Філёзаф і багаслоў, аўтар кнігі "Паўстаньне Беларусі" адказваў на Вашы пытаньні ў рэжыме рэальнага часу з 16:00 да 18:00.

Станіслаў

Прабачце, сп. Пётра, але пытаньне крыху канфэсыйна‑фармальнае. Нарадзіўся ў Беларусі, жыву ўва Ўкраіне. Мой тата і дзед былі хрышчаныя ў Касьцёле (прасачыў радавод да 18 ст. ‑‑ таксама, хаця і вуніяты ёсьць). Мяне ўва ўзросьце 4 гады храсьцілі праваслаўным (мяне не пыталіся). Я паважаю праваслаў’е, але гэтая канфэсыя дакладне не мая. Ну ня маю да яго атаесамленьня, хоць забіся! Дый катэхеза мне бліжэй дзядоў. У горадзе, дзе мешкаю цяперака, знайшоў Касьцёл, растлумачыў сытуацыю пробашчу. Культурны чалавек, зразумеў (ордэн сьв. Яўгеніюша). Той кажа ‑‑ маўляў, хадзі на імшу, але на сакрамэнты пакуль права ня маеш, а там будзьма глядзець. Нашага пробашча перавялі ў Кацапію, цяперака новы пробашч, які быў вікарным, кажа, што як мяне храсьцілі праваслаўным, дык трэба прымаць новы хрост. Згадка пра булу агульнавядомую Папежа 16 ст., якая вызнае любы хрост, ім не прымаецца. Дый ад слова «Беларус» ён з твару мяняецца. Сказаў нешта кшталту ‑‑ «Няма беларусінаў, іх саветы прыдумалі». Пшэк з Кракава, прабачце. Я разумаею, што няма «ані эліна, ані юды», але калі ксёнз зневажае маю нацыянальную годнасьць, гэта пагана. Пытаньні. 1. Ці маю я права на сакрамэнты? 2. Ці маю я права паскардзіцца на такога ксьёндза? 3.Ці магу я саманазывацца каталіком. Бежмаваньне не прайшоў. Прабачце, мо я старамодны, але на Браслаўшчыне, адкуль мы (край Марыянаў), такое лічыцца непрымальным. Дзякуй.

***

Шаноўны Станіслаў,

Ксяндзы‑цемрашалы – яны і ў Афрыцы цемрашалы. Перавыхоўваць іх – шкода часу. Важна ў гэтай сытуацыі тое, што вы імкняцеся ісьці за голасам сумленьня. Рабіце так і далей.

Адказваю на вашы пытаньні. Так, вы маеце права прымаць усе сакраманты, акрамя сакраманту сьвятарства ў Каталіцкай царкве маеце права паскардзіцца, тым больш, што, як здаецца, ксёндз, пра якога вы кажаце, дапусьціў ерась, бо не прызнае праваслаўнага хрышчэньня (гэта супярэчыць веры Каталіцкае царквы) пакуль вы фармальна не перайшлі на каталіцызм, зь юрыдычна гледзішча не зусім маеце права называцца каталіком. Чаму вы кажаце «бежмаванья не прайшоў»? Калі вы хрышчаны ў праваслаўі, значыць, вы ўжо бежмаваны, бо там хрост і бежмаваньне спалучаны, і гэта таксама прызнаецца Каталіцкай царквою.

Калі жадаеце цалкам перайсьці на каталіцызм, дык вам трэба знайсьці талковага ксяндза і перад ім вызнаць Сымбаль веры (які, зрэшты, у 99% тоесны з праваслаўным). Хай Бог вас бласлаўляе!

Ulryk

Вітаю, спадару Пётра! На Вашу думку, хрысьціянства і беларуская культура сумяшчальныя? Як канфесіі на Беларусі могуць зважаць на беларускую культуру? Чаму дамінуюць культуры суседзяў? І якія перспектывы разьвіцьця беларускай хрысьціянскай культуры ёсьць сёньня? Дзякуй!:))

***

Ад часоў Рагвалода хрысьціянства і крывіцка‑дрыгавіцка‑радзіміцкая культура ня толькі сумяшчальныя, але і ўзаемна пераплеценыя.

«Як могуць зважаць?» Гм... хіба недафармуляванае пытаньне.

У Беларусі дамінуе нэасавецкая культура. Гэта не зусім культура «суседзяў», яна ў значнай ступені «нашая», хоць гэта, канечне ж, марная культура. А чаму яна дамінуе, бо не сфармаваўся ў беларусаў маральны хрыбет.

