Летась да Лондана, дзе адбывалася «вяселле года», была прыкавана ўвага амаль усяго свету. Не прайшло і году пасля вянчання прынца Вільгельма (Уільяма) і яго абранніцы Кэйт Мідлтан, як Лондан ператвараецца ў цэнтр увагі. На гэты раз Вялікабрытанія і ўсе дзяржавы Брытанскай садружнасці нацый святкуюць 60-годдзе ўзыходжання на пасад і каранацыі бабулі прынца Уільяма — Яе Вялікасці Альжбеты ІІ, з Божай ласкі Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ды іншых сваіх каралеўстваў і тэрыторый Каралевы, Галавы Садружнасці, абаронцы веры (такі поўны тытул манархіні).

* * *

6 лютага 1952 года ў Кеніі, калі прынцэса Альжбета, паводле адной версіі, сузірала насарога, паводле іншай — гледзячы на павіянаў, снедала, прыйшла вестка аб смерці бацькі — караля Георга VI. У той самы час у Лондане Ўінстан Чорчыль рыхтаваўся прыняць новую каралеву: склікаў пасяджэння [Таемнай] Каралеўскай Рады і планаваў скліканне Троннай Рады. Пра тое, як 60 год таму Альжбета стала Альжбетай ІІ, апавядае даследчык каралеўскага цырыманіялу доктар Януш Сібора з Гданьскага ўніверсітэта.

— 60 год таму Альжбета была ў 26-гадовым узросце і здзяйсняла падарожжа па Кеніі. І тут прыйшла вестка, што памёр яе бацька і яна стала каралевай.

Д-р Януш Сібора. Так, 6 лютага, у панядзелак, пачнецца вялікае святкаванне дыяментавага юбілею (шасцідзесягоддзя) Альжбеты каралевай. Дакладней, узыходжання яе на пасад, але не каранацыі. (…) Апагей святкавання прыпадзе на чэрвень.

З маленства яе рыхтавалі да ролі каралевы.

— Натуральна, яе бацькі дастаткова свядома кшталтавалі асобу каралевы з самага ранняга дзяцінства. Пра гэта сведчылі яе паводзіны. Яна была заўсёды стрыманая хоць бы ў параўнанні з яе сястрой Маргарытай. Нават калі была падлеткам і маладою дзяўчынай, дык вельмі пільнавалася, каб годна трымацца. Усведамляла, што прадстаўляе манархію. Ужо тады выбрала гэтакі стыль.

Стыль холаду, стрыманасці, невыяўлення пачуццяў….

— Ёй казалі, што нельга плакаць. Нават калі ўдарылася каленкаю, не плач. Пасля трагічнай смерці нявесткі Дыяны таксама чакалі, заплача каралева ці не. Такая стрыманасць ёсць вынікам выхавання, шматгадовай падрыхтоўкі да царавання.

Ва ўнутраным прыдворным коле дбалі таксама і пра сацыялізацыю. Прынцэсу стараліся падрыхтаваць да выканання абавязкаў каралевы, патрабуючы адначасна адпавядаць вымогам прыдворнага жыцця. Калі ёй было 12–13 гадоў, у час скаўтынгу з ёю здарыўся эпізод (відавочна, запланаваны). Бацькі загадалі пабудаваць ёй хатку на замчышчы Уіндзар. У гэтай хатцы яна бавіла час з сястрою. Домік-забаўка, які паказвалі на выставах і ў якім прынцэса вучылася нармальнаму жыццю: мыццю і гатаванню.

Пэўна можна сказаць, што важным момантам для яе была каранацыя бацькі, караля Георга VI, у маі 1937 года. Тады ёй было 11 год. Захавалася вельмі цікавае эсэ, эсэ малой прынцэсы, у якім яна апісала ўсю цырымонію каранацыі. Відаць, што яна разумела важнасць таго, што ў той час адбывалася. Думаю, што гэта быў адзін з тых першых момантаў, калі, сузіраючы каранацыю бацькі, уяўляла сабе і будучую каранацыю, уласную. З ранняе пары насіла цяжар быцця каралеваю.

А афіцыйна былі публічныя выступленні, прыёмы, падарожжы.

— Так. Бацькі, а дакладней прыдворная служба вельмі дбалі пра яе удзел у прыёмах і публічных выступленнях. Рыхтавалі да яе гэтага паступова. Часцей гэта зводзілася да ўручэння узнагароды, напрыклад, за перамогу ў конкурсе на званне найлепшага поні. Яе паступова, але адказна прызвычайвалі да кантактаў з равеснікамі, а потым да выканання больш важных абавязкаў. Паступова кола яе абавязкаў (можна сказаць, маладзёвых) пашыралася, і з імі яна паволі спраўлялалася. Рабіла гэта годна. Мы не маем звестак пра выключэнні. Яна разумела важнасць і адкрыцця выставаў, і ўручэння ўзнагародаў. Яе ўлюбёным заняткам быў удзел у калядных прадстаўленнях, на якіх яна была частым госцем. Тады сервілізм тэатраў быў яшчэ настолькі вялікі, што ў ходзе прадстаўлення рэфлектары скіроўвалі на членаў каралеўскай сям’і. Калі з’яўлялася разам з Маргарытай, на іх заўсёды звярталі асаблівую ўвагу. І яна вучылася, як паводзіць сябе з падданымі. І гэта быў уступны перыяд.

А адукацыя?

— Фармальнай адукацыі няма, але яе прафесія — каралева. Яе кшталтаванне выклікае шмат кантраверсій, бо калі была 10-гадовай, вучылася 8 гадзін на суткі. Гэта не надта шмат. Можна сказаць, што яе адукацыя больш шырокая, чым глыбокая. Таму важную ролю далей адыгрывалі падарожжы. У нейкай меры яны кампенсавалі тое, што магла даць нармальная адукацыя. Замежныя візіты важныя і з іншага пункту гледжання, бо Альжбета ўжо ўзяла на сябе цяжар адказнасці.

Дзіця ў свеце дарослых.

— Напрыклад, калі ёй споўнілася 16 год, яна стала ганаровым камандзірам грэнадзёрскіх палкоў. Атрымлівалася выдатна. Пра гэта нагадвае здымак Сэсіля Бітана (Beaton), на якім ма бачым, як Альжбета прымае парад ужо як ганаровы камандзір палка.

А васемнаццацігоддзе?

— Гэта таксама быў пераходны момант, якому папярэднічала дыскусія пра тое, ці можна Альжбеце надаць да яе 18-годдзя тытул прынцэсы Уэльскай. Гэты тытул быў зарэзерваваны для наступніка трона мужчынскага полу, таму пасля дыскусіі тытул яна не атрымала. Відаць, думалі, што ў караля і каралевы можа быць яшчэ сын. Альжбета тытул не атрымала, але атрымала ўласны герб і штандар.

Падыходзіць да канца Другая сусветная вайна.

— У апошні перыяд вайны быў выкарыстаны момант, каб паказаць, што Альжбета таксама ўдзельнічае ў справах грамадства, што яна не ў ізаляцыі. Прынцэса ўступіла у жаночую службу. У той час быў вядомы зыдмак каралевы, якая рамантуе аўтамабіль. Здымак з ключом у руцэ ля паднятага капоту грузавіка. Вядома, гэта быў пастановачны здымак, а школа, у якую хадзіла прынцэса, была вайсковая з адмыслова прыгатаванай для яе праграмай навучання, хоць казалі, што яна такая ж, як і для іншых. Для яе праводзілі асобныя заняткі, яна не кантактавала з аднакласніцамі. Тым не менш, прадаваўся здымак Альжбеты, якая бярэ чынны ўдзел ў дапаможнай жаночай службе. Там яна, дарэчы, атрымала шафёрскія правы.

Па вайне.

— Задачы штораз ускладняюцца. У сакавіку 1946 года Альжбета кіруецца ў падарожжа ў Ірландыю. Гэта было цяжкое падарожжа. Яна зразумела, і яе атачэнне таксама, што бесстароннасць манархіні не была захавана. Акцыі лаяльнасці з боку пратэстантаў былі выяўныя, а элементы сатыры ў дачыненні да каталікоў часамі нагэтулькі безгустоўныя, што, нягледзячы на станоўчыя вынікі візіту, кепскі паслясмак застаўся. Гэта быў цяжкі выклік. (Праз тры гады Ірландыя будзе абвешчана рэспублікай і цалкам самастойнай дзяржавай. — Перакладчык.)

