У мінулую пятніцу калегія па крымінальных справах абласнога суда завяршыла судовае следства па справе аб выбуху на заводзе ДСП. Перад закрыццём судовага пасяджэння адвакат Ігара Логвіна зачытала хадайніцтва працоўнага калектыву ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» у падтрымку абвінавачаных і папрасіла Андрэя Курысюка, які старшынствуе на працэсе, далучыць калектыўнае меркаванне і пратаколы сходаў да матэрыялаў крымінальнай справы.

Зыходзячы з пратаколаў,

толькі адзінкі прагаласавалі супраць хадайніцтва або устрымаліся, асноўная маса людзей, якія прымалі ўдзел у сходах, падтрымалі прапанаваныя фармулёўкі.

Складана сказаць, якое ўражанне зрабіў гэты дакумент на суддзю — старшыня прыняў яго без бачных эмоцый, а вось для чытачоў ён, думаецца, будзе вельмі цікавы.

Таму прыводзім яго тэкст:

Працоўны калектыў ЗАТ «Холдынгавая кампанія „Пінскдрэў“ не можа знаходзіцца ў баку ад працэсаў, звязаных з трагедыяй, якая напаткала „Пінскдрэў-ДСП25.10.2010 г., і суда па крымінальнай справе ў гэтай сувязі. Нам не абыякавы лёс абвінавачваных па крымінальнай справе работнікаў холдынгу Логвіна Леаніда Мікалаевіча, Шастакова Уладзіміра Віктаравіча і Логвіна Ігара Аляксандравіча, у пазбяганне вынясення неправасуднага выраку ў дачыненні да іх,

будучы пэўнымі сведкамі жорсткага кіравання, устаноўленага былым генеральным дырэктарам ЗАТ Арынічам Л.С.,
пры якім наяўнасць службовых паўнамоцтваў у былога дырэктара СТАА „Пінскдрэў-ДСП“ Логвіна Л.М. і былога галоўнага інжынера СТАА „Пінскдрэў-ДСП“ Логвіна І.А., а таксама галоўнага інжынера ЗАТ „Холдынгавая кампанія „Пінскдрэў“ Шастакова У.В. насіла толькі выключна фармальны характар, без наяўнасці ў кожнага з іх рэальнай магчымасці самастойна выкарыстоўваць свае службовыя паўнамоцтвы на выкананне арганізацыйна-распарадчых функцый і юрыдычна значных дзеянняў. Ні Логвін Л.М., ні Шастакоў У.В., ні тым больш Логвін І.А. не маглі паўплываць і не маглі змяніць палітыку генеральнага дырэктара ў галіне аховы працы, пажарнай бяспекі, правядзення здзелак, закупкі абсталявання, яго размяшчэння, выпыску праектнай дакументацыі і т. д., бо статутам таварыства замацавана абавязковае выкананне і абавязковае падначаленне для ўсіх ніжэйшых службовых асоб як пісьмовым, так і вусным распараджэнням генеральнага дырэктара, за найменшае невыкананне якіх было б звальненне.

На становішча спраў у галіне аховы працы і пажарнай бяспекі ў ЗАТ не маглі паўплываць наглядныя органы і вышэйшыя службовыя асобы горада,

бо генеральны дырэктар Арыніч Л.С., маючы сувязі ва уплывовых колах, не дапушчаў умяшання ў сваю дзейнасць і метады кіраўніцтва.

Рэгулярна адсочваючы ўсе публікацыі ў СМІ, інтэрнэце, атрымліваючы інфармацыю з залы суда, мы не лічым, што выбух звязаны з неналежным выкананнем сваіх службовых абавязкаў абвінавачанымі Логвіным Л.М., Шастаковым У.В. і Логвіным І.А., бо за ўвесь час шматгадовай працы Логвін Л.М. і Шастакоў У.В. выключна сумленна ставіліся да сваіх службовых абавязкаў, чым унеслі значны ўклад у развіццё прадпрыемства. Як Логвін Л.М., так і Шастакоў У.В. неаднаразова ўзнагароджваліся ганаровымі граматамі як лепшыя спецыялісты галіны, якія валодаюць высокай кваліфікацыяй і выканальніцкай дысцыплінай, чым здабылі павагу і аўтарытэт працоўнага калектыву ЗАТ…

На падставе выкладзенага, у выпадку наяўнасці ў суда думкі аб вінаватасці Логвіна Л.М., Шастакова У.В. і Логвіна І.А., пераканаўча просім ўлічыць усе фактычныя абставіны, якія перашкаджаюць выкананню імі сваіх службовых абавязкаў, іх сумленную шматгадовую працу, выключную станоўчую характарыстыку як на працы, так і ў побыце, магчымасць сваёй сумленнай працай і законапаслухмяным паводзінамі прынесці вялікую карысць грамадству, прыйсці да пераканання аб дастатковасці і справядлівасці прызначэння ім пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі, падаўшы магчымасць працаваць у ЗАТ „Холдынгавая кампанія“ Пінскдрэў“».

Хадайніцтва ад імя працоўнага калектыву падпісалі 22 чалавекі — сябры назіральнай рады ЗАТ, галоўны інжынер, намеснікі гендырэктара і кіраўнікі філіялаў, словам, усё бліжэйшае асяроддзе былога гендырэктара.

Тут, аднак, дарэчы ўспомніць і вось што.

Не раней як пяць гадоў таму ў Пінскі гарвыканкам ад імя ўсё таго ж працоўнага калектыву за подпісамі таго ж дырэктарскага корпуса накіроўвалася хадайніцтва,
у якім «шматтысячны калектыў» ацэньваў свайго нязменнага кіраўніка толькі са станоўчага боку і прасіў прысвоіць яму званне «Ганаровы грамадзянін г. Пінска»…
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?