Дзесьці ад другой пал. 90‑ых наступіла пэўная «стабілізацыя» ў разьвіцьці бел‑хрысьц.‑культуры. У найбліжэйшы час «спаду» ці «ўздыму» гвалтоўнага ня будзе. Улічваючы, што з‑за мяжы вяртаюцца сьвятары і сьвецкія з навуковымі ступенямі ў багаслоўскіх галінах, цалкам магчыма, што чакае нас «інтэлектуалізацыя» хрысьціяства, магчыма, паволі пачне фармавацца якаясь багаслоўская эліта. Гэта тычыцца ўсіх канфэсіяў.

alexanderburakov

Ці могуць беларускія каталікі што‑небудзь супрацьпаставіць такой зьяве, як накіраваньне харызматычных ксяндзоў‑беларусаў, што маюць надзвычайную папулярнасьць сярод моладзі, у ссылку ў Зімбабвэ (рэальная гісторыя)? І чаму ў Італіі не называюць РЫМА‑каталікоў палякамі (жарт)? Ці не падаецца Вам, што ...»Solo Scriptura»... Кальвіна перакрэсьлівае ўсе спрэчкі «а‑ля» выкладзеныя Станіславам?

***

Я ня ведаю такіх ксяндзоў‑беларусаў, якія былі б гвалтам «сасланы» ў Зымбабвэ. Хай Бог крые. А калі ксяндзы самі прабуюць такога шчасьця, дык што ж тут зробіш.

Ёпс

Раскажэце падрабязна пра сябе. Адкуль вы і як вы дайшлі да такога жыцьця (гэта значыць манаскага паслушэнства, як мы чулі, і пісаньня па‑беларуску)

***

Ах, шаноўны Ёпс, падрабязна тут не атрымаецца, магу толькі коратка. Я зь Віленшчыны, нарадзіўся ў Канвэлішках (гэта беларускі бок). Да «паслушэнства» я дайшоў паступова. Хацеў нейкіх ідэалаў. Гэтае хаценьне павяло і павяло, вось у выніку я й дайшоў «да такога жыцьця». «Паслушэнства» для мяне – гэта ўменьне слухаць і чуць, як сама этымалёгія слова гаворыць У гэтым сэнсе паслушэнства – гэта адзін з ідэалаў. Але часам паслушэнства атаесамляецца зь безумоўным падпарадкаваньнем чыёйсьці волі. Калі так разумець паслушэнства, то тады я вельмі непаслухмяны. Унураная свабода і незалежнасьць – арганічна важныя для мяне.

Беларускасьць я сустрэў у сваёй душы. У дзяцінстве я пісаў вершы і прозу (для вузкага кола сяброў). Спачатку па‑польску (напісаў дзесьці 800 старонак усяго). Потым па‑расейску. А потым пад нейкім дзіўным натхненьнем напісаў нешта па‑беларуску. І тады я адкрыў, што ў гэты момант не пішу, а дыхаю. Ясна, што тое, што я тады пісаў па‑белар.ня мае ніякай мастацкай вартасьці, але важна тое, што я тады ўсьвядоміў, што ў прасторы беларускае мовы я пачуваюся як рыба ў вадзе. А ў прасторы якой‑кольвечы іншай мовы – як рыба ў кампоце. Дрэннавата, гэта значыць.

тт

Ці прыгожыя Канвелішкі, у якіх нарадзіліся? Бо назва вельмі прыгожая. Адкуль яна пайшла? Хто Вашыя бацькі? Ці ёсьць браты, сёстры?

***

Ох, як быццам бы і нічога асаблівага няма ў гэтых Канвэлішках, а так люблю я іх, што здаюцца найпрыгажэйшымі ў сьвеце! Назва Konveliskes, літоўская, канечне ж, хоць у літоўскіх крыніцах можна стрэць Kauleliskes (немавед чаму, бо kaule – гэта косьць, а якія там у нас косьці). А «Канвэлішкі» паходзяць, найвідавочней, ад «канваліяў», ландышаў, знача. Бацькі мае – Марыя і Ян, былыя рабочыя, цяпер пэнсіянэры. Рудкоўскія – гэта найвідавочней зьбяднелая шляхта, якая на момант пачатку ХХ ст. ужо толькі служыла то тут, то там у польскіх паноў. Бацькі нарадзіліся йшчэ ў ІІ Рэчы Паспалітай. З‑за вайны не змаглі атрымаць нават базавай адукацыі. Скончылі па тры клясы. Але іх нераскрыты патэнцыял часам выходзіць наверх, асабліва ў маці. Яна на працягу двух дзён можа напісаць цэлы сшытак вершыкаў на выпадак, калі трэба павіншаваць ксяндза з імянінамі або урачыста стрэць біскупа. Вершыкаў простага, канечне, зьместу, але з рытмам і рыфмай амаль бездакорнай. Ёсьць адзін брат, першародны сын маіх бацькоў, тры сястры і я, «замыкаючы лона». Я нарадзіўся позна, калі бацькам было ўжо за сорак.