Наступны вельмі важны візіт, які працягваўся амаль чатыры месяцы, вёў у Паўднёвую Афрыку. Альжбета суправаджае бацьку, каралеўская сям’я перамяшчаецца па краіне ў адмысловым цягніку, які назвалі «Белы цягнік». На той час прыпалі 21-я ўгодкі прынцэсы, і гэты дзень быў абвешчаны нацыянальным святам. Альжбета атрымала ключы ад брамаў Кейптаўна, а адным з прэзентаў, атрыманых ёю, было нашыйнае ўпрыгажэнне з 21 дыяментам. Была таксама патэтычная і ўзнёслая частка — Альжбета пад канец візіту выступіла па радыё з прамовай. Трохі патэтычнаю моваю напісаў яе адзін з каралеўскіх сакратароў. Прынцэса змяніла не змест прамовы, а сэнс. Поспех прадвырашылі ў той час два факты: узрост прынцэсы і ўменне надаваць словам вельмі асабовы характар. Альжбета мела вельмі добры радыёголас. Пад канец візіту яна склала прысягу на ўзор сярэднявечнай рыцарскай прысягі. Перад усёй імперыяй яна ўчыніла ўчыніла ўрачысты акт: паабяцала «ўсё жыццё, незалежна ад таго, будзе яно кароткае ці працяглае, прысвяціць службе для вас». Гэта была прамове, звернутая да яе пакалення, і спроба ўратаваць імперыю. Альжбета тут свядома ўключалася ў публічныя дэбаты. Гэта пэўны пералом. Прамова была вельмі добра ўспрынятая, хоць і была нечаканкай нават для прыдворных колаў. Прамова прагучала ў 1947 годзе, яе транслявалі на ўсю імперыю.

Прынцэса паказала свой характар.

— Калі Альжбета стала каралевай і стала жыць у Букінгемскім палацы, сыну Карлу (Чарльзу) споўнілася 3 гадкі, а дачцэ Ганне — 18 месяцаў. Каралева-маці, удава Георга VI, была абражаная тым, што павінна пакінуць палац. Каралева-маці нават напісала аднаму з уплывовых палітыкаў ліст у гэтай справе. Таксама, калі Альжбета ўзышла на пасад, яна трохі змяніла прыдворны цырыманіял і вызваліла сваіх дзяцей ад кніксэнаў перад ёю. Аднак і далей рабіць рэверансы мусілі каралева-маці і сястра, прынцэса Маргарыта.

Перш чым стала каралевай…

— У 1948 годзе выехала ў Парыж. Выглядала выдатна, прыгожа прамаўляла па-французску, чым скарыла шмат французаў і паставіла выдатныя адзнакі сваім настаўнікам. Прынцэса здзейсніла ў Парыжы закупы (Францыя была забяспечаная лепей, чым Англія, у тыя часы). А разам з тым неабходна было заплаціць і мыта. Даволі высокае… І што цікава: прынцэса спыталася тады ў свайго сакратара, ці мусілі мытнікі абкласці ўсё мытам.

Мяне шчыра пацешыла тое, што будучая манархіня задумвалася, як падмануць мытную службу. Сама брала грошы з дзяржаўнага скарбу, але была здзіўленая, калі ёй належала заплаціць за парфумы і карункі. (Каралеўская фамілія мае і свае даходы. — Перакладчык.) У 1951 годзе Альжбета выехала ў Канаду, заехаўшы на кароткі час у ЗША. Чым даўжэй прынцэса перабывала ў Канадзе, тым сардэчнейшы быў яе прыём у Краіне кляновага ліста. Кароткатэрміновы візіт у ЗША таксама быў паспяховы, для службоўцаў адміністрацыі той дзень нават быў абвешчаны вольным ад працы. Сустрэлася з прэзідэнтам Гары Трумэнам. І можна сказаць, што Альжбета належыць да тых нешматлікіх людзей, якія могуць сказаць, што сустракалі усіх амерыканскіх прэзідэнтаў, ад Трумэна пачаўшы. Яна магла б сустрэцца нават з Рузвельтам. Хацела суправаджаць бацьку падчас яго візіту ў Вашынгтон. У запрашэнні Рузвельт пісаў, што запрашае абедзвюх прынцэс і што ён нейкіх двух малых Рузвельтаў таксама выставіць. Але кароль палічыў, што прынцэсы надта маладыя і не ўзяў іх з сабою.

