Фота Андрэя Лянкевіча

Самым важным і знамянальным у выбарчай кампаніі ў момант, калі пішуцца гэтыя радкі, уяўляецца факт выступу апазыцыйных кандыдатаў па БТ. Нават ня зьмест сэнсацыйных выступаў абодвух кандыдатаў, але вонкавая адсутнасьць рэакцыі ўлады на яго. Зразумела, у недзяржаўнай прэсе водгукаў хапала. Але і тут палітыкаў і журналістаў цікавіў, здаецца, ня столькі аналіз выступаў, колькі той факт, што яны выйшлі ў этэр без купюраў. Усе пачалі задавацца адным і тым самым пытаньнем на розны лад: чаму?

Загад ёсьць загад

Адным зь першых сваё тлумачэньне даў Янаў Палескі на сайце nmnby.org. На ягоную думку, прапагандысцкая сыстэма (сетка з буйнымі дзіркамі, паводле вызначэньня аўтара) проста дала збой. Нехта там на тэлебачаньні нешта недагледзеў, не зразумеў, паставіўся абыякава да сваіх абавязкаў.

Больш наіўнае тлумачэньне цяжка прыдумаць. Калі б «збой» адбыўся недзе ў кацельні камунальнай службы, работнік якой нападпітку забыўся ўключыць гарачую ваду, ці на чыгунцы, дзе стрэлачнік забыўся перавесьці стрэлкі, гэта было б цалкам натуральна. Аднак калі дае «збой» галоўная частка дзяржаўнай прапагандысцкай машыны, неаднаразова правераная ды нанова адладжаная адмыслова пад выбары, тут ужо выпадковасьці выключаюцца. Інакш трэба было б зрабіць выснову, што на прэзыдэнцкім тэлебачаньні ды ў адміністрацыі працуюць спрэс дурні. Гэткія фантазіі нагадваюць пасьляваенныя савецкія фільмы, дзе мужным партызанам і бліскучым выведнікам процістаялі дэбільныя карыкатурныя фашысты.

Так, у прафэсійным пляне журналісты БТ талентамі не вылучаюцца. Але ж ня трэба забывацца, што пераважная большасьць іх мае другую прафэсію, якая патрабуе зусім іншых талентаў. Ва ўсялякім выпадку, што такое субардынацыя і як трэба выконваць загады начальства, яны ведаюць дасканала.

Так што, выдаўшы ў этэр выступы Мілінкевіча і Казуліна, яны ўсяго толькі выканалі загад. Доказам можа служыць тое, што дзяржаўнае тэлебачаньне не адрэагавала на абодва выступы — ні ў той самы дзень, ні наступным днём не зьявілася нават камэнтароў з гэтай нагоды. Праўда, кіраўнік дзяржавы, гаворачы аб намеры нарошчваць моц узброеных сілаў і органаў бясьпекі, як бы ўскосна скрытыкаваў, не называючы імёнаў, прапанову Мілінкевіча паставіць дзейнасьць спэцслужбаў у цывілізаваныя рамкі. Асабістыя ж абвінавачаньні Казуліна ў свой адрас Лукашэнка прапусьціў між вушамі.

Не адрэагаваў і ЦВК. Без аніякіх тлумачэньняў камісія вырашыла «пакуль» не рабіць заўвагаў кандыдату ў сувязі зь ягонымі празьмерна «эмацыйнымі» заявамі ў тэлеэтэры. Дзіўная паблажлівасьць, калі ўспомніць, што падчас рэгістрацыі кандыдатаў старшыня ЦВК Ярмошына ня стала чакаць. Яна адразу зрабіла вельмі рэзкую заўвагу Казуліну ў сувязі зь ягонымі словамі, якія датычылі кнігі Алкаева «Расстрельная команда». Менавіта гэтыя пасажы, нагадаем, былі выразаныя на БТ з рэпартажу аб паседжаньні Цэнтравыбаркаму і менавіта яны зрабіліся ўдарнымі момантамі выступу Казуліна ў мінулую сераду. Не прадбачылі? Не пасьпелі выразаць? Не наважыліся «падкараціць» кандыдата, саромеючыся назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ? Кожнае з гэтых меркаваньняў выглядае фантастычным.