Бірута Янкевіч

Вітаю, спадар Пётра, Як Вы лічыце, ці магчымая (у сэньсе не гепатэтычнае але рэальная) істотная падтрымка нейкімі сучаснымі каталіцкімі ордэнамі вуніяцкай царквы ў Беларусі? Хіба нічога б з яе сур’езнага не атрымалася, каб не Езуіты ў Беларусі напрыканцы 16 — у 17 стагоддзі. Проста цікава як Вы да гэтага ставіцеся, бо з Вашымі ведамі, Вы хіба маглі б выхаваць аднога‑дзьвух Куньцэвічаў? Дзякуй за тое, што Вы пішыце. Поспехаў Вам.

***

Шаноўная Бірута,

На дадзены момант каталіцкія ордэны самі ходзяць на кастылях па няпростым беларускім грунце. Дык «істотнай падтрымкі» хіба ў найбліжэйшы час ані рэальна, ані гіпатэтычна ня будзе. А калі гаварыць пра «неістотную» падтрымку, то ёсьць. Вось у Віцебску доўгі час ужо ў дамініканскіх памяшканьнях жыве грэка‑каталіцкі сьвятар са сваёй сям’ёй.

Не, выгадаваць Кунцэвічаў я б ня змог і не хацеў бы. У наш час патрэбны вялікія экумэнічныя дзеячы, а не Кунцэвічы. Бо чым займаліся б Кунцэвічы? Навяртаньнем праваслаўных на ўніяцтва? КАтэгарычна супраць. Нам патрэбна перадусім духоўная еднасьць, а не інстытуцыйная.

Дзякуй Вам таксама. Трымайцеся.

Siabruk

Chwala Chrystu, wialebny ojcza Piotra! Pachodzhu sam z niewialikaj wioski, starajusia blizhej spaznac Boha, samoha siabie i inszych ludziej. Adnaczasowa zjaulajusia wialikim amataram bielaruskaj mowy. Starajusia stala razmaulac pa‑bielarusku, tym samym zaachwoczwajuczy inszych. Na zhal, nie zausiody spatykaju zrazumennie z boku katalikou‑adnawiercau. U majoj wioscy usie nazywajuc mianie BNFaucam. Kryszku kryudna i dusza balic. Nie paraicie, jak zachawac duszeunuju raunawahu i lubou da blizkich, kali uwies czas czujesz z ich boku schawanuju unutranuju ahresiju? U nas wielmi lohka stac abjektam plotak, ale ciazhej naszmat, kali jany zakranajuc blizkich. Dy i backi mianie zusim nie razumiejuc. Kazhuc, nawoszta sam sabie uskladniaju zhyccio, buntujusia, kali maju szto jesci. Na parafiji ksiodz‑palak uwodzic pastupowa rasiejskuju mowu. Dawoli dobra jaje wywuczyu. Dy i bielarysy‑ksiandzy z susiednich parafij, widac, taksama dumajuc, szto pa‑bielarusku mozhna tolki z bydlam u chliewie razmaulac. Mozha paraicie, jak nie zharszacca, bo kali duchounuja lidery u malym wybirajuc lohki szlach (h.zn. swiadoma albo nie admaulajucca ad bielaruskaj mowy na karysc rusifikacyji), to ci u wialikim (h.zn. u paznanni Spradwiecznaha Boha) ich warta sluchac? Dziakuju i zhadaju Bozhaha Szczascia!

***

Дарагі Сябрук!

Мяркую, што вы даволі малады чалавек. У такім разе перадусім памятайце, што ў вас яшчэ ўсё на перадзе. Вас чакаюць вялікія і важныя справы, а цяперашнія выпрабаваньні — гэта важны этап у вашым жыцьці, які мае загартаваць вас. Такім чынам, застаньцеся вернымі свайму сумленьню і нічога ня бойцеся. Шукайце больш асабістага кантакту з Богам. Ён вам скажа, што рабіць.

