёй, у ёй можна заблукаць, таму там суды сустракаюць лоцманы і даводзяць да горада Хашымін (былы Сайгон), далей яны ўжо не могуць падняцца, бо асадка не дазваляе. А за тарпедныя катары, якія яны прывезлі, сядалі людзі, што ведалі, як іх эксплуатаваць, і гналі ў Пнампень (сталіца Камбоджы).

Персаналу на катары не хапіла, а я акурат працаваў матросам, так і трапіў.
Мы там былі ўтрох. На катары стаяў зенітны кулямёт, ён для верталётаў быў прызначаны, самалёты не збіваў. Было цікава, карацей.

— У баявых дзеяннях непасрэдна даводзілася ўдзельнічаць?

Быў павучальны выпадак.

Як толькі мы прыехалі ў Камбоджу, то не стаялі ў порце Пнампень, а сталі каля нейкай вёсачкі недалёка ад сталіцы, не памятаю, як называлася. Высадзіліся і вырашылі схадзіць, чаго хаваць, да дзяўчат [смяецца].
У В’етнаме, напрыклад, самі прапаноўвалі, а ў Камбоджы вайна ішла, мабыць, не да гэтага было. Ну, і пайшлі далей: а раптам каго знойдзем?

Нанялі веларыкшу, не пехам жа ісці. А ў тропіках у сярэдзіне дня бязлюддзе — горача вельмі. Нават у сацыялістычным В’етнаме давалі дзве гадзіны на абед, прыкладна з 12 да 14, бо немажліва працаваць. А мы што? Ад’ехалі кіламетраў шэсць, рыкшу адпусцілі, мазгоў жа няма [смяецца]… Нікога не знайшлі, у выніку апынуліся на дарозе: а раптам зловім каго?

Цягнемся мы ўдвух, людзей няма, сонца пячэ, піць хочацца… і тут — шлёп! — ззаду, потым справа: нехта пачаў абстрэльваць з мінамёта.
Ну мы і рванулі: па рысавых палях, па вадзе. Яны «шлёпнулі» недзе мінаў шэсць і спыніліся. Мы галовы паднялі: быццам ціха. Піць ужо не хацелася… (смяецца) А на вайне агулам я быў, як кажуць, «з боку прыпёку».
Дарэчы, дарога там асфальтаваная была і лепшая за нашы: гэта пры тым, што вайна ішла. Што казаць: былы французскі Індакітай.

— Чым запомнілася мясцовае насельніцтва?

— Сустракаліся, напрыклад, людзі, якія ў гарадах збіралі трубачкі і пластыкавыя кубкі: назбірае за дзень 15–20, здасць і атрымае міску рысу. Гэта ўражвала.

Памятаю яшчэ выпадак: я стаяў на вахце, а старкам падышоў і кажа: «Вазьмі кавалак мыла, ідзі з ім у кузню і адкуй лом».
Усё нармальна, адкаваў. Тут у нас хто-небудзь за кавалак гаспадарчага мыла адкуе лом? Там гэта была нармальная плата, валюта. Таму я б не сказаў, што ажно зусім галеча, але агулам жылі бедна. Вельмі шмат беспрацоўных, калі казаць пра В’етнам. В’етамцы, якія працавалі тады ў нашай кампаніі, былі вельмі шчаслівыя ад гэтага.

— А як вы прынялі рашэнне з’ехаць пасля ў ЗША?

— Калі я канчаткова вярнуўся ў Беларусь у 1992 г., мне не далі беларускага грамадзянства, але заставаўся замежны пашпарт СССР. І так атрымалася, што кватэру, у якой я жыў, прадалі. Ну і ў мяне былі грошы. Таму я не доўга думаў.

Два хлопцы з Горадні і адзін з Віцебска далучыліся да мяне, і мы паехалі. Вельмі слушна зрабілі, што паехалі ўсе разам, бо інакш не змаглі б элементарна аплаціць кватэру ў Брукліне, якая каштавала 900 даляраў.
Дзе ўзяць грошы? Таму дзялілі на шасцёх, атрымлівалася па 150 даляраў.

— Што асабліва здзівіла па прыездзе?

— Ну, Сашку нашага больш за ўсё здзівіла, што рускім не даюць сацыяльнай дапамогі.
Ён разлічваў, што па прыездзе нас аформяць як бежанцаў, аплацяць кватэру, як яму расказваў ягоны знаёмы габрэй. А давалі фактычна кітайцам, якія былі на плошчы Цяньаньмэнь, і габрэям з былога СССР.
Здзівіла сума аплаты за газ зімой і за кандыцыянер летам: 300 даляраў.
Без кандыцыянера ж не выспішся, пойдзеш «пакамечаны» на працу, таму воляй-няволяй даводзілася плаціць. Дадаць да гэтага святло, тэлефон… Мы ж у Саюзе не звыклыя былі святло выключаць, па тэлефоне размаўлялі колькі хацелі — каштуе ж капейкі, а там адразу прыйшоў рахунак на 240 даляраў і рабі што хочаш…

— А ў характары саміх амерыканцаў?

