Урад Беларусі ўнёс прапанову ўраду Расіі аб выдзяленьні стабілізацыйнага крэдыту нашай краіне на $1,5 млрд. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве фінансаў Беларусі.

У Мінфіне растлумачылі, што адпаведнае рашэньне было абумоўлена неабходнасьцю дадатковага фінансаваньня выдаткаў бюджэту, выкліканых павышэньнем цэнаў на энэрганосьбіты.

«Лічу, што такая просьба мае права на існаваньне. Мы абмяркоўвалі магчымасьць, што ў разе патрэбы ўрад Расеі гатовы разгледзець такі варыянт», – так пракамэнтаваў учора просьбу Беларусі міністар эканамічнага разьвіцьця Расеі Герман Грэф. Тэрміны і сума крэдыту, заявіў ён, будуць прадметам перамоваў.

На пачатак 2007 году замежны дзяржаўны доўг Беларусі склаў 840 мільёнаў даляраў пры прадугледжаным бюджэтам ліміце 2 мільярды даляраў.

Крэдыт на $1,5 млрд быў бы беспрэцэдэнтным для Беларусі. Гэта $155 на кожнага жыхара нашай краіны, зь немаўлятамі ўключна, або больш за тры сотні даляраў на кожнага працаздольнага беларуса.

Просьба аб такім крэдыце азначае, што ўрад сутыкнуўся зь непераадольнымі цяжкасьцямі з напаўненьнем бюджэту.

Варта адзначыць, што цэны на энэрганосьбіты пры гэтым застаюцца для Беларусі найніжэйшымі сярод краінаў рэгіёну, але маюць далей расьці наступныя гады. Узамен за льготныя цэны на газ і нафту Беларусь усе апошнія гады знаходзілася ў васальнай залежнасьці ад Расеі і праводзіла палітыку русіфікацыі і канфрантацыі з Захадам.

Зварот да Расеі, якую ўсе апошнія месяцы беларуская прапаганда абвінавачвала ва ўсіх грахах, азначае яшчэ й правал спробаў знайсьці крэдытныя рэсурсы ў дастатковым памеры ў банках Эўропы й Кітаю.

Ня выключана, што ўзамен за крэдыт краіне прыйдзецца пайсьці на чарговыя эканамічныя саступкі Расеі. Нагадаем, што ўзгадненьне зьніжаных цэнаў на нафту Масква абумовіла саступкамі Беларусі па сарака іншых таварных пазыцыях. У выніку ў цяжкім становішчы аказаліся беларускія цукраварні, бровары, мясаперапрацоўка, а самае галоўнае – беларускія тавары выціскаюцца расейскімі з розьнічнага гандлю ў самой Беларусі. У доўгатэрміновай пэрспэктыве гэта можа аказацца для беларускай эканомікі больш забойча за дарагоўлю паліва.

* * *

Чытайце камэнтары да тэмы ў рубрыцы "Камэнтары" нашага сайту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?