Уявіце сабе, што дзесь 12‑13 год таму я быў дакладна ў такой жа сытуацыі, што і вы. Ніхто не разумеў маёй любасьці да Беларусі і беларускасьці, уключна з маімі бацькамі і дзяўчынай. І страшэнна балюча было, калі ксёдз пробашч выдумваў абсурдальныя прэтэксты, каб адмовіць маёй просьбе зрабіць хоць адно чытаньне, хоць раз у год (!) па‑беларуску. Але ўсё гэта, відавочна, трэ было перажыць і перажаваць. Але благаслаўлёны той, хто гарыць!

СБ

вы багата пішаце пра палітыку. пётра рудкоўскі, што піша пра палітыку, і пётра рудкоўскі, што прысьвяціў сваё жыцьцё Богу, не канфліктуюць паміж сабой?

***

А што значыць “прысьвяціць жыцьцё Богу”? Некаторым здаецца, што служыць Богу знача замкнуцца, адасобіцца і сьпяваць бясконца басам “Господу помолімся”. Але пачытайце сьвятую гісторыю. Маісей – той, хто пайшоў на службу да мадыяскага сьвятара. У пэўны момант перажывае тэафанію. Бог яму кажа: “Маісей, глядзі, народ мой церпіць. Ідзі і веведзі яго з эгіпецкага рабства”. Пачытайце кнігі прарокаў Ісаі, Ерэміі, іншых мудрацоў.

І любому з нас, веруючых, Бог можа сказаць: “Ідзі і дзейнічай!” І мне Ён сказаў: “Пётра, чаго ты тут усё кленчыш. Адкрый вочы й паглядзі: майму народу дрэнна. Што ты можаш зрабіць для яго???”

Ну і што я магу Богу адказаць? Калі я прысьвяціў жыцьцё Богу, значыць, мушу Яго слухацца, ці не? Калі Бог распаліў ува мне пэўныя ідэі і даў якісь талент, дык я магу толькі тое зрабіць, што буду верным гэтым ідэям і нейк служыць сваім талентам.

Так што ўва мне самім “палітыка” і “вера” гарманізуюць у найбольшай ступені.

Хоць тут ёсьць таксама момант напружаньня, прычым досыць сур’ёзнага напружаньня. Многія ўспрымаюць мае публікацыі і выступы як выступы прадстаўніка Касьцёла. А я не магу функцыянаваць у рамках “афіцыйнасьці”. Я пераважна гавару тое, што ў сэрцы, я не рэтрансьлюю тое, што біскупы ці ксяндзы сказалі ці пастанавілі. У сацыялёгіі ёсьць такі панятак – “карпаратыўная этыка”. Вось жа я неаднаразова парушаў гэту “карпаратыўную этыку”, крытыкуючы ці то ксяндзоў, ці герархаў. Гэта наводзіць мяне на досыць спэктакулярныя думкі – калі я не магу функцыянаваць у рамках “афіцыйнасьці”, ці ня лепш было б стаць звыклым хрысьціянінам, каб не ствараць пэўных нязручнасьцяў для Касьцёла? У гэтым чакаю якогась подыху, якойсьці падказкі ад Бога. Бо такая дылема сапраўды ёсьць.

Litvin

Вы хочаце касьцёлу? А рымскі касьцёл вечна польскі, нават расейскі і сёньня а ўчора той жа самы перманентны вораг незалежнага Вялікага Княства Літоўскага. Чытайце лісты і жыцьцяпіс нашага Князя Мікалая Радзівіла . Усё гэта ўжо было ў 16‑17 ст.ст.

***

Рымска-каталіцкі касьцёл - няпольскі і нерасейскі, а ўнівэрсальны касьцёл

louka

Brat, Piotr,a vos skazhycie tak pa ludzku, navoshta chalavieku byc xryscijaninam. druhoje pytannie‑ jak im byc.

***

Некаторыя філёзафы кажуць: chrestianitas et humanitas convertuntur. Чалавечае і хрысьціяскае паняткі ўзаемазамяняльныя. Хрыстос - гэта Бог-чалавек, які дапамагае нам быць поўным чалавекам

Быць хрысьціянінам - гэта перадусім любіць.

