Для беларускай хакейнай зборнай, якой 10–11 лютага трэба будзе выступаць у Мінску на «Турніры чатырох на прызы BelSwissBank», галоўным прыярытэтам з’яўляецца вынік.
Пра гэта настаўнік беларускай каманды Кары Хейкіля заявіў на прэс-канферэнцыі ў Мінску 8 лютага.

«Магчыма, мы будзем гуляць нават у тры звяны, бо галоўнае для нас на гэтым турніры — гэта вынік», — канстатаваў коуч.

З самага пачатку планавалася, што на дамашнім турніры каманда выступіць у аптымальным складзе,

аднак па розных прычынах беларусы недалічыліся шэрагу ключавых гульцоў.
Так, з-за траўм не змогуць згуляць галкіпер Віталь Коваль і нападаючы Аляксей Угараў (абодва — «Тарпеда», КХЛ), таксама з-за пашкоджанняў турнір прапусцяць форварды Сяргей Дзямагін («Югра», КХЛ) і Андрэй Стась («Дынама-Мінск»). Больш за тое, «Дынама», якое знаходзіцца зараз на зборах у ААЭ, папрасіла не прыцягваць у зборную яшчэ чатырох сваіх хакеістаў: абаронцу Уладзіміра Дзянісава і нападаючых Дзмітрыя Мялешку, Андрэя Міхалёва і Аляксандра Кулакова.

«Зразумела, што мы спадзяваліся сабраць усіх лепшых, але нічога не зробіш. Трэба думаць на перспектыву. Мяркую, для дынамаўцаў гэты збор у ААЭ пойдзе на карысць і да самых важных матчаў у красавіку-маі яны падыдуць у лепшай кандыцыі. Да таго ж пры адсутнасці гэтых гульцоў мы зможам праверыць новых», — па-філасофску падышоў да праблемы Хейкіля.

Разам з тым ён не абмінуў падкрэсліць, што штучна не збіраецца нікога «цягнуць» у склад і выкліканыя на замену кахээлаўцам хакеісты з адкрытага чэмпіянату Беларусі атрымаюць гульнявую практыку, толькі калі дакажуць сваю грунтоўнасць.

Паводле слоў Хейкіля, месца ў варотах у абодвух матчах беларусаў на турніры зойме самы спрактыкаваны варатар «зуброў» Андрэй Мезін.

Галкіперы Леанід Грышукевіч (жлобінскі «Металург») і Ян Шаляпнёў («Дынама-Шыннік») наўрад ці з’явяцца на лёдзе.

Галоўны трэнер зборнай выказаў упэўненасць у тым, што гісторыя з «Кубкам Палесся» (гэта быў першы турнір для Хейкіля ў якасці рулявога беларусаў), на якім, нагадаем, каманда ў лістападзе 2011 года зведала поўнае фіяска, калі з буйным лікам прайграла ўсе матчы і прадэманстравала вельмі слабую гульню, не паўторыцца. «Зараз у нас абсалютна іншая каманда, іншы ўзровень. У Гомелі гэта быў своеасаблівы няўдалы эксперымент», — упэўнены Хейкіля.

Апрача беларусаў (11-е месца ў сусветным рэйтынгу) у «Турніры чатырох на прызы BelSwissBank» згуляюць зборныя Швейцарыі (7), Германіі (8) і Славакіі (10).

10 лютага ў 15.30 згуляюць каманды Швейцарыі і Славакіі, а ў 19.00 на лёд выйдуць зборныя Беларусі і Германіі. 11 лютага прайграўшыя каманды сустрэнуцца ў матчы за 3-е месца ў 15.30, а пераможцы сыдуцца ў фінальным паядынку ў 19.00. Усе гульні пройдуць на «Мінск-Арэне».

Склад зборнай Беларусі:

варатары: Андрэй Мезін (1974, «Дынама-Мінск»), Леанід Грышукевіч (1978, «Металург-Жлобін»), Ян Шаляпнёў (1993, «Дынама-Шынік»);

абаронцы: Алег Гарошка (1989), Дзмітрый Корабаў (1989) (абодва — «Дынама-Мінск»), Павел Чарнавок (1986), Андрэй Башко (1982) (абодва — «Шахцёр»), Андрэй Антонаў (1985, «Нёман»), Іван Усенка (1983, «Юнацтва»), Алег Місюль (1993, «Лока», МХЛ), Мікалай Стасенка (1987, «Северсталь»), Віктар Касцючонак (1979, «Аўтамабіліст»);

нападаючыя: Сяргей Дудко (1991), Сяргей Дрозд (1990), Анатоль Пратасеня (1990), Міхаіл Стэфановіч (1989), Аляксандр Паўловіч (1988), Аляксандр Кітараў (1987) (усе — «Дынама-Мінск»), Канстанцін Захараў (1985, «Юнацтва»), Арцём Бажко (1985, «Нёман»), Андрэй Коласаў (1989, «Гомель»), Яўген Кавыршын (1986, «Северсталь»), Андрэй Сцяпанаў (1986, «Амур»), Канстанцін Кальцоў (1981, «Салават Юлаеў»), Аляксей Калюжны (1977, «Авангард»).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?