Меркаванні4141

Вось вам і байкот, або Самагубства прывіда

Піша Сяргей Ваганаў.

Знаёмы токар на пытанне «Што чуваць?» звычайна адказваў: «Магло быць і лепей». Дамагчыся, што магло быць лепей, ніколі не ўдавалася. Пакуль нядаўна я не даведаўся, што ён з’ехаў некуды ў Расію. Успомніў, што бацька навучыў яго класці печы...

Другі знаёмы, селянін з­-пад Іўя, колькі год таму збег з паміраючага калгаса і саматужна пачаў весці сельскую гаспадарку — вырабляць на продаж розны прадукт. «Ну ўсё, — заклапочана ўздыхнуў ён пры апошняй сустрэчы, — скончыўся продаж... Вось атрымаю «карту паляка» ды з’еду ў Польшчу. Тут няма чаго рабіць...»

У нядзелю БТ, аб’еўшыся, мусіць, уласнай хлуснёй пра шчаслівую ад падвышанай пенсіі бабулю, з захапленнем, быццам у краіне растуць вытворчасць і заробкі, паведаміла, што ці не ў разы вырасла колькасць вакансій. Я веру гэтым лічбам — людзі звальняюцца, з’язджаюць ад тых заробкаў хто ў Расію, хто ў Польшчу, хто куды...

Вось вам і байкот.

Так, ёсць падстава спытаць: якое дачыненне мае дзейнасць беларускай апазіцыі да таго, што адбываецца ў краіне? Не выказванні, не заклікі, не заявы, не дэкларацыі, не дэманстрацыя светапоглядаў — дзейнасць, цяжкая праца з людзьмі. На жаль, аніякай.

Калі лідар незалежнага прафсаюза пагражае ўладам арганізацыяй у замежжы байкоту беларускіх вырабаў, хочацца запытацца: а што гэты прафсаюз зрабіў для таго, каб не было патрэбы ў такім ганебным байкоце? Зладзіў забастоўку, распачаў гучныя судовыя справы ў абарону пацярпелых працаўнікоў, стварыў стачкамы, як тое было напрыканцы 80-х, арганізаваў грамадзянскі супраціў продажу «фамільнага срэбра»?.. Можа, нешта і робіцца. Але ўсё, што вядома пра гэты прафсаюз, — заявы ды справаздачы ў Жэневе...

Калі прыватная, хай сабе на падставе палітычнай непаўнавартасці, сварка асоб ператвараецца, у тым ліку іх намаганнямі, ледзь не ў прынцыповы канфлікт, ад якога аж заходзіцца ў асалодзе «сенсацыі» апазіцыйная прэса, не гаворачы ўжо пра БТ, мімаволі прыходзіш да сумнай высновы: адказнай палітычнай апазіцыі ў Беларусі няма.

Ёсць, безумоўна, моцная духоўная апазіцыя, з’яднаная ўнутраным супрацівам пачварнаму злу.

Ёсць вялізная колькасць незадаволеных уладай, упэўненых, што «магло быць лепей», і тых, хто самастойна шукае выйсця, усё часцей за мяжой.

І ёсць прафесійныя апазіцыянеры, сярод якіх ёсць здольныя і на самаахвяраванне, і на здраду, гатовыя і пайсці ў турмы, і паціху ладзіць гешэфт...

Але сапраўднай палітычнай апазіцыі няма.

Сапраўдная палітычная апазіцыя была жорстка збітая падчас вядомай галадоўкі дэпутатаў ад БНФ. А тая, што пазней мелася стаць сапраўднай, знікла ў нябыт...

Застаўся прывід.

Прасцей за ўсё патлумачыць такое становішча толькі вар’яцкім ціскам дыктатуры пры абыякавасці насельніцтва. Але тое ж насельніцтва, калі адчувае пагрозу сваім жыццёвым інтарэсам, праяўляе здольнасць да з’яднанага супраціву. Прыкладаў усё больш — ад супраціву аўтааматараў да супраціву знішчэнню парка. Праблема ў тым, што

нашы прафесійныя апазіцыянеры не ў стане спалучыць жыццёвыя інтарэсы насельніцтва з сапраўднай незалежнасцю краіны, з нацыянальным Адраджэннем, з дэмакратыяй, з неабходнасцю кардынальных зменаў палітычнай сістэмы.
Не дзіва, што ўлада, напужаная тэктанічнымі зрухамі ў свеце, сама ў звыклай «локшыннай» манеры заяўляе аб неабходнасці зменаў...

Мяне зусім не абурае тое, што апазіцыя жыве на замежныя грошы.
Калі ўлады, не саромячыся, адбіраюць грошы ў настаўнікаў, дактароў ды пенсіянераў на падрымку таго ж БРСМ, дзяржаўных СМІ ды іншых праўладных структур, чаму апазіцыя павінна жабраваць?

Шкада толькі, што гэтыя грошы ідуць галоўным чынам на падтрымку прывіда...

Ці не прывід гэта, калі, нягледзячы на памылкі і паразы, у палітычнай апазіцыі застаюцца амаль адны і тыя ж персоны? Дыктатура, безумоўна, не зацікаўленая ў моцных палітычных партыях і грамадскіх рухах. Але ці зацікаўленыя ў тым жа нязменныя лідары гэтых малаколькасных і малавядомых утварэнняў?

Ад каго з іх вы чулі прызнанне ва ўласных памылках? І што яшчэ горш — ці чулі вы, акрамя як ад Някляева, прабачэнні за тое, што не здолелі супрацьстаяць правакацыі на Плошчы
і падставілі людзей пад арышты, турмы і дручкі? Так, самі трапілі ў турмы, у палітвязні. Але што ж дзіўнага ў тым, што няма масавых патрабаванняў іх вызвалення, што ўся надзея на міжнародную супольнасць?!

...Сябра, з якім я падзяліўся гэтымі думкамі, нагадаў вядомы выраз: «Не страляйце у піяніста, ён грае як можа».

Але ж «піяніст» страляе ў сябе сам...

Глядзець таксама:

Сяргей Ваганаў.

Сяргей Ваганаў. Цёмныя вокны

Сяргей Ваганаў. Наменклатурнае паліто

Сяргей Ваганаў. Пераходны перыяд

Сяргей Ваганаў. Мосцік над вечнасцю

Каментары41

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж43

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж

Усе навіны →
Усе навіны

«Кава стане раскошай». Беларусы шакаваныя цэнамі ў крамах16

«Апантанасці геапалітыкай, як у Расіі, у нас сёння няма». Гісторык паразважаў, ці перажывуць беларусы «русский мир»16

Рубіа патлумачыў заяву Трампа пра зброю для Украіны за кошт НАТА

«Горад працоўнай славы 1941—1945». У Баранавічах адкрылі манумент з дзіўнай назвай9

У Беларусі і Расіі распрацуюць штучны інтэлект з традыцыйнымі каштоўнасцямі4

Асудзілі за «садзеянне экстрэмізму» былога дырэктара школы

Вучоныя знайшлі агромністае радовішча золата, якое змяшчае 99,999% усяго золата планеты8

У Польшчы адбылося ДТЗ з аўтобусам, поўным беларусаў3

Макрон заявіў пра гатоўнасць адправіць ва Украіну 50 тысяч вайскоўцаў6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж43

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць