Дасьледчыка сталінскіх рэпрэсіяў Ігар Кузьняцоў 22 лютага паведаміў, што міліцыя адмовілася ад распачынаньня крымінальнай справы па факце разбурэньня «лавы Клінтана» ў Курапатах.
Кузьняцоў атрымаў з Бараўлянскага аддзелу міліцыі пісьмовы адказ на сваю заяву — «не было ўстаноўлена дастатковых зьвестак, што ўказваюць на прыкметы злачынства», сьцьвярджаецца ў тым адказе, а ў сувязі з гэтым «устанавіць асобу, якая пашкодзіла мэмарыяльную лаўку, а таксама сьведак таго, што здарылася, не ўяўляецца магчымым».
Паводле Кузьняцова, зараз грамадзкасьці бессэнсоўна зьвяртацца ў міліцыю па пытаньнях забесьпячэньня ўрочышча Курапаты:
— Такім чынам, — дадаў ён, — вандалы атрымалі магчымасьць беспакарана ўчыняць у Курапатах любыя правапарушэньні і злачынствы.
Кузьняцоў нагадаў таксама, што некалькі гадоў таму ўлады адкінулі таксама прапанову грамадзкасьці, якая прапанавала, што сама арганізуе ахову ўрочышча.
Мэмарыяльны знак у Курапатах «Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі народу Беларусі дзеля памяці» ўстанавіў у 1994 годзе прэзыдэнт Біл Клінтан — з таго часу вандалы апаганьвалі гэты знак 11 разоў. Праваахоўныя ворганы ні разу ня выявілі злачынцаў.
Фота photo.bymedia.net