Вернемся да візіту Альжбеты ў ЗША. Падчас такога падарожжа пасля прыёму ў прэзідэнта наступае, паводле звычаю, рэвізіт у рэзідэнцыі госця і прыём (reception de retour на мове дыпламатаў). Прынцэса прыняла Трумэна ў брытанскай амбасадзе. Трэба памятаць, што ў Вашынгтон яна прыбыла з Канады, дзе выступала ў якасці будучай манархіні гэтай краіны. Канадцы былі пакрыўджаныя. Пэўна, нехта недаацаніў ролі дыпламатычнага пратаколу. (Прынцэса Альжбета, прыехаўшы ў ЗША з Канады, мусіла б даць прыём у гонар прэзідэнта Трумэна ў канадскай амбасадзе. — Перакладчык.)

А потым паехала ў Кенію.

— 31 студзеня 1952 г. вылецела з лётнішча Хітраў (Heathrow), бацька асабіста праводзіў яе. Ён быў пасля аперацыі, здароўе яго лепшала, і нішто не прадказвала пагаршэння. Мэтаю падарожжа была падтрымка англа-саксонскага насельніцтва Кеніі. І раптам, калі, паводле адной версіі, прынцэса сузірала насарога, а паводле іншай — глядзела на павіянаў, снедала, прыйшла вестка аб смерці караля. Калі Альжбета вярталася ў Англію, яе сакратары папрасілі журналістаў, каб тыя не рабілі здымкаў. І ўсе паслухалі. І няма на здымках моманту, калі яна сядае ў аўтамабіль і едзе на лётнішча. Цяпер такое немагчыма.

Што ў той адбываецца ў Лондане?

— Уінстан Чэрчыль аб 11-й гадзіне 6 лютага склікаў пасяджэнне Каралеўскай Рады, былі таксама ўчынены пэўныя крокі дзеля склікання Троннай Рады. Каралева заўсёды вазіла з сабою дакументы з дазволам склікаць Тронную Раду. Калі 6 лютага сабраўся кабінет, з’явілася праблема з тэкстам пракламацыі, стаяла пытанне, як акрэсліць сувязь манархіні з яе каралеўствамі. Вядома, што Садружнасць (ад часу узыходжання на пасад Георга VI. — Перакладчык.) мянялася, змяніўся юрыдычны статус Ірландыі і становішча дамініёнаў. Калі каралева вярнулася (падарожжа працягвалася 24 гадзіны), тэксты пракламацый былі гатовыя. З’явілася асобная версія пракламацыі Альжбеты II як каралевы Канады, пазней Вялікай Брытаніі, Паўднёвай Афрыкі і Аўстраліі. Яны датаваныя 6-м і 7-м лютага.

У адзін дзень нельга было ўсё гэта залатвіць?

— У кожным з тэкстаў належала ўжыць розныя фармулёўкі. Напрыклад, было апушчана вызначэнне «імперская карона», затое з’явіўся тэрмін «галава Брытанскай садружнасці нацый». Георг VI, карыстаўся гэтым тытулам з 1951 года на падставе закона аб каралеўскіх тытулах. Быў уведзены таксама прынцып раздзельнасці кароны, бо кожнай з дзяржаў належала цяпер самастойна абвяшчаць Альжбету каралевай. У 1936 годзе, калі Георг VI узыходзіў на пасад, яго абвясцілі каралём Аўстраліі ў Каралеўскай зале парламента.

Альжбета была абвешчана трохі інакш. Пракламацыю прачыталі перад парламентам на прыступках. Трэба памятаць, што брытанскія каралі мелі таксама тытул абаронцаў [англіканскай] веры, аднак у некаторых пракламацыях ад гэтага адмовіліся. Тытул «каралева брытанскіх заморскіх дамініёнаў» памянялі на «іншых дзяржаў і тэрыторыяў». Такіх юрыдычных нюансаў было нямала.

