Пра мінскі перыяд жыцця Лі Харві Освальда (1939–1963), забойцы амерыканскага прэзідэнта Джона Фіцджэральда Кенэдзі (JFK), пiшуць нават афіцыйныя беларускія СМІ. Так, на інтэрнэт-старонцы ўрадавай газеты «Рэспубліка» публікацыя 2007 году «Рабочыя «Гарызонта» дасюль ня вераць, што JFK быў забіты Освальдам» — пятая па ліку ў рубрыцы «Варта прачытаць». Але

да нядаўняга часу гэта тэма грунтоўна вывучалася ў Беларусі толькi замежнымі дасьледчыкамі, прыкладам, амэрыканцам Норманам Мейлерам, аўтарам «Гісторыі Освальда. Амерыканскай таямніцы» (1995), які звяртаўся ў КДБ і да мінчукоў — знаёмых Освальда.
Пасля выдання кнігі Аляксандра Лукашука «Сьлед матылька. Освальд у Менску» можна ўпэўнена казаць, што мячык, які паляцеў на беларускі бок поля, адбіты цвёрдай рукой прафесіянала.

У сваёй кнізе, якая жанрава належыць да звышпапулярнага «non-fiction», аўтар ставіў мэтаю вывучыць жыцьцё Освальда ў Мінску ў 1960–1962 гадах, даследаваць, як паўплывала яно пазней на крывавы ўчынак ў Даласе.

Лукашук называе Освальда «матыльком», адсылаючы нас да апавядання Рэя Брэдберы «І грымнуў гром».
Герой апошняга выпадкова расціснуў матылька, выправіўшыся ў падарожжа ў мінулы час, а калі вярнуўся, то пабачыў: рэчаіснасць змянілася, і прэзідэнтам стаў тыран. Апошняе, што чуе герой апавядання, — стрэл, які абрывае яго жыцьцё і ягоную ролю ў гісторыі. (Напрыканцы кнігі «Сьлед матылька» чытач пераканаецца, што гэтая метафара спатрэбілася дакументалісту Лукашуку зусім для іншага, чым фантасту Брэдберы.)

Сам аўтар у адным з інтэрв'ю прызнаўся, што асабіста яму да сярэдзіны 80-х гадоў нічога не было вядома аб жыцці ў сталіцы БССР Освальда — гэтую інфармацыю старанна ахоўвала ад грамадскай увагі КДБ, якое доўгі час трымала ў страху беларускіх знаёмцаў будучага забойцы Кенэдзі.

Страх страхам, а ў кнізе Лукашука ёсьць і гумарыстычныя, непрыдуманыя аповеды пра кадэбістаў:
то яны шчыра сумуюць, бо «ёсць заданні, якія немагчыма выканаць, як ні намагайся», то згадваюць, як марылі стаць настаўнікамі, то беспаспяхова ламаюць галаву над расшыфроўкай беларускамоўнага запісу. Але Лукашук не імкнецца пабачыць у кадэбістах людзей — ён шукае для іх аналогіі ў межах лепідэптаралогіі (раздзелу энтамалёгіі, у якім вывучаюцца матылі) і знаходзіць іх. «Чэкісты, канечне, належаць да Acherontia atropos, — піша Лукашук, быццам энтамолаг папаўняючы сваю калекцыю, -- сямейства сфінксаў ці бражнікаў: Матылёк «Сфінкс Мёртвая Галава» з'яўляецца прадметам прымхаў і жаху сярод простых людзей з-за яго тужлівага гукання і выявы чэрапа на грудзях».

Гісторыя ў Беларусі паўтараецца, і цяпер, пасьля паспяховай рэканструкцыі ўладамі асноўных канфігурацыяў БССР, шматлікія дакументы па справе Освальда, што рыхтаваліся мясцовымі кадэбістамі ў 60-я гады (так званая «Справа агентурнай распрацоўкі № 34451»), ізноў знаходзяцца пад грыфам «Сакрэтна». Праўда, частку з тых цяжкіх тэчак паспелі пабачыць некалькі даследчыкаў — гэта адбылося ў беларускую «адлігу» 90-х. Але наша грамадскасць пра іх змест па-ранейшаму толькі здагадваецца; афіцыйныя ж мас-медыя Беларусі па замове сваіх уладальнікаў «засяродзіліся» на ролі амерыканскіх спецслужбаў у забойстве Кенэдзі — дэталёва асвятляць мінскі этап жыцця Освальда каманды не было і не будзе.

У дадзеных варунках «Сьлед матылька» выглядае сенсацыяй.
Грунтоўная навуковая работа (адзін паказнік асобаў напрыканцы займае 8 старонак) — першае ўважлівае і ўдумлівае назіранне за матыльком немясцовага віду, які кружляў над нашай тэрыторыяй, — са строгай дакументальнай фактурай і плаўкімі элементамі жанру эсэ (не па волі аўтара) чытаецца як прыгодніцкі раман — у тым вінаватыя непрыдуманыя героі і сюжэт кнігі, сама атмасфера 60-х, дэтальна адноўленая ў ёй.

