Паядынкам другога нумара беларускай зборнай Дзмітрыя Жырмонта (574-ы ў сусветным адзіночным рэйтынгу) і першага нумара зборнай Малдовы Раду Албота (260) завяршыўся 10 лютага стартавы дзень матчавай сустрэчы першага раўнда II групы Еўра-Афрыканскай зоны Кубка Дэвіса паміж камандамі Беларусі і Малдовы.

Жырмонт, які з’яўляецца дэбютантам Кубка Дэвіса, паказаў дастойную гульню, але ўсё ж не здолеў на роўных супрацьстаяць больш высакарэйтынгаваму апаненту і прайграў — 7:6, 5:7, 4:6, 2:6.

У першых двух сэтах беларус змагаўся на роўных, аднак у выніку клас саперніка матэрыялізаваўся ў яго перамогу — у трэцім і чацвёртым сэтах малдаванін прыкметна перайграваў беларуса. Агульны час матча — 3 гадзіны 16 хвілін.

У стартавым матчы, які прайшоў таксама 10 лютага, першы нумар беларусаў Уладзімір Ігнацік перамог другі нумар малдаван Рамана Барванава.

Такім чынам, перад другім днём спаборніцтваў лік матчавай сустрэчы 1:1.

11 лютага адбудзецца парны паядынак (пачатак у 15.00). На яго ад Беларусі заяўлены Максім Мірны (3-і ў сусветным парным рэйтынгу) і Аляксандр Буры (184), ад Малдовы — Андрэй Горбан (1612) і Максім Дубарэнка (639).
У заключны дзень спаборніцтваў, 12 лютага, паміж сабой згуляюць першыя і другія нумары каманд (пачатак першай сустрэчы ў 13.00). Ігнацік будзе супрацьстаяць Алботу, а Жырмонт — Барванаву. Усе матчы праходзяць у Палацы тэніса. Уваход вольны.

Нагадаем, паводле рэгламенту Кубка Дэвіса, капітаны каманд могуць правесці замены, так што існуе верагоднасць, што 11 і 12 лютага склад удзельнікаў будзе некалькі іншы.

У рэйтынгу Кубка Дэвіса зборная Беларусі займае 51-е месца, а малдаване знаходзяцца на 77-й пазіцыі. Раней гэтыя дружыны паміж сабой не сустракаліся. Пераможца найбліжэйшага матча ў наступным раўндзе ў пачатку красавіка згуляе з лепшай камандай пары Турцыя — Боснія і Герцагавіна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?