Згодна з правілам «кароль памёр, няхай жыве кароль» у панаванні не магло быць перапынку. Пры ўсёй асабістай драме належала думаць аб юрыдычных тонкасцях. Была звернутая ўвага на кожную дэталь, на кожнае слова ў тэкстах пракламацыяў.

Альжбета прыехала ў Лондан. Што робіцца 8 лютага 1952 г.?

— Сабралася Таемная [Каралеўская] Рада, бралі ў ёй удзел 175 чалавек. Пра некаторых жартавалі, што ніхто не ведаў, ці яны яшчэ жывыя, пакуль яны не з’явіліся на пасяджэнне. Каралева падпісала два асобнікі Акцэсійных актаў і была фармальна абвешчана каралевай. Гэты акт абвяшчэння Альжбеты каралевай найперш прачыталі з балкона палаца Сент-Джэймс (St. James) у Лондане, надрукавалі яго і газеты. Згодна са звычаем акт быў прачытаны ў іншых мясцінах Лондана — напрыклад, у памяшканні біржы. У замку Уіндзар яго прачыталі перад статуяй каралевы Вікторыі.

На здымках урачыстасці відаць, што трубачы каралеўскай кавалерыі мелі на грудзях яшчэ рэгаліі з выгравіраванымі сімваламі караля Георга VI, толькі потым іх памяняюць на ER [Elisabetha Regina], на сімвал каралевы Альжбеты.

І Альжбета стала каралевай.

— Не без праблем, бо паўстала пытанне: як быць з прозвішчам спадкаемцы пасаду? Пыталіся, якое прозвішча будуць насіць дзеці, народжаныя ў сужэнстве Альжбеты і Піліпа Эдынбургскага — Уіндзар (па маці) ці Маўнтбэтэн (Mountbatten; па бацьку). Прынц Піліп скардзіўся потым, што ён — адзіны мужчына, які не можа перадаць сваё прозвішча дзецям. (Прынц Піліп атрымаў кампенсацыю: двайное прозвішча — Маўнтбэтэн-Уіндзар — мае, напрыклад, ягоны ўнук прынц Генрых (Гары) Уэльскі. — Заўвага перакладчыка.)

Праз шэсцьдзясят гадоў можам сказаць, што Альжбета стала маркай.

— Калі Альжбета ўзыходзіла на пасад, Чэрчыль казаў: наступае другая альжбецінская эпоха (кажучы так, сэр Уінстан Чэрчыль меў на ўвазе эпоху Альжбеты І. — Перакладчык.), але мне здаецца, што ў гэтым выпадку мы маем справу з нечым іншым. Свет гэтак хутка мяняўся, што цяжка казаць пра альжбецінскую эпоху, але каралева, падабаецца нам гэта ці не, сваёй вялікай асабовасцю надае тон свету. Мае ў сабе нешта няўлоўнае — яе стыль нязменны і пастаянны, і адначасова яна не адстае ад перамен, якія адбываюцца ў свеце. Альжбета ІІ стварае вакол сябе пэўную аўру. На свеце шмат манархіяў, але за крытэрый супастаўлення, ацэнкі звычайна бярэцца брытанская манархія.

Прэзідэнт ЗША быў моцна здзіўлены падчас апошняга візіту ў Злучанае Каралеўства. Калі ў 2009 годзе Альжбета прымала Ангелу Мэркель, тая адправілася на прыём у нагавіцах. Пачалася сапраўдная дыскусія, ці можна гэтак. Потым выявілася, што строй канцлеркі Нямечынны быў узгоднены з каралеўскім дваром.

Спашлюся на яшчэ адно выказванне Чэрчыля. Ён казаў, што Альжбета II дасканала іграе ролю каралевы. Казаў, што для гэтае ролі няма лепшай акторкі. Думаю, што на Альжбету трэба глядзець як на марку. Гаворка ідзе пра пэўную з’яву. З’яву, якая завецца каралевай Альжбетай II. Няхай наша размова будзе сціплым прэзентам на дыяментавы юбілей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?