Прадстаўнікі рыэлтарскіх кантораў неафіцыйна пацвярджаюць, што былы кыргызскі лідар Курманбек Бакіеў купіў за 2 мільёны даляраў элітны катэдж у Раўбічах пад Мінскам, аднак падрабязнасці здзелкі падаваць баяцца — непакояцца, што гэта нэгатыўна адаб’ецца на бізнэсе.

Як кажуць супрацоўнікі агенцтваў нерухомасці, не так даўно былы кыргызскі лідар займеў у Беларусі ўласны кут. Адпачатку Бакіеў з маладой жонкай і двума малымі дзецьмі жыў у адным з санаторыяў у Бярэзінскім біясфэрным запаведніку, аднак ці то беларускі бок перастаў задавальняць спецыфічны кватарант, ці то Бакіеў сабраўся пусціць у Беларусі карані надоўга, але сітуацыя зьмянілася.

На ўмовах ананімнасці адзін з рыэлтараў распавёў, што Бакіеў аформіў досыць адметную па беларускіх мерках здзелку:

«У Раўбічах катэдж — цагляны, трохпавярховы, з цэнтральнымі камунікацыямі. Кошт — 2 мільёны 50 тысяч даляраў.
Зразумела, што такі кошт мае на ўвазе наяўнасць усіх выгодаў, якія толькі можна сабе ўявіць».

Праўда, пры гэтым рыэлтар удакладняе, што кошт урэшце мог быць «збіты» да 1 мільёна 700 тысяч даляраў, бо такая папярэдняя дамоўленасць з гаспадаром была. Таксама пакуль няма звестак, калі канкрэтна навасёлы мяркуюць перасяліцца ў новае жыллё. Дарэчы, трапіць на тэрыторыю, дзе ў Раўбічах месцяцца элітныя катэджы, досыць складана: уезд у ахоўную зону — праз шлагбаўм, які адкрываецца адмысловым чыпам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?