Любяць журналісты камунікаваць з першым намеснікам міністра сельскай гаспадаркі Надзеяй Каткавец — акрамя «перасушанай» дзелавой інфармацыі і мноства лічбаў яна заўсёды знойдзе жывое непрычасанае слова, трапнае параўнанне, нечаканую аналогію.

Вось і на прэс-канферэнцыі 8 лютага ў Мінску Надзея Мікалаеўна не прамінула правесці свайго роду аграрны ўсепрасвет сярод карэспандэнтаў, збянтэжыўшы адну з маладых журналістак пытаннем: «Вось вы, старшыня калгасу, пабудавалі ферму — што далей?»

І не дачакаўшыся выразнай праграмы дзеянняў, патлумачыла:

«Сёння на сёння нічога не бывае. Пабудавалі ферму на тысячу галоў кароў — каб гэтая ферма выйшла на сваю прадуктыўнасць, ёй спатрэбіцца мінімум год.

Цялушачка нарадзілася — яна каровай стала праз два з паловай гады.
Яе паўгода трымаюць на ферме, яна ацялілася, паўгода яе раздойваюць, глядзяць на прадуктыўнасць і гэтак далей, з тым каб з гэтай цёлкі-цялушак зрабіць, нарэшце, карову. Тут хлопцы сядзяць — хтосьці з дзяўчат ім падабаецца, хтосьці не падабаецца. Гэтак жа і з каровай, за ёй трэба паназіраць. Каб па-сапраўднаму скамплектаваць ферму, трэба час. Каровы-цялушкі ацяліліся, цялушак раздоім, атрымаем неабходную карову, паглядзім на прадуктыўнасць. Першыя два гады яна павялічваецца, трэці год — пік вытворчасці малака, на чацвёрты — яшчэ дояць,
а на пяты — яна не здохла, як ваша калега сказала, а яе здалі на мясакамбінат».

У адказ на рэплікі шкадавання з нагоды кароткага веку рагулей намеснік міністра ўздыхнула:

«На жаль, тэхналогія вытворчасці такая — з аднаго боку, мы хочам добрую эфектыўнасць, а з другога — хай бы пажыла!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?