Ігар

Брат Пётра, ці выбіраецца беларускі Касьцёл паціху з польскасьці, найперш на Гарадзеншчыне, і ці не зьмяняе часам гэтую пальшчызну расейшчына;
якое Ваша стаўленьне да высылкі польскіх ксяндзоў з Беларусі і ўвогуле да іх прысутнасьці тут?;
як цяпер у беларускім Касьцёле з пакліканьнямі;
як прывесьці да Хрыста блізкага табе чалавека, душа якога вытраўлена атэістычнай прапагандай, без маральнага гвалту над гэтым чалавекам?

***

1. Што тычыцца касьцёла на Гарадзеншчыне, дык Вы вельмі добра акрэсьлілі Касьцёл выбіраецца з польскасьці паціху. Часам з розных прычын на месца пальшчызны прыходзіць расейшчына, але я ня думаю, што гэта дамінуючая тэндэнцыя. Што тычыцца ўсіх астатніх дыяцэзій, апрач Гарадзенскай, ды там беларускмоўная опцыя даволі выразная і хіба незваротная.

2. Стаўленьне да высылкі польскіх ксяндзоў вельмі неадназначнае. Прынамсі, некаторыя зь іх, недалюблівалі (мякка кажучы) беларускасьць. Хоць з гледзішча духоўнага адраджэньня, думаю, што прыносілі больш карысьці, чым шкоды.

3. З пакліканьнямі ў беларускім Касьцёле горш чым у Польшчы, але значна лепш, чым у Францыі, Нямеччыне, ці Ірляндыі - або іншых краінах Заходняй Эўропы "Прасіце Госпада, каб паслаў работнікаў на жніво сваё"

4. Перадусім малітвай і цярплівасьцю. Галоўнае правіла - рабіць гэта ненавязьліва, але час ад часу словам і прыкладам паказваць перспэктыўнасьць Хрыстовага Эвангельля.

МК

Хвала Хрысту ! шаноўны брат Пётр, якім чынам і калі могуць паўстаць у Беларусі каталіцкія навуковыя таварыствы ? У Літве, напрыклад, даўно існуе Kataliku Mokslas Akademija (калі не памыляюся з назвай), ды і ў любой еўрапейскай краіне з параўнальнай колькасцю каталікоў. Што тут першаснае: Касцёл не хоча апекавацца навукай, або вучоныя спрэс антыкаталіцкія ?

***

Навекі хвала! Перадусім "кадравая" праблема. Я ўжо папярэдне казаў, што паволі вяртаюцца з-за мяжы сьветлыя маладыя людзі з навуковымі ступенямі ў багаслоўскіх навуках і, магчыма, яны будуць субстратам нечага накшталт "Каталіцкай Акадэміі" або, што, больш рэалістычна аналягу польскага Клюбу каталіцкай інтэлігенцыі. Калі такая ініцыятыва ўзьнікне, то, ня думаю, што каталіцкі епіскапат яе заблякуе.

cikauny

Bracie Piotra, raspaviadzicie pra sluzhennie u Viciebsku, kali laska. Ci roz’nicca rechaisnas?’ ad taho, shto ujaulalasia, kali tolki jekhali tudy?

***

Уявіце сабе, што ў Віцебску пачуваюся намнога лепш, чым у Кракаве (адзіны недахоп - няма такой бібліятэкі і таго культурнага асяродку, што ў Кракаве, ну і па некаторых сябрах з Кракава сумую). А ў астатнім, у Віцебску маю амаль усё, што хацеў бы мець: працу са студэнтамі, навучаньне дзетак катэхізе, ну і пісаньне артыкулаў ў Архэ і Нашу Ніву.

Ігага

Пётра, нящжо Вам зусим ня хочацца жаницца?!

***

Занадта асабістае пытаньне, давайце дамовімся наступным чынам. Праз 50 год я выдам аўтабіяграфію і там Вы прачытаеце, ці хацелася мне жаніцца, ці не. : ))

nie_katalik

Piotra, jak Vy stavicesia da haladovak katalikou, zviazanych z vysialenniem polskich ksiandzou z Bielarusi? da haladovak pratestantau za svoj chram? u jakim vypadku vy sami pajshli b na haladouku?

***

Вы маеце на ўвазе галадоўку ў Юрацішках і Лаздунах? Я перакананы, што гэта была цалкам апраўданая галадоўка, асабіста ня ведаю, таго ксяндза зь Юрацішак, але веру, што ён шмат добрага зрабіў для сваіх авечак. Духоўна і малітоўна я падтрымліваў гэту галадоўку.

