Прыхільнікі Аляксандра Мілінкевіча з Глыбокага заявілі, што пасьля ягонай адмовы ад удзелу ў Кангрэсе, гэты форум становіцца немэтазгодным.

На думку сябра Партыі БНФ Яраслава Берніковіча, кангрэс без лідэра дэмакратычных сілаў ужо ня будзе агульнабеларускім форумам і таму ня вырашыць наяўных праблемаў аб’яднаньня апазыцыі.

Берніковіч: «Калі яшчэ паўгода таму пачаліся размовы пра правядзеньне кангрэсу, усе актывісты Глыбоччыны ня бачылі сэнсу ў ім. Але, на жаль, нас пра гэта ніхто не пытаўся. Усё ж мы назьбіралі патрэбныя трыста подпісаў. Але цяпер правілы гульні мяняюцца падчас самой гульні, пасьля адмовы Мілінкевіча ад удзелу ў кангрэсе, сэнс у ягоным правядзеньні зусім зьнікае. Без Мілінкевіча гэта ўжо не кангрэс. Ёсьць такі панятак, як «партыйная дысцыпліна», і сябры партыяў прыедуць. Але гэта ня будзе кангрэс усебеларускі – гэта будзе кангрэс пэўных палітычных сілаў. Таму на сёньняшні дзень мы ня бачым сэнсу браць удзел у гэтым кангрэсе».

І Яраслаў Берніковіч, і яшчэ адна дэлегатка з Глыбоччыны Юлія Бука бралі ўдзел у мінулым Кангрэсе дэмакратычных сілаў, што праходзіў у 2005‑м годзе, на якім Аляксандр Мілінкевіч быў абраны адзіным кандыдатам ад апазыцыі на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах. Спадарыня Юлія параўноўвае свае ўражаньні ад таго форуму з цяперашняй сытуацыяй.

Бука: «Калі я была дэлегаткай таго кангрэсу, то я пабачыла сілу! Калі я чую «Жыве Беларусь!», то мне сапраўды здаецца, што яшчэ можна жыць, і што мы сапраўды дажывем ды нейкіх лепшых часоў! А ўвогуле... Да мяне цяпер даслалі анкету з пытаньнямі: «Як вы лічыце, ці трэба гэты кангрэс, і што ён вырашыць?» І я напісала, што гэта бяздумнае марнаваньне грошай, і што ён нічога ня вырашыць. Мілінкевіч – гэта той палітык, які больш ці менш задавальняе мяне ва ўсіх адносінах, я падтрымала б яго! Але калі Мілінкевіч скажа, што на кангрэс нам ехаць ня варта, то я была б вельмі ўсьцешаная, што ён таксама да такое высновы прыйшоў, што ён падзяляе мае думкі! Як будзе нейкая добрая справа, то мы ўсё адно ўсе знойдземся ды аб’яднаемся!»

Пакуль глыбоцкія дэлегаты не прынялі канчатковага рашэньня адносна свайго ўдзелу ў будучым кангрэсе, але яны кажуць, што гатовыя афіцыйна адмовіцца ад яго на падтрымку пазыцыі Аляксандра Мілінкевіча.

Радыё Свабода

25 лютага, у Берасці прайшла абласная справаздачна‑выбарчая канферэнцыя Партыі БНФ. 30 дэлегатаў з 12 раёнаў Берасцейскай вобласці сабраліся, каб ацаніць працу сваёй арганізацыі ў 2006 годзе і абмеркаваць планы на будучыню.

Падаўляльная большасць дэлегатаў станоўча ацаніла дзейнасць Рады, і аказала давер яе старшыні сп. Ю. Губарэвічу, даручыўшы яму кіраўніцтва арганізацыяй у наступным годзе.

На сходзе была агучана інфармацыя пра будаўніцтва ў Кобрыне царквы‑помніка ў гонар ката беларускага народа Аляксандра Суворава. Адзін з дэлегатаў канферэнцыі сп. Аляксандр Мех адзначыў:

— Назваць у Кобрыне царкву ў гонар Суворава, гэта тое ж самае, што назваць нацыянальную бібліятэку ў Менску ў гонар гаўляйтэра Беларусі Вільгельма Кубэ.

Удзельнікі канферэнцыі прынялі рашэнне аб правядзенні кампаніі супраць надання новай царкве імя душыцеля паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. План кампаніі прадугледжвае акцыі па інфармаванні жыхароў Кобрына пра злачынствы карнікаў Суворава на Беларусі, збор подпісаў грамадзян пад патрабаваннем не надаваць новай царкве імя Суворава, шэраг іншых мерапрыемстваў.

Гарачая дыскусія адбылася па пытаннях, звязаных з узаемаадносінамі паміж суб’ектамі кааліцыі аб’яднаных дэмсіл. У выніку большасцю галасоў была прынята рэзалюцыя аб падтрымцы намаганняў па развіцці Руху «За Свабоду» на чале з Аляксандрам Мілінкевічам. У рэзалюцыі адзначаецца, што Берасцейская абласная арганізацыі Партыі БНФ далучаецца да дзейнасці Руху «За Свабоду» па ўсіх пытаннях, якія не супярэчаць статутным мэтам Партыі БНФ і рашэнням яе кіруючых органаў. Рэзалюцыя заклікае ўсіх сябраў Партыі БНФ браць актыўны ўдзел у дзейнасці Руху на рэгіянальным і нацыянальным узроўні.

Напрыканцы сустрэчы сп. Рыгор Бакіевіч прэзентаваў дэлегатам інфармацыйны бюлетэнь «Наш выбар», які летась аднавіў выхад пасля доўгага перапынку. А ўжо вечарам у цягніку Берасце‑Віцебск 4 дэлегаты канферэнцыі былі затрыманыя супрацоўнікамі транспартнай міліцыі. Як паведаміў адзін з затрыманых, сп. Віталь Каратыш, міліцыянтаў зацікавіў менавіта бюлетэнь «Наш выбар». 100 асобнікаў бюлетэня было канфіскавана з мэтай праверкі законнасці яго выхаду.

Дзедзіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0