Беларускія ўлады так і не далі ніякай інфармацыі пра разгон акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года, заявіў пастаянны прадстаўнік ЗША пры АБСЕ Іэн Келі на пасяджэнні Пастаяннага савета АБСЕ ў Вене 9 лютага.

Келі прадставіў даклад аб канчатковай ацэнцы падзей у Беларусі ў дзень прэзідэнцкіх выбараў, які быў падрыхтаваны спецыяльным дакладчыкам Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Нілам Джарманам сумесна з групай экспертаў па пытаннях свабоды сходаў і мер у адказ паліцыі з краін АБСЕ.

Келі падкрэсліў, што беларускія ўлады не толькі не падалі інфармацыю аб аперацыі па разгоне мірнай дэманстрацыі пратэсту, але і не правялі ніякага расследавання абвінавачанняў, вылучаных міжнароднай супольнасцю супраць праваахоўных органаў Беларусі ў непрапарцыянальным прымяненні сілы супраць мітынгоўцаў. Не дадзена таксама ніякай інфармацыі аб прымяненні насілля ў дачыненні да экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева, якое адбылося яшчэ да пачатку акцыі пратэсту.

Паводле слоў Келі, аналіз судовых працэсаў па справе аб масавых беспарадках 19 снежня выявіў шэраг парушэнняў правоў чалавека і нежаданне ўрада Беларусі выконваць свае абавязацельствы ў межах Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Беларускія ўлады, падкрэсліў амерыканскі дыпламат, таксама не праводзяць належным чынам расследаванне па цэлым шэрагу скаргаў на жорсткае абыходжанне з затрыманымі і прымяненне да іх насілля.

Прадстаўнік ЗША пры АБСЕ падкрэсліў, што афіцыйны Мінск называе дзеянні сіл правапарадку 19 снежня 2010 года "неабходнай рэакцыяй" на напад на Дом урада, але ні адзін з асуджаных дэманстрантаў не быў выкрыты ў такіх дзеяннях. Апрача таго, больш як палова з абвінавачаных і асуджаных па падзеях 19 снежня з'яўляюцца палітычнымі апанентамі Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле слоў Іэна Келі, ЗША па-ранейшаму заклікаюць Беларусь неадкладна і безагаворачна вызваліць усіх палітычных зняволеных, поўнасцю аднавіць іх у правах, дазволіць ім прымаць паўнацэнны ўдзел у палітычным жыцці, а таксама спыніць пераследы палітычных актывістаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і незалежных журналістаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?