Што тычыцца галадоўкі пратэстантаў, то я быў перадусім станоўча ўзрушаны іхніым радыкалізмам і настойлівасьцю. Я б на галадоўку пайшоў бы, калі б мяне прымусіла сумленьне.

Ганна

Хто для Вас ідэал святарскага служэння?

***

Перадусім сьвятой памяці ксёндз Апалінар Зубялевіч, пробашч Канвеліскай парафіі, які мяне хрысьціў. Сьвяты чалавек. І ёсьць таксама шмат іншых сьвятароў, у тым ліку і ў Віцебскай дыяцэзіі, якія ў цяжкіх умовах будуюць касьцёлы, навучаюць людзей, і служаць Беларусі. Я не дарастаю да іхняга ўзроўню.

Андрэй

Пётра, ведаю, што Вы сёлета працуеце ў Віцебску і што Вы ўпершыню сутыкнуліся з Усходняй Беларусьсю. Як гэтая праца на ўсходзе Беларусі зьмяніла Вашы бачаньні? Што ва Ўсходняй Беларусі Вас найбольш уражвае? Што Вы чакалі, а што аказался ня так, як Вы ўяўлялі? Наколькі гамагеннаю Вам бачыцца Беларусь? Ці маем мы дзьве Беларусі, ці іх болей? Вельмі важнае адно з пытаньянў, зададзеных вышэй: як Вы ставіцеся да мэтады галадоўкі і ў якім разе на гэта варта ісьці?

***

Я пераканаўся, што падзел на Ўсходнюю і Заходнюю Беларусь намнога больш лагодны, чым падзел на Ўсходнюю і Заходнюю Украіну. Мабыць, слушна падчас адной з размоваў Дынько прыкмеціў, што Віцебск мае яшчэ з часоў царскай Расеі дысыдэнцкія традыцыі. Калі я ініцыяваў студэнцкія спатканьні, то на адной зь першых сустрэч зрабіў апытаньне наконт пажаданай мовы на спатканьнях. І што вы думаеце? Большасьць гэтых "усходнікаў" аддала перавагу беларускай мове. Беларусь дыфірэнцыяваная, і ідэалёгічна і палітычна падзелена, але не настолькі, каб можна было гаварыць пра "дзьве ці болей" Беларусі. Яна адна, а мы дапамагайма яшчэ больш беларусам наблізіцца адзін да аднаго.

Наконт галадоўкі, я хіба ўжо адказаў і магу толькі ўдакладніць, што на галадоўку трэба ісці толькі тады, калі кліча сумленьне. Нельга ісьці зь якіхсьці палітычных калькуляцый.

janak

Што Вы думаеце пра партугальскі рэфэрэндум аб легалізацыі абортаў? Якія вымалёўваюцца тэндэнцыі па гэтым пытаньні ў Эўропе? Europa — the Gates of Hell?

Вельмі балюча ўспрымаю такога тыпу рэфэрэндумы, балюча па дзьвюх прычынах. Па-першае, гэта адна з праяваў лібэральнай дэмакратыі, якую ўсё ж такі паважаю. З другога боку гэта хіба той прыклад, калі адбываецца "самаатручваньне адкрытага грамадзтва", як казаў філёзаф Лешак Калакоўскі. Жыцьцё чалавека ад зачацьця і да канца - сьвятое.

Тым ня менш я б асьцерагаўся дэманізацыі Эўропы. Чалавецтва цягам усёй сваёй гісторыі пазначана рознымі грахамі і тым ня менш нельга пасьпешліва акрэсьліваць тую ці іншую частку чалавецтва "Варотамі Пекла". Тэндэнцыі ў Эўропе, хутчэй, несуцяшальныя ў гэтым пляне. Думаю, што ў будучым будзе, на жаль, нарастаць тэндэнцыя дрэнна зразуметай "лібэралізацыі". Але гэта выклік для тых, каму важныя духоўныя каштоўнасьці, а выйсьці насустрач гэтаму выкліку не магчыма, дэманізуючы Зах. Эўропу.

tulyaha

Як Вы ставіцеся да кнігі Паўла Севярынца «Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі» з канфэсійнага й тэалягічнага гледзішча?

