1 796 подпісаў жыхароў Салігорску сабралі актывісты незарэгістраванага «Маладога Фронту» ў падтрымку беларускай мовы ў гарадзкім грамадзкім транспарце, у мясцовых СМІ. Подпісы перададзеныя ў мясцовы гарвыканкам.

Збор подпісаў быў распачаты на пачатку лютага. Арганізавалі яго сябры Салігорскае філіі незарэгістраванага «Маладога Фронту». Сярод падпісантаў – Аляксандар Мілінкевіч. Моладзь зладзіла ў Салігорску некалькі пікетаў ў падтрымку беларускае мовы, праводзіла інфармацыйныя акцыі. У прыватныя й дзяржаўныя прадпрыемствы горада, фірмы й арганізацыі былі накіраваныя звароты.

Усяго было вылучана чатыры прапановы: беларусізаваць грамадзкі транспарт, арганізаваць правядзеньне ва ўсіх навучальных установах гораду літаратурнага конкурсу «Мова маіх продкаў», зладзіць на мясцовым тэлебачаньні беларускамоўнае ток‑шоў, стварыць у мясцовай афіцыйнай газэце «Салігорскі весьнік» адмысловай рубрыкі, прысьвечанай гісторыі і культуры Случчыны.

У аўторак 27 лютага моладзевыя актывісты мелі сустрэчу з мэрам Салігорску Аляксандрам Рымашэўскім, падчас якой і былі перададзеныя подпісы. Уражаньнямі ад сустрэчы зь кіраўніцтвам гораду дзеліцца актывіст салігорскага «Маладога фронту» Іван Шыла: «Нашыя подпісы прынялі і зарэгістравалі, але спадзявацца на спрыяньне з боку гарадзкіх уладаў, мабыць, не выпадае». Па яго словах, сэнс гутаркі зьвёўся да таго, што моладзь займаецца ня тым, што яна дзейнічае ад імя «купленых амэрыканцамі палітыкаў і арганізацыяў». На думку сп. Рымашэўскага, пытаньні мовы і культурна‑гістарычнай спадчыны мала цікавяць месьцічаў. Ён прапанаваў моладзі заняцца сапраўднай працай – у горадзе будуецца лядовы палац, і моладзь мусіла б агітаваць салігорцаў удзельнічаць у суботніках і пералічваць сродкі на пабудову палацу.

У часе гутаркі мэра Салігорску паінфармавалі таксама пра правядзеньне сэрыі вясновых акцыяў. На што ён ізноў паўтарыў: «Ня тым займаецеся, лепш бы кароваў даілі ў аграгарадках».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?