Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS, Вільня) не мае дачынення да ініцыятывы перагляду спіса неўязных у ЕС чыноўнікаў. Пра гэта інфармацыйнай кампаніі БелаПАН заявіў акадэмічны дырэктар BISS Аляксей Пікулік.

Размова ідзе пра ініцыятыву, абнародаваную на мінулым тыдні «Офісам за дэмакратычную Беларусь» (Брусель), перагледзець падыходы да складання спіса беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС, а таксама скараціць гэты спіс, выключыўшы з яго рэктараў дзяржаўных ВНУ, бізнесмена Пефціева і некаторых іншых асоб. Кіраўнік офіса Вольга Стужынская заявіла, што гэта ініцыятыва абмяркоўвалася ў дэмакратычных колах Беларусі і знайшла падтрымку шэрагу палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, аднак назваць прозвішчы тых, хто яе падтрымаў, адмовілася.

6 лютага мастацкі кіраўнік Свабоднага тэатра Мікалай Халезін у сваім блогу напісаў, што ідэя перагляду санкцый у дачыненні да Беларусі з боку ЕС належыць «маладым прагматыкам», якія аб’яднаны вакол зарэгістраванага ў Літве Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS). У іх ліку Халезін назваў палітолагаў Юрыя Чавусава, Дзяніса Мельянцова і Аляксея Пікуліка.

«Офіс за дэмакратычную Беларусь», — зазначае Пікулік — з’яўляецца нашым даўнім партнёрам, мы вельмі высока цэнім наша супрацоўніцтва. Аднак BISS не толькі не мае дачынення да ініцыятывы ОДБ па пераглядзе «чорнага спіса ЕС» і нібыта прапанаваных 25 прозвішчаў, але і не валодаў інфармацыяй аб гэтай ініцыятыве. Супрацоўнікі BISS сапраўды бралі ўдзел у абмеркаванні адкрытага ліста, у якім ставілася пад сумненне эфектыўнасць пашырэння візавых санкцый. Аднак гэты ліст застаўся выключна на ўзроўні абмеркаванняў і не закранаў пытання імёнаў, якія варта выключыць з «чорных» спісаў».

«Мы мяркуем, што такія прапановы павінны публічна абмяркоўвацца ў асяроддзі праваабарончых арганізацый і грамадзянскай супольнасці. Мы, безумоўна, паважаем права бельгійскага НДА „Офіс за дэмакратычную Беларусь“ выступаць з ініцыятывамі любога кшталту. Але пры гэтым мы выказваем шкадаванне, што гэта ініцыятыва не была рэалізавана ў рэжыме публічнасці і адкрытасці, у сувязі з чым ОДБ панёс рэпутацыйныя выдаткі. Пры гэтым BISS заклікае супольнасць да выкарыстання выключна фактаў, а не домыслаў», — заявіў Пікулік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?