Ці не прасьцей зрабіць выснову, што скандальны імідж, які ўжо створаны вакол Казуліна, дзякуючы СМІ і ягоным уласным паводзінам, задавальняе дзяржаўную прапаганду?

Два імгненьні вясны

Выпадкова ці не, але першы выступ Мілінкевіча па тэлебачаньні папярэднічаў выступу Казуліна, а не наадварот. Як казаў герой «17-ці імгненьняў вясны» Штырліц, суразмоўца найлепш запамінае з размовы апошнюю фразу. І глядач таксама.

Эфэктная сцэна з разрываньнем газэты «Беларусь сегодня» з фатаграфіямі Лукашэнкі і Ярмошынай нібыта вянчала тэлевізійны міні-сэрыял. Яна стала свайго роду фінальным акордам у двухактавай п’есе, дзе паводле законаў драматургіі кульмінацыя й разьвязка наступаюць у апошняй частцы. Якім бы прадуманым, шчырым і сур’ёзным ні быў маналёг першага ўдзельніка, пра якія б важныя рэчы ён ні казаў, усё адно глядач мусіў быў запомніць і запомніў фінал. На наступны дзень толькі й гаворкі было пра казулінскія эскапады, ягоную манеру зьвяртацца да галоўнага апанэнта на «ты» і ўменьне «рэзаць праўду-матку». На тле такога героя адзіны кандыдат ад апазыцыі выглядаў куды менш эфэктна. Стала відавочна, што калі над тэкстам ягоныя памочнікі папрацавалі няблага, дык над сцэнаром ды іміджам трэба працаваць ня менш, выглядае, забыліся. (Між іншым, выступы кандыдатаў на дзяржаўным радыё, апублікаваныя загадзя ў інтэрнэце, самі сабою пакідаюць даволі слабое ўражаньне. Усё-ткі вонкавы выгляд, інтанацыі, унутраны энэргетычны зарад адыгрываюць вельмі важную, калі не вырашальную ролю ва ўспрыняцьці асобы.)

У словах Казуліна скразілі шчырая крыўда на кіраўніка дзяржавы, імкненьне зьвесьці зь ім рахункі. Складваецца ўражаньне, што ў гэтым сваім жарсным жаданьні ён гатовы пайсьці да канца. Відавочна, улада не даруе яму асабістых выпадаў супраць вышэйшага кіраўніка, і кандыдат гэта цудоўна ведае. Фактычна, сваім выступам Казулін перайшоў рубікон, і ў асабістай мужнасьці яму не адмовіш. Гэтым ён адрозьніваецца і ад Уладзімера Жырыноўскага, хамскія эскапады якога заўсёды паблажліва ўспрымаліся прэсай і ўладамі, і ад Аляксандра Лукашэнкі, які нярэдка паводзіў сябе падчас сваіх першых прэзыдэнцкіх выбараў на мяжы фолу. Хаця рысы абодвух гэтых палітыкаў у асобе былога рэктара яўна прысутнічаюць. І можна не сумнявацца, што менавіта гэтыя рысы могуць запомніцца й нават спадабацца многім беларускім выбарцам. Дастаткова ўспомніць выбары 1994 г., якія Казулін назваў каляровай рэвалюцыяй.

Просты, як праўда

Дык навошта ж уладзе патрэбны такі неўтаймаваны, кажучы па-расейску, «безбашенный» кандыдат? А дзеля таго, каб нэўтралізаваць сапраўдную альтэрнатыву — адзінага кандыдата ад дэмакратычнай апазыцыі.

Зьвярніце ўвагу, што БТ вельмі рэдка называе, калі ўвогуле называе, імёны кандыдатаў. Часьцей за ўсё, паказваючы Казуліна — напрыклад, кадры, дзе той спрабуе ўламіцца ў зачыненыя дзьверы нацыянальнага прэс-цэнтру, — БТ гаворыць проста: «апазыцыя». Маўляў, усе яны там аднолькавыя. Казулін, выглядае на тое, здолеў добра напалохаць сваімі нястрыманымі паводзінамі ды манерамі дэсантніка значную частку абываталяў. Але частка ўспрымае словы кандыдата як адкрыцьцё.

