Арнольд Шварцэнегер выклаў у сеціва фота, на якім ён і Сільвестр Сталоне ляжаць у бальнічнай палаце на суседніх ложках.

«Пасля ўсіх трукаў, скачкоў і боек, якія мне давялося перажыць падчас здымак у фільмах „Нястрымныя-2“ і „Апошняя бітва“, майму плячу трэба невялікі рамонт. Во зірніце, хто апынуўся проста за мной у чарзе да лекара», —
напісаў былы губернатар Каліфорніі ў сваім мікраблогу.

Раней стала вядома, што

Шварцэнегер і Сталоне далі згоду сыграць дуэтам ў новым фільме шведскага рэжысёра Мікаэля Хофстрэма «Грабніца».

У фільме Сталоне сыграе стваральніка турмы, з якой немагчыма ўцячы. Галоўны герой робіцца ахвярай змовы і апынаецца за кратамі, прычым пад аховай электронных сістэм уласнага вынаходніцтва. Уцячы з турмы яму дапамагае іншы зняволены — яго грае Шварцэнегер.

Апублікаваны Арнольдам здымак выклікаў не толькі віхуру захаплення сярод прыхільнікаў баевікоў 1980-х, але і хвалю крытыкі.

Скептыкі лічаць, што фатаграфія з бальніцы — толькі трук, каб прарэкламаваць фільмы, у якіх скончылі здымацца акцёры.
Прыдзірлівыя гледачы пэўныя, што шпрыц, які тырчыць з шыі Сталоне на здымку, — фальшывы, піша Telegraf.by.

Але дзеці 1980-х і падлеткі 1990-х даруюць Рэмба фальшывы шпрыц. Хоць бы за тое, што цягліцы і ў Сільвестра, і ў Шварца — сапраўдныя. Рэдкасць у век сілікону і кампутарных тэхналогій. Зрэшты,

мы любім нават не гэтых багатых і паспяховых актораў, якія многае паспрабавалі ў жыцці. Хутчэй, свой успамін пра той час, калі можна было спрачацца ў раздзявалцы пасля фіз-ры, хто дужэйшы — Арнольд ці Рэмба.
Калі ў вольных падвалах і кладоўках узнікалі «качалкі», дзе гэтыя двое (часам да іх далучаўся трэці — Брус Лі) глядзелі са сценаў, з танных плакатаў. І погляд з-пад фірмовых цёмных акуляраў прымушаў лішні раз выціснуць штангу. Ці тое, што яе замяняла.
Іх героі змянялі светапогляд савецкіх падлеткаў.
Невядома, чаго было болей у новым светапоглядзе — культу сілы ці прагі справядлівасці і сапраўднасці. Відаць, кожны ўспрымаў у меру сваіх схільнасцяў. Таму і чапляе нас, сёння такіх розных, фота Шварцэнегера і Сталоне на бальнічных ложках. Нібы знак хуткаплыннасці жыцця і таго, што ўсё мае свой канец. Мы ж думалі, яны жалезныя і вечныя.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?