Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі 9 лютага намеснік старшыні Мінгарвыканкама Сяргей Радаман.

«На жаль, рэзервовы фонд султаната Аман, які меў намер рэалізаваць інвестыцыйны праект, папрасіў адкласці яго рэалізацыю на паўгода», — сказаў ён.

Нагадаем, участак, дзе размешчаны будынкі 2-й гарадской бальніцы (яна нядаўна пераехала ў іншае месца) і выставачны комплекс «Белэкспа», прададзены аманскім інвестарам. Згодна з указам прэзідэнта № 93, дзяржаўны генеральны рэзервовы фонд Амана ў асобе створанага ім у Беларусі ЗТАА «Орэл Пропетыз чатыры» атрымаў участак у Мінску плошчай 2,6 га ў межах вуліц Янкі Купалы — Максіма Багдановіча — ракі Свіслач у прыватную уласнасць без правядзення аўкцыёну за 10 млн. долараў для будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу.

Радаман паведаміў, што ў снежні адбылася сустрэча кіраўніцтва аманскага фонду з кіраўніцтвам Мінгарвыканкама. «Інвестар папрасіў паўгода для таго, каб яму ўдакладніць свае пазіцыі з партнёрамі, якія займаюцца фінансаваннем праекта. Было заяўлена, што калі на працягу паўгода новае рашэнне не будзе прынятае, праект будзе рэалізоўвацца па раней прапанаванай канцэпцыі: будаўніцтва гасцінічнага, гандлёвага і жыллёвага комплексаў. Пакуль рэалізацыя праекта прыпыненая», — сказаў намеснік старшыні гарвыканкама.

Да прыняцця канчатковага рашэння будынкі 2-й гарадской бальніцы і выставачнага комплексу «Белэкспа» інвестарам перадавацца не будуць.

Паводле слоў Радамана, Мінгарвыканкам вызначыў пляцоўку па вуліцы Каржанеўскага для будаўніцтва часовага выставачнага комплексу.

Ён разлічаны на 10 тыс. кв. метраў закрытых плошчаў і 30 тыс. кв. м — адкрытых. «Гэтага будзе дастаткова для таго, каб забяспечыць патрэбу Беларусі ў выставачнай дзейнасці», — сказаў прадстаўнік гарвыканкама. Паводле яго інфармацыі, з бюджэту горада выдзелены сродкі на праектаванне аб’екта.

Як паведамлялася раней, вялікі выставачны комплекс планавалася пабудаваць у раёне вёскі Шчомысліца. «Згодна з меркаваннем уладальнікаў „Белэкспа“, калі будзе пабудаваны комплекс на Каржанеўскага, то не будзе неабходнасці будаваць яшчэ адзін комплекс у Шчомысліцы», — патлумачыў Радаман.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?