Незвычайныя, ашаламляльныя адкрыцці — няўжо папраўдзе тое адбывалася ў нашай сталіцы? — чакаюць чытача амаль на кожнай старонцы.

Прывяду пяць фактаў са «Сьледу матылька», якія асабіста для мяне сталіся навіною:

1) Освальд хварэў на дыслексію, з-за чаго пісаў свой дзённік з памылкамі, у тым ліку ў датах, але КДБ пра гэтую хваробу, як і пра існаванне саміх запісаў, ніколі не даведалася — недаравальная правіна для ведамства! (нататкі Освальда Лукашук пераклаў для часопіса «Крыніца/Роднік» у 1990-м — да гэтага матылька ён прыглядаўся не адзін год);

2) вывучаць расейскую мову Освальду дапамагаў… Станіслаў Шушкевіч, аспірант Інстытута фізікі Акадэміі навук БССР;

3) забойца JFK — марпех, які паспяхова здаў тэст на прыцэльную стральбу ў катэгорыі снайпер, — на паляванні з калегамі — працаўнікамі радыёзаводу спалохаўся зайца, з пярэпалаху стрэліўшы ў паветра, а пазней «на троечку» пацэліў з пісталета ў заводскім клубе ДТСААФ;

4) жонка Освальда, Марына Прусакова, цалкам сур’ёзна раўнавала мужа да ўлюбёнай ім оперы «Пікавая дама», якую ён шмат разоў слухаў у сталіцы БССР;

5) мінскія кадэбісты ў прамым сэнсе слова шморгалі насамі з перапуду перад начальствам з Лубянкі і месца сабе не знаходзілі, калі даведаліся аб крывавым учынку ў Даласе свайго былога «падапечнага» — яны ж у свой час пераканаліся: Освальд — не агент ЦРУ, ён — нягеглы для вярбоўкі, бяскрыўдны і бязвольны гультай з ветрам у галаве, а не з ідэямі марксізму-ленінізму, як ён сам пераконваў…

Гэты і іншы «жыццёвы» матэрыял, цікавейшы за самыя неверагодныя літаратурныя прыгоды і фантазіі, тым не менш не спакусіў аўтара абмежавацца толькі ім, каб кніга стала больш канцэнтраванай, выбуховай, дынамічнай.
Біяграфічнае даследаванне — гэта заўсёды «броўнаўскі рух» эпохі і людзей. Пералічу асноўных герояў «Сьледу матылька»: апроч Освальда і Марыны, імі сталі біёграфы Освальда, кадэбісты, дыпламаты, Мінск і яго насельнікі, Гісторыя, Памяць, Час, Лёс, а таксама тэксты — «Гістарычны дзённік», «Справа агентурнай распрацоўкі № 34451», расшыфроўкі падслухоўванняў КДБ (Освальд з жонкай увесь час сварыліся -- тоз-за бруднай падлогі, то з-за ад’езду ў Амерыку), «Гісторыя Освальда», «Экалогія і гаспадарчае значэнне еўрапейскага белага бусла, чорнага бусла і звычайнай шэрай чаплі ў Беларусі» і іншыя, у тым ліку тэксты самога Лукашука, як прыкладам, ягонае інтэрв'ю з Мэйлерам. Суаўтар кнігі ў пэўнай ступені — Сяргей Навумчык, які на замову Лукашука аднавіў хаду падзеяў, а менавіта абставіны ўласнага запыту ў КДБ наконт справы № 34451.

Карыстаючыся дзеясловам з лексікі часткі галоўных персанажаў «Сьледу матылька», скажу, што сачыць за ўсімі героямі кнігі, іх узаемаадносінамі, было надзвычай цікава. Магчыма, з-за таго, што гісторыя ў Беларусі паўтараецца, і ты ўнутрана ўжо гатовы да гэтых паўтораў, нават напружана чакаеш іх. Вось і новы забойца (цяпер не з ЗША, а Нарвегіі) ізноў гасцяваў у Мінску, паглыбляючы ідэі, рыхтуючы «прамову» да цэлага свету, вось і КДБ (цяпер не БССР, а РБ) ізноў назірае за людзьмі, па-ранейшаму старанна занатоўваючы, як і калі «аб’екты вонкавага назірання», накшталт Освальда, засоўвалі рукі ў кішэні на вуліцы ці набывалі рэчы ў ГУМе…

А магчыма, маё захапленьне выклікала тое, як дакладна, аб’ектыўна і скрупулёзна (літаральна па днях!) зафіксаваны палёт ў беларускім часе і прасторы маленькага іншаземнага матылька, які рухаўся поруч з іншымі істотамі, — у сярэдняй школе мною вывучалася гісторыя адных толькі важных Асобаў і іх вялікіх Войнаў, між якімі працягнуліся белыя дзесяцігоддзі пустэчы, і ніякіх матылькоў і прусакоў, праўдзівых гісторыяў аб іх хуткаплынным жыцці ў падручніках не было.