***

Я вельмі ўдзячны Паўлу Севярынцу, што ён спрычыніўся да наданьня хрысьціянскага характару нацыянальнаму адраджэньню, інакш кажучы, ён дазволіў Хрысту ўвайсьці ў нашу культуру і ў наша жыцьцё. Але думаю, усё ж, што яго публіцыстыка занадта перанасычана рэлігійнай фразэалёгіяй. Калі такой фразэалёгіі зашмат, то яна баналізуецца. Становіцца чымсьці звыклым і звычайным. Хрысьціянства - гэта фэрмэн, а фэрмэнту не павінна быць зашмат. Дастаткова крышачку.

лабас

як там дзялы ў Канвелішках? Як народ жыве? Як гаспадарка?

***

У Канвелішках рэдка бываю. Апошні раз быў паўмесяцы таму, на 70-годзьдзе маці. Народ разьвіваецца. Канвелішкі належаць да пэрспэктыўных мястэчак.

ЗІПП

На публікацыю ў блоґу вы адказалі публікацыяй у часопісе, хоць маеце свой блоґ. І гэта тле ўсё мацнейшай капітулацыі друкаваных выданьняў перад блоґамі! Скажыце, калі ласка, з Вашага гледзішча, блоґ — гэта неда- што?

***

А якія вы прапануеце крытэры "капітуляцыі"? У блогах я зазвычай ахвотна размаўляю, але пры ўмове, што атмасфэра добрая і здаровая, а калі бачу, што размова ў блогах нагадвае сварку разьюшаных чалавекаў, дзе ані аргумэнты, а ні рацыянальны аналіз не маюць ніякага значэньня, то тады я добраахвотна эвакууюся.

Рота Ч.А.

Бібліяй па-беларуску ў якім перакладзе Вы карыстаецеся?

***

Мне вельмі падабаецца пераклад Біблійных чытаньняў, зроблены каталіцкай літургічнай камісіі (хоць гэта і існуе ў студыйнай вэрсіі -- пакуль што), на другім месцы - пераклад Сёмухі, на 3-м - а. Чарняўскага і г.д. Але калі мэдытую над Біблійным тэкстам, то чамусьці мне больш пасуе расейскі пераклад або лацінскі, ну і канечне грэцкія арыгіналы.

Андрей

Бр.Петр, планируете ли Вы стать священником в ближайшее врями?

***

Гэта вельмі далікатная справа. На дадзены момант у мяне ёсьць пэўны бар'ер перад сьвятарствам, спрабую распазнаць Божую волю.

czyk

У Віцебску адбудавалі царкву ля Ратушы. Адбудоўваецца сабор на Ўсьпенскай Горцы. А пра касьцёл, на месцы якога стаяць тры голыя красуні-камсамолкі, няма ні згадкі, а гэтыя ж храмы разам з ратушай стваралі непаўторны ансамбаль.Як вам зблізку здаецца, ці мае касьцёл шанец адрадзіцца, ці "Тры ракі" — на вякі?

На дадзены момант атрымаць дазвол на будову новага касьцёла - справа нерэалістычная. Дай Божа, дабудаваць тыя касьцёлы, будова якіх ужо распачатая.

Юрась Бусел

Сп. Пётра! Некалькі год таму вырашыў я пісаць курсавую працу па філязофіі (і напісаў такі) і сутыкнуўся зь цяжкасьцямі пошука інфармацыі на роднай мове, а таксама ў адмысловым тэрміналягічным апараце гэтае дысцыпліны па-беларуску. Як на Вашую думку, ці дастаткова распрацаваны беларускамоўны тэрміналягічны апарат навукі філязофіі? І якія пэрспектывы філязоўскае навукі Беларусі? Дзякую.

***

У мяне асабіста няма асаблівых праблем з філязафаваньнем па-беларуску. Абы толькі былі філёзафы - беларуская мова выйдзе ім насустрач. У справах філязафічнай беларускай тэрміналёгіі рэкамэндую Юрася Пацюпу.

Пацан

Ці ўжываеце мацюкі?

***

Бывае

Vavzhyniec

Pachnvaliony Jezus Chrystus. Smat chto z ksiandzou, pachodzannia bielaruskaha ,jak pryklad ciapierasni dyjakan Astravieckaha rajonu rodam z Mastou, ale, zviou na niet biel.imshu u samym Astraucy -pastaviu u nievyhodny chas i sama imsha viadzecca na 2-ch movach, chasam zdajecca penknie ad napruhi, jak strajecca z "varshauskim akcentam". choc biel.movaj valodaje daskanala. Shto heta nievuctva ulasnaje? ci ruka Kashkievicha?

