«Дзень добры, зноў у прамым эфiры Павел Рудзеня. Гэта "Мясцовае радыё". Сёння мы будзем тэлефанаваць розным людзям — пытацца, што яны зрабiлi б, калi б знайшлi 300 тысяч еўра, як гэта здарылася з адной жанчынай з Расii. Яна знайшла ўладальнiка гэтых грошай i аддала яму знойдзенае. А што зрабiлi б жыхары нашай краiны?» — з такiм пытаннем да слухачоў са сваёй уласнай кватэры ў прамым эфiры звяртаўся малады дзi‑джэй. Канешне, ён такiх грошай, мабыць, нiколi ў сваiм жыццi не ўбачыць. Ды ён наогул нiколi i нiчога не ўбачыць...

...24 жнiўня ў 23.50 нарадзiўся хлопчык. Усё было добра: дзве рукi, дзве нагi. Але праз чатыры месяцы мацi заўважыла, што дзiця не рэагуе на тое, што адбываецца навокал. Ён сляпы. Дактары толькi разводзiлi рукамi: i мацi бачыць, i бацька, i старэйшая сястра, а хлопец — не. Мацi Паўла толькi потым выказала думку, што, можа, гэта ўсё здарылася з‑за мужа, якi шмат бiў яе i некалькi разоў моцна пападаў i па жываце, дзе ужо жыў маленькi чалавечак...

«Мне з самага дзяцiнства жылося цяжка, — распавядае Паша. — Бацька шмат пiў. Мацi дзень i ноч працавала, каб пракармiць нас з сястрою. Калi мне было дзесяць гадоў, бацька памёр».

Паша з самага нараджэння не адчуваў сябе нейкiм iншым, не падобным да другiх дзяцей. Хоць i вучыўся ў спецыялiзаванай школе ў Гродне, шмат часу праводзiў з суседскiмi дзецьмi. Катаўся на веласiпедзе, лазiў па дрэвах i ўсё рабiў так, як робяць простыя хлопчыкi. У школе вучыўся выдатна.

«Яшчэ ў школе мы з сябрамi самi зрабiлi радыё. Ужо тады я зразумеў, што гэтым i хачу займацца ўсё жыццё. Потым, калi скончыў школу, вырашыў зрабiць сваю мару яўнай», — гаворыць Паша.

Але гэта ж няпростая справа — стварыць радыё. Трэба iсцi ў Мiнiстэрства iнфармацыi, атрымлiваць лiцэнзiю. I Паша пайшоў. Спачатку яму сказалi, што трэба сабраць подпiсы жыхароў дома. Ён сабраў: усе, акрамя трох чалавек, з задавальненнем слухалi б свайго дзi‑джэя. Потым сказалi дабыць подпiс начальнiка ЖЭСа. Хлопчыку i гэта ўдалося. Аднак пасля гэтага ў мiнiстэрстве Пашы паказалi на дзверы i сказалi, што гэтая хваля iм самiм патрэбна. Вось так наша дзяржава дапамагае моладзi!

«У нашай краiне вельмi цяжка жыць. Я маю iнвалiднасць першай групы. Пенсiя па iнвалiднасцi складае 160 тыс. у месяц. Я ж не працую. Бывае толькi граю ў пераходах з сябрамi. Я пяць гадоў вучыўся па класе трубы. Трэба ж неяк мацi дапамагаць...» — распавядае пра сваё жыццё Паша.

Але ён нiколi не ўпадае ў дэпрэсiю. Вось ужо некалькi год у Курасоўшчыне ў прамы эфiр выходзiць нелегальны дзi‑джэй са сваiм нелегальным «Мясцовым радыё». Яго студыя — гэта маленькi пакой‑спальня. У студыi «Мясцовага радыё» вельмi часта збiраюцца знакамiтыя госцi — Iна Афанасьева, «Тяни‑Толкай», Алеся. Многiя дапамагаюць i матэрыяльна.

"Асаблiва мне дапамог i дапамагае Аляксандр Цiхановiч, — гаворыць Паша. — Калi б ён не даваў грошай, мабыць, зараз i не было б майго радыё. Але ёсць, канешне, i тыя, хто нават размаўляць са мной не хоча. Шмат разоў зваў да сябе групу "Лепрыконсы" цi Кiрыла Слуку, а мне толькi кажуць, што вось калi я буду вяшчаць на ўвесь Мiнск, тады яны падумаюць".

Зараз жа Паша Рудзеня марыць аб працы на якой‑небудзь нацыянальнай радыёстанцыi. I аб тым, каб калi‑небудзь стварыць радыё — з вялiкiмi студыямi, з сапраўдным штатам журналiстаў. "I хто ведае — можа, калi‑небудзь мае мары спраўдзяцца..." — загадкава ўсмiхаецца Павел.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?