Мілінкевіча ж зь ягоным інтэлігэнтным тварам увогуле стараюцца не паказваць. У гледача, які ў масе сваёй ня ведаў дагэтуль ні Казуліна, ні Мілінкевіча павінен сфармавацца ў сьвядомасьці штамп: абое рабое.

Але ж ці не рызыкуе ўлада, дапамагаючы «раскруціць» былога марпеха, наваяўленага клона дзейнага прэзыдэнта? Не, не рызыкуе, бо, у адрозьненьне ад каманды Кебіча ў 1994-м, улада сёньня цалкам кантралюе гэты працэс.

Усе мінулыя й будучыя эксцэсы, зьвязаныя з Казуліным, улада будзе імкнуцца прычапіць да Мілінкевіча, зваліць на яго ўсе чужыя грахі з мэтай дыскрэдытацыі аб’яднанай апазыцыі. А потым, на сьмех, яна афіцыйна «падзеліць» паміж двума кандыдатамі якія-небудзь паўадсоткі галасоў. Не 20—25%, на якія некаторыя апазыцыянэры ўсё яшчэ спадзяюцца, а менавіта нуль цэлых, некалькі дзясятых...

На сайце tut.by былі зьмешчаныя вынікі інтэрактыўнага апытаньня наведнікаў: выступ якога з двух кандыдатаў больш спадабаўся — Казуліна ці Мілінкевіча? За кожнага выказаліся па 33 працэнты. Зразумела, вынікі апытаньня на адным з сайтаў яшчэ не паказчык агульных настрояў электарату. Але ж тое, што галасы ў гэтым выпадку падзяліліся акурат пароўну, аб нечым гаворыць.

Сябрам каманды Мілінкевіча нічога не застаецца, як моўчкі назіраць за ростам папулярнасьці спаборніка — «раскольніка». Трэба прызнаць, што ў гэтага кандыдата «адзінаму» ёсьць чаго павучыцца: той самай рашучасьці, жорсткасьці, уменьня знайсьці самыя балючыя кропкі ў ворага, здольнасьці ня толькі гучна гаварыць, але рабіць нестандартныя ўчынкі. Цяпер, аднак, часу вучыцца ўжо няма — апазыцыі даводзіцца дзейнічаць ва ўсё больш жорсткіх, абмежаваных часам і дзеяньнямі ўладаў, умовах. І калі, напрыклад, улада пойдзе на рэпрэсіі супраць аднаго з кандыдатаў, другому прыйдзецца прымаць цяжкія рашэньні, улучна з тым, ці ўдзельнічаць далей у выбарах. Ці гатовая апазыцыя да такога разьвіцьця падзеяў? Ці гатовая яна, напрыклад, перайсьці да байкоту? Пытаньняў узьнікае ўсё больш. Між тым, ствараецца ўражаньне, што апазыцыя замест таго, каб спрабаваць адказаць на самыя вострыя пытаньні й выклікі, усё больш ператвараецца ў назіральніка за падзеямі, хада якіх ад яе ўжо нібы й не залежыць.

Асымэтрычны адказ

Трэба заўважыць, паміж іншым, што абодва кандыдаты рэзка крытыкавалі ў сваіх выступах уладу — адзін больш, другі менш — за мінулае, але ніхто зь іх не згадаў арыштаў маладых грамадзкіх актывістаў, якія правёў напярэдадні КДБ. Магчыма, кандыдаты проста не пасьпелі адрэагаваць? У адрозьненьне ад дзярждэпартамэнту ЗША.

