Аляксандр Лукашэнка 6 лютага прыняў з дакладам дзяржсакратара Рады бяспекі Леаніда Мальцава і міністра абароны Юрыя Жадобіна.

«Мяне цікавіць сітуацыя ва Узброеных Сілах, мадэрнізацыя арміі, колькасці ў тым ліку, пытанні фінансавання. Другі напрамак, які нам неабходна абмеркаваць, — кадры, грашовае забеспячэнне. І самае галоўнае пытанне — будаўніцтва жылля для вайскоўцаў. Мы дамаўляліся аб выпрацоўцы пэўнага алгарытму ў гэтым пытанні, — сказаў Лукашэнка. — У сувязі з гэтым у нас ёсць дамоўленасць з прэзідэнтам Расіі.

Я яму накіраваў ліст аб неабходнасці пошуку для беларускіх вайскоўцаў дадатковых сродкаў за кошт розных напрамкаў супрацоўніцтва Беларусі і Расіі. І ён паабяцаў дапамагчы ў гэтым плане» .

Як адзначыў Лукашэнка,

у дзвюх краін практычна супольная армія і задачы, якія стаяць перад ёй. Але памер грашовага забеспячэння ваенных Беларусі і Расіі адрозніваецца. Такое становішча мае быць зменена,
запатрабаваў ён.

Міністр абароны Юрый Жадобін праінфармаваў, што ў цэлым Узброеныя Сілы выконваюць задачы, пастаўленыя перад імі. У лістападзе мінулага года праведзены чарговы прызыў грамадзян на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве. Леанід Мальцаў адзначыў, што Узброеныя Сілы павінны ўмець супрацьстаяць выклікам і пагрозам у сучасных умовах. Неабходна, каб гэтай задачы адпавядалі іх арганізацыйна-штатная структура, узбраенне, узровень падрыхтоўкі.

Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць пытанне павышэння грашовага забеспячэння не толькі ваеннаслужачых, але і супрацоўнікаў усяго сілавога блоку. Акрамя таго, дадзена даручэнне вырашыць задачу па забеспячэнні ваеннаслужачых жыллём, у тым ліку службовым, у вайсковых гарадках.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?