Вечарам 3 лютага ў лесе ля вёскі Яцкава Валожынскага раёна работнiкi міжраённай стаўбцоўскай інспекцыі па ахове жывельнага і расліннага свету пры прэзідэнце РБ знайшлi целы трох зуброў без галоваў.

Начальнік Валожынскага раённага аддзела следчага камітэта Віталь Юрэвіч паведаміў, што галовы былі схаваныя недалёка ад цел.

Міліцыя затрымала двух работнікаў валожынскай лясной гаспадаркі, якія могуць мець дачыненне да незаконнага палявання.

Па словах Віталя Юрэвіча, аднаго работніка лясгаса па падазрэнні ў дачыненні да злачынства затрымалі ў суботу, другога – у нядзелю. Цяпер яны даюць паказанні па незаконным адстрэле жывёл у рамках узбуджанай крымінальнай справы па незаконным паляванні, здзейсненым у буйным памеры.

Паводле папярэдніх дадзеных, валожынскія леснікі суправаджалі групу расійскіх паляўнічых, адзін з якіх і страляў па зубрах.

Затрыманыя цяпер знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання. Вырашаецца пытанне па заключэнні іх пад варту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?