— Канечне,

у амерыканцаў здзівіла тое, што яны не ходзяць адно да аднаго ў госці.
Гэта не здзівіла, а хутчэй засмуціла. Мяне засмучае, напрыклад, калі нельга прыйсці да сябра без тэлефанавання…
Але былі і адваротныя выпадкі:
калі я толькі прыехаў, я купіў сабе старэнькі «Додж-караван». Паехаў у рускую лазню, а ехаць трэба было праз Манхэтэн.
На зваротнай дарозе загарэўся размеркавальнік, вось і стаў на хай-вэі. А там дождж, залева. Я спрабую зрабіць нешта, з капота валяць клубы дыму…
І раптам дзяўчынка на гоначным аўто спыняецца ззаду, падбягае: «Do you need help?» Я тлумачу, што трэба вызваць паліцыю: я ж стаю фактычна на трасе, яшчэ і залева. Яна дапамагла, патэлефанавала, дачакалася… здаралася і такое.

— Ці ёсць нейкія структуры, створаныя для ўзаемнай дапамогі сярод эмігрантаў?

— Асабіста я некалькі разоў наведваў сербскую царкву, дзе давалі бясплатныя абеды, — вось і ўся дапамога, якую я на сабе адчуў.
Сербскія святары чамусьці вельмі добра размаўляюць па-расійску (смяецца). Пры царкве было паўпадвальнае памяшканне, куды можна было прыйсці, кінуць колькі лічыш патрэбным у кардонную скрыню ці не кідаць наогул, а на стале стаяла кава, вяршкі, малако, масла, белы хлеб, кавалачкі здобы — бяры колькі хочаш. Была нават каўбаса! Зрабіў сабе 3–4 сэндвічы і лічы, што паеў! Дарэчы, грузінаў туды хадзіла больш, чым нашых (смяецца). А на кухні працавалі нейкія жанчыны, пэўна, паслушніцы. Таму вось месяцы з два, калі было асабліва цяжка, мы туды хадзілі…

— Цяжка было першым часам?

— Першы год наогул увесь час хацелася есці.
У суботы габрэі, нашыя працадаўцы, не працуюць, а мы бадзяліся па супермаркетах, а дакладней па грузавых дварах, і заўжды шукалі там, што «няроўна ляжыць» — у мяне гэта досыць добра атрымлівалася. Аднойчы я пайшоў на «паляванне» адзін, заглянуў у кузаў фуры, а там у канцы пакункі з шампіньёнамі! Гледзячы па ўсім, адна змена скончыла, кінуўшы працу, а наступная яшчэ не заступіла. У мяне ў кішэні заўсёды было 3–4 пакеты на ўсялякі выпадак, я іх хуценька набіў далікатэсам і ледзь дацягнуў гэта ўсё да хаты. Я ведаў, што краду, але калі б мяне злавілі, я б, пэўна, сказаў, што шукаю працу ці хацеў дапамагчы [смяеццаэ].
Пра карэйцаў я нічога дрэннага ніколі ў жыцці не скажу.
Я сустрэў усяго аднаго карэйца ў жыцці — гэта быў гаспадар крамы з гароднінай, недалёка ад будынка, у якім мы жылі. Ён неяк заўважыў, якімі вачыма я гляджу на ягоны тавар, з чаго зрабіў выснову, што я эмігрант. Завязалася размова, я патлумачыў, што прыехаў нядаўна, у адказ ён прапанаваў штодня браць тое-сёе са скрыні, куды ён будзе спецыяльна адкладаць пераспелыя бананы, бульбу з плямамі, бітыя яблыкі… І гэтая скрыня заўжды была поўнай!

— Ваш ускосны ўдзел у канфліктах на Індакітайскай паўвыспе неяк даваў пра сябе ведаць у ЗША?

— Мы неяк рабілі дом ветэрану вайны ў Карэі, ён у размове падчас ланчу даведаўся, што я служыў у СА снайперам, узрадаваўся, кажа: «Я таксама снайпер! Ты колькі заваліў? Я 32 карэйцаў шлёпнуў!»
Ніякага негатыўнага стаўлення не было.

— А ўсё ж такі дзе лепш?

— Лепш? Каб у Беларусі была добрая эканоміка, я хацеў бы жыць там і падарожнічаць па свеце: едзеш сабе, едзеш…
Я люблю ехаць нікуды. Дзе захацеў, там і спыніўся, колькі трэба, столькі і пражыў. А потым ехаць далей…

Я шчаслівы ў дарозе. Люблю пасядзець у кавярнях у аэрапортах: у Франкфурце ці ў Варшаве. Не таму, што есці хочацца, а таму, што хочацца пасядзець. У Мінску на мытню гэтым разам я заходзіў апошнім: я не спяшаюся, расцягваю задавальненне. Я ж на Радзіму прыляцеў!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?