Акром вывучэння адносінаў людзей і гісторыі: «Чалавечы кантакт часам нечакана ўплывае на гісторыю — як, верагодна, і яго адсутнасць», — удакладняе Лукашук, у кнізе даследуюцца адносіны між сабою розных тэкстаў пра Освальда, а таксама іх сувязь з Часам і Гісторыяй. Апошняе вельмі важна: па назіраннях Лукашука, гістарычны час у Мінску цячэ інакш, чым у іншых краінах, да таго ж «архіўныя дакументы маюць свае стасункі з часам».

Аўтар «Сьледу матылька» з веданьнем справы (і вялікай колькасці дакументальнага матэрыялу) робіць рэвізію чужых і ўласных тэкстаў: правярае, удакладняе, абвяргае, пагаджаецца з імі, перакладае наноў з англійскай мовы. Шмат намаганьняў Лукашук прыкладае, каб разбурыць старыя і новыя байкі і міфы аб найгалоўным персанажы і ягонай мінскай «вандроўцы», даўжынёю ў тры гады. Нават цэнтральную постаць кнігі-дакумента — Лі Харві Освальда — ён выпраўляе ў галоўным і драбніцах, такіх, як цэны на савецкія аўтамабілі.

Адзін з цэнтральных нерваў кнігі — прыхаваная палеміка з «Гісторыяй Освальда».
Аўтар «Сьледу матылька» крытыкуе скарыстаныя амерыканцам даследчыцкія метады, а таксама прыёмы «новай журналістыкі». Мэйлер вельмі настойліва спрабаваў высветліць, у тым ліку пры дапамозе КДБ, ці быў Освальд гомасэксуалістам, а ягоная будучая жонка — цнатліўкай, альбо шматслоўна апісваў сэксуальнае жыццё ў Мінску, каб потым адным сказам удакладніць, што Освальда тое не тычыцца. Гэтаму Лукашук супрацьпастаўляе ў сваёй кнізе непрыдуманыя жыццяпісы Эдуарда Сагындыкава — гаспадара кватэры, дзе жыў Освальд (тое памяшканьне Мейлер падчас сваёй мінскай экспедыцыі нават не наведаў — магчыма, тэорыя і практыка «новай журналістыкі» такога не прадугледжваюць), і Сяргея Ханжанкова — аднагодкі Освальда, палітычнага дыверсанта, які ў мардоўскім лагеры прысвяціў «лекцыю» палёту на Месяц — увасабленню мары Кенэдзі.
Спосаб чытаньня кнігі Лукашука — лінейны, але ён не адзіны.
Асобны аповед энцыклапедычнага характару ўтвараюць разгорнутыя зноскі да тэксту. З іх, у прыватнасці, можна даведацца пра два тыпы памяці і ўспамінаў аб мінулым, пра адсутнасць у беларускім МЗС і місіі ААН друкарскіх машынак з беларускім шрыфтам, пра апошні тэлефонны званок JFK, пра асаблівасьці гарадскога самагонаварэння, а таксама прачытаць рэканструкцыю таго палявання, калі заяц напужаў Освальда.

І «ўверсе», і «ўнізе» «Сьледу матылька» цякуць ручаі гісторыяў, аповядаў, жыццяпісаў, тэксты зліваюцца ў рэкі, якія ўпадаюць у адзін акіян: учынак Освальда прывёў да чалавечай трагедыі, змяніў лёсы людзей, у тым ліку некалькіх дзясяткаў менчукоў, але той учынак, як мяркуе Лукашук, не меў гістарычнага вымярэння, ён адбіўся на працы службы аховы прэзідэнта ЗША, а не на замежнай/унутранай палітыцы гэтай краіны:

«Освальд зрабіў не большы ўплыў на хаду падзеяў XX стагоддзя, чым матылёк пад коламі цягніка на яго прыбыцьцё на станцыю паводле раскладу». Так сталася таму, што дэмакратыі па сваёй прыродзе сейсмастойкія,
тлумачыць аўтар.

Освальд — падарожнік у часе, і стрэл грыміць напрыканцы, спыняючы ягонае жыццё, гэта сапраўды так, але Брэдберы, хоць і спрычыніўся да нараджэння матыльковай тэорыі хаосу, усё ж пісаў фантастыку. А лепідэптаралогія, пад якой аўтар «Сьледу матылька» разумее біяграфічнае даследаванне, — навука.

Дзякуючы кнізе Аляксандра Лукашука мы можам пераканацца, які гэта адказны і складаны занятак — аднаўляць рухі чалавека-матылька ў зменлівым паветры гісторыі, і якім парадаксальным, незапланаваным можа быць той зігзагападобны палёт праз акіян, у Мінск, і назад, пад колы сталёвага цягніка часу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?