Выхад у лясную дзялянку — нібы першыя кадры з блёкбастэру «Глядыятар». Надзяваеш каску, быццам шлем, распраўляеш плечы ў зімовай амуніцыі, у руках баявая сякера, за сьпінай ляскат брані (гусенічны трактар) — і пад ціхі сьнег спускаесься да яловага ўзьлеску, дзе ў гушчары цябе пільнуе пагрозьлівая цемра.

Тут, у беларускім партызанскім лесе, ты можаш адчуць сябе дружыньнікам князя Ўсяслава, можаш — ваяром Вітаўта, можаш — селянінам з Іванску, які ў 1564-м пад Чашнікамі засёк маскоўскага ваяводу Шуйскага, можаш — паўстанцам Каліноўскага... Ты ўрубаесься ў гушчыню зваленых дрэваў, сячэш сучкі ды верхавіны, ажно да праўдзівага ваяўнічага ражу, крышыш ворага ў капусту... І раптам ачомваесься: гэтак жа сьпехам, сьціснуўшы зубы, мы абсякалі гольле з паваленых дрэваў у Курапатах, уначы пасьля атакі спэцназу. Ставілі новыя крыжы замест раструшчаных бульдозэрамі.

Тыя з маладых абаронцаў, хто пазьбег арышту падчас сутычак ды аблавы, сабраліся тады ля разбураных амонаўцамі намётаў. Некаторыя адчайна крычалі: «Да зброі! За сякеры — і на амон!..» Хрысьціяне настаялі: ставіць наноў крыжы і станавіцца самім.

Усю ноч мы абчэсвалі ствалы, секлі на папярэчыны, зьбівалі ў крыжы, перавязвалі вяроўкамі, капалі ямы... Ох, і цяжка было падымаць тыя крыжы! Нараніцу і будаўнікоў, і тэлевізійнікаў, і амон сустракалі дзясяткі новых крыжоў і жывы ланцуг абаронцаў. Сячэш з пляча, адвальваеш убок гольле, якое сьцябае па твары, прарубаесься далей — і згадваеш байцоў-маладафронтаўцаў, якія былі тады, у курапацкім хвойніку, поплеч — стаялі з крыжамі, сядзелі ў намёце, цясьніліся на нарах — а цяпер пад «крыміналкамі».

Артура Фінькевіча, які падчас кампаніі «Беларусь — у Эўропу!» аб’езьдзіў з агітацыяй дзясяткі мястэчак ды вёсак, пасьля вулічных акцыяў правёў на «сутках» больш 4-х месяцаў, а цяпер на Валадарцы, дзе за надпіс «Мы хочам новага!» можа атрымаць да шасьці гадоў.

Зьмітра Касьпяровіча, які яшчэ 16-гадовым хлопчыкам пратрымаўся рэкордныя 22 кілямэтры на прабегу за свабоду Шыдлоўскага й Лабковіча, якому пару гадоў таму міліцыянты адбілі рукі й ногі за «Горад — наш!» на Залатой Горцы, які цяпер у ізалятары.

Паўлюка Красоўскага, які вывозіў з Жодзіна па дваццаць-трыццаць маладафронтаўцаў на кожную буйную менскую маніфэстацыю, чакае суду за «зьнявагу дзяржаўных асобаў...».

Сячэш і сячэш, да зьнямогі, да апошняга сучка, каб пазбавіць думкі ад другаснага, лішняга і пакінуць толькі стрыжань, ствол... Загатоўку для агромністага крыжа.

Усе яны ставілі курапацкія крыжы й станавіліся перад будаўнічай тэхнікай, выдатна ўсьведамляючы, што такое бульдозэры й дубінкі. Але яны верылі, што Бог ня дасьць сьвятыню на глум. І крыжы былі адноўленыя. Курапаты захаваліся. Паўсьвету ўбачыла, што Беларусь жыве. Бо крыж зьнішчыць немагчыма. Крыж — гэта сымбаль дабра, якое трыюмфуе ня гвалтам, але духам. Сымбаль Хрыста, Чый сьцяг мы нясём як знак Адраджэньня. Сымбаль Бога, Які прыняў пакуту за ўсіх людзей — і перамог.

Ніхто з гэтых хлопцаў ня ўзяўся за каменьні ды заточкі на дэманстрацыях, хаця з кожнага зьдзекаваліся, зьбівалі, арыштоўвалі. Ніхто не пайшоў вывучаць «энцыкляпэдыю тэрарыста», хаця дзе-небудзь на Ўсходзе паліцэйскія ўчасткі высадзілі б у паветра за куды меншыя «подзьвігі», чым у нашага АМОНу. Ніводзін не пачаў рыхтавацца ў снайпэры, хаця ў гэтых загартаваных хлопцаў рука цьвёрдая й вока пільнае. Яны ўзялі іншы прыцэл: кожны зь іх узваліў на плечы свой крыж.

У бітве за Беларусь, якая разгарнулася на мяжы тысячагодзьдзяў ад нараджэньня Хрыста, мы прынцыпова выбралі шлях ахвярнага змаганьня. Ня зброяй. Словам. Сьцягам. Крыжам. Негвалтоўны, аксамітны шлях.

Дабро ў супрацьстаяньні са злом заўжды перамагае. Рана ці позна. Але перамога не даецца лёгка. Таму і глядзець на яе мы мусім не праз оптыку снайпэрскай стрэльбы, а праз прыцэл крыжа.

Перад вулічнымі маніфэстацыямі ня трэба ўяўляць сябе глядыятарам. Прыпадабняйцеся Хрысту. Не бярыце з сабой ані арматуры, ані камянёў. Вазьміце веру і мужнасьць у сэрцы. Ня бойцеся — бо «даў нам Бог духа ня страху, але сілы, любові й мудрасьці» (ІІ да Цімафея 1:7). Рыхтуйцеся! У нашым крыжовым прыцэле — 19 сакавіка.

Малое Сітна

Павал Севярынец — у 1998—2004 лідэр незарэгістра-ванага «Маладога фронту». Асуджаны за арганізацыю акцыяў пратэсту пасьля рэфэрэндуму 2004 году. Цяпер у высылцы ў Малым Сітне, на поўначы Полаччыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?