Злы. Злы і насцярожаны ў шэсць з паловай
Чалавек выйшаў з канцылярыі важных спраў.
Там ён пакінуў 9 гадзін жыцця, тысяч сем у сталовай,
Але меў пачуццё, быццам бы нешта скраў.
На прахадной чалавек правярае пошту,
І вось ізноў паліто над паркетнай дошкай плыве.
У скураной папцы з бляхай копіі таго, што
Акуратна раскладзена ў яго галаве.
Нарэшце, выходзіць за дзверы. А там Снежань. Завеі
Даносяць пах хлеба нават сюды.
Ён ідзе проста, пасля правей і
Уніз у бок Раманаўскай Слабады.
Вежа канцылярыі ўжо не відна. Вы
І цяпер адчуваеце тое, што тады ён:
Як

у вежы нерухома сядзіць нехта замест Цанавы
І глядзіць з-пад густога брыва на стадыён.

Карацей -- ідзе, праходзіць непадалёк ад астрога.
Вецер рэжа скуру і чалавек у пальчатку хавае руку.
Амаль не расплюшчваючы вачэй, пераходзіць дарогу
З удзячнасцю думаючы пра трубы, што пад асфальт схавалі раку.
Пераход нарэшце падышоў да экватара.
Гарадскі вал іранічна без прыкмет нічыіх.
Усе людзі там, іх рубеж каля кінатэатра
І чалавек нярвуецца, марудна абмінаючы іх.
Наогул, сачыць за прадстаўніком канцэлярый
Небяспечна і расцэньваецца як учынак дастаткова цяжкі.
Ён спусціўся ў метро і адразу працер акуляры
Краем шаліка - падарунка старэйшай дачкі.
Ён не ездзіць з Купалаўскай і не ходзіць дварамі.
Парадыгма -- вынік высновы, падмацаванай дзвюма.
Першая: Тыя, каго на працу прыносяць у чорнай раме
Ні пра што не шкадуюць і , відавочна, дарма.
Другая.
Людзі жывуць дамамі, справы на іх –- тамамі --

Выціскаючы першых з памяшканняў, выклікаюць нямы дакор,
А пасля знікаюць разам з першымі і старой маме
Застаецца распіска за права атрымаць каленкор.
Так што вынік вядомы са справы вядомай,
А чалавек падумаў, што хацеў бы, каб пры ягоным жыцці
Яму не прыйшлося а палове сёмай
У такое надвор'е, напрыклад, да маладзежнай ісці.
Гэта было адступленне. Вяртаемся да пратаколу.
Жменя жэтонаў у кішэні, купленая пра запас,
Была старой звычкай і фармальна нагадвала школу
Калі грошы на абед ён збіраў па дарозе ў клас.
Але канцылярыя не капае глыбей пубертату
І ва ўспамінах вучыць не выходзіць за межы анкет,
Асобна пазначаючы маму і тату.
Чалавек праходзіць праз турнікет.
Голас дыктара, запісаны нібы для праформы
(Для тых, хто і так у метро спускаецца нібы ў забой),
З просьбай не скаплівацца каля краю платформы
Нібы з загадам смеццю не забіваць вадастокі сабой,

Канцылярыя вучыць успрымаць неэмацыйна праз прызму гештальту:
Народ -- не сукупнасць індывідаў. З пэўных бакоў
І пры накладанні матрыц сацыялагічнага кшталту
Жыцце, як і казаў Энгельс, -- спосаб існавання бялкоў.
А людзі, канешне, скапліваюцца і набіваюцца ў вагоны як шпроты.
Задыхаючыся і падаючы пад чужою вагой
Чалавек сутаргава ўцягвае паветра ротам
Спрабуючы распрастацца і паварушыць здранцвелай нагой.
Дзверы зачыняюцца. Цягнік імкне да пачатку
Каб укусіць свой хвост. І вось знікае вагон,
Дзе рука, апранутая ў скураную пальчатку,
Цягнецца, цягнецца да парэнчаў. "Родны кут" ляціць наўздагон.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0