***

Разумею Ваш боль і абурэньне. Я ўжо неаднойчы пісаў пра "польскае пытаньне" ў Гарадзенскай дыяцэзіі. Не, гэта не "рука Кашкевіча", а папросту заганны этас, устойлівы кансэнсус пасярод большасьці каталіцкага духавенства на Гарадзеншчыне, наконт таго, што трэба любой цаной захаваць польскасьць у касьцёлах. І захоўваюць яны гэту польскасьць такім мэтадам, які адпавядае іхняй асабістай культуры - мэтадам прыніжэньня беларускай культуры.

Vytautas

В Литве сушчествует довольно многачисленнае языческое движение - Ромува, а как Вы относитесь к идеям возраждения дохристиансокй религии в Балтарусии?

***

Дахрысьціянская рэлігія мела характар ідалапаклонства, у чым нічога цікавага ня бачу. Некаторыя форты этнічнай культуры, канечне ж вартыя ўвагі, але пры ўмове, што ім не надаецца якоесь рэлігійнае значэньне.

Сьцяпан

А чо за матыў з Бабковым і ўсімі гэтымі разборкамі? Ясны пень, што Бабкоў шызьню піша, прытым сьпісаную аднекуль, толькі ў чым завязка канфлікту была? Я проста першыя серыі прапусьціў, а цяпер цяжка ўзнавіць агульную панараму канфлікту. Дайце ссылку, пліз.

***

Перачытайце апошнія нумары Архэ: www.arche.bymedia.net.

Бабкова я паважаю і ў значнай ступені разумею стуацыю, у якую ён трапіў. Ён рабіў і робіць шмат добрай справы. Але яго праблемай было і ёсьць тое, што ён палічыў сябе адзіным і па-за крытыкай.

Сьцяпан

Шаноўны Пятро, ці не здаецца Вам, што ў стаўленьні нацыянальнага асяродзьдзя да Касцьёла і наадварот існуе крыху анахранічная дыстанцыя і шэраг перасудаў. У прынцыпе Касьцёл павольна, але стабільна і незваротна беларусізуецца, наша мова фактычна становіцца літургічнай, што надае ёй зусім іншае вымярэньне, сацыяльнае вучэньне Касьцёла увасабляе найлепшыя грамадзянскія каштоўнасьці. Карцей, ці ня варта Касцёлу і грамадзянскай супольнасьці больш цаніць адно аднаго?

***

Учора я выступаў на канфэрэнцыі "Беларусь и Большая Европа" з дакладам на тэму "Ролі рэлігіі ў геапалітычным самавызначэньні беларусаў". Тыя пытаньні і рэплікі, якія прагучалі пасьля дакладаў, здаецца, пацьвярджаюць Вашую тэзу шэрагу перасудаў. Але хацеў бы тое-сёе ўдакладніць у тым, што Вы кажаце. Адносна вялікая ступень уплыву (хоць можа і недастатковая) назіраецца ў сфэры нацыянальнага адраджэньня. Намнога меншая ступень уплыву ў справе пабудовы грамадзянскай супольнасьці. Сацыяльнае вучэньне Касьцёла (і Царквы) сапраўды ёсьць і яно даволі прадуманае і адаптаванае да сучаснасьці. Але пакуль што ў Беларусі яно толькі на паперы. Духоўныя ўлады - як праваслаўнай, так і каталіцкай цэркваў - ня маюць дастатковай маральнай кандыцыі і адпаведных кадраў , каб прасоўваць гэтае сацыяльнае вучэньне. Так, варта Касьцёлу і грамадзянскай супольнасьці больш цаніць адзін аднаго.

уэб-рэдактар Наша онлайн-канфэрэнцыя скончана. Дзякуй усім за пытаньні.

Пётра Рудкоўскі нарадзіўся ў 1978 г. у Канвелішках (Воранаўскі р‑н Гарадзенскай вобл.). Скончыў Ягелёнскі унівэрсытэт. Сталы аўтар «НН» і часопісу Arche. Ляўрэат прэміі Arche «За сумленнае слова» (2005).

Два тыдні таму ў «Кнігарні «Наша Ніва» выйшла ягоная кніга «Паўстаньне Беларусі».

Папярэдняя онлайн-канфэрэнцыя прайшла з галоўным рэдактарам "Нашай Нівы" Андрэем Скурко

Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0