Насамрэч, улада на першыя выступы кандыдатаў усё ж ткі адрэагавала. Толькі гэта быў, так бы мовіць, асымэтрычны адказ. Мілінкевічу, які казаў аб правох чалавека і аб неабходнасьці выхаду зь міжнароднай ізаляцыі, адказам стаў арышт накладу брашураў з тэкстам рэзалюцыі ААН аб стане правоў чалавека ў Беларусі. У сувязі з распаўсюдам афіцыйнага дакумэнту ААН чэская амбасада ў Менску была абвінавачаная ледзь не ў дывэрсійнай дзейнасьці.

У сувязі з гэтым успамінаецца эпізод трыццацігадовай даўніны. Тэкст заключнага Хэльсынскага пагадненьня, якое пакла- ла пачатак стварэньню АБСЭ, у 1975-м быў апублікаваны ў савецкіх газэтах. Там быў і разьдзел, які датычыў правоў чалавека. Дык вось, чытаць тыя газэты ў савецкіх папраўчых лягерах было катэгарычна забаронена — за гэта зэк мог патрапіць у карцэр як за нелегальную літаратуру. Як бачым, лягерныя парадкі ў цяперашняй Беларусі дзейнічаюць і ў грамадзянскім жыцьці.

«Адказ» Казуліну быў яшчэ больш суворым. Газэта сацыял-дэмакратаў «Згода» зачыняецца паводле рашэньня пракуратуры за перадрук карыкатураў на прарока Мухамада.

Рэч ня толькі ў тым, што галоўны рэдактар газэты Кароль уваходзіць у выбарчы штаб Казуліна. Факт публікацыі стаўся цудоўным падарункам для дзяржаўнай прапаганды, якой ня трэба больш нічога прыдумляць. Зь яе гледзішча, апазыцыя займаецца распальваньнем міжканфэсійнай варажнечы з мэтай дэстабілізацыі становішча ў краіне. БТ, зразумела, спакойна можа паказваць фільмы кшталту «Духоўнай вайны», якім пазайздросьціў бы нават нябожчык Уладзімер Бягун, нястомны змагар з жыдамасонскай змовай і сіянізмам. Абразы пэўнай нацыянальнасьці ня лічацца на постсавецкай прасторы злачынствам.

Дый меркаваная абраза пачуцьцяў мусульманскіх вернікаў улады, напэўна, мала хвалюе. Бо ўявіць сабе дэманстрацыі пратэсту мусульманаў у Беларусі, асабліва калі ўлічыць іхную колькасьць, а таксама сьціплы наклад газэты «Згода», немагчыма нават у дурным сьне.

Не рабіць хвалю

Можна, вядома, усьлед за Аляксандрам Фядутам усклікнуць: я карыкатураў ня бачыў, але іх публікацыю асуджаю! Няхай жыве паліткарэктнасьць! Праблема паліткарэктнасьці, вядома, самая актуальная з усіх праблемаў, якія хвалююць сёньня беларусаў. Праблема свабоды слова, а таксама свабоды сумленьня ў Беларусі з адлегласьці, напэўна, выглядае ў параўнаньні з паліткарэктнасьцю такой драбязой, пра якую ня варта й гаварыць. Само сабой зразумела, пачуцьці мусульманаў (як і хрысьціянаў, юдэяў, будыстаў, крышнаітаў і г.д.) трэба заўсёды ўлічваць і паважаць. Аднак калі ўлада становіцца на бок абскурантаў і рэлігійных фанатыкаў, то ў першую чаргу такая ўлада заслугоўвае адпаведных ацэнак, а потым ужо газэта, якая набыла цяпер шырокую вядомасьць, дзякуючы рэпрэсіям айчыннай улады.

Няўжо камусь не зразумела, што карыкатуры ў дацкай газэце былі толькі падставаю, а не прычынай масавых дэманстрацыяў, інсьпіраваных рэжымамі некаторых азіяцкіх краінаў? Гэтак перадрук карыкатураў у Беларусі стаўся ўсяго толькі падставаю, абгрунтаваньнем новых рэпрэсіяў супраць незалежнага друку і шальмаваньня апазыцыі ў пярэдадзень выбараў. Не было б гэтай недарэчнай публікацыі — знайшлася б ці была б прыдуманая іншая падстава.

Падсумоўваючы вынікі першых тыдняў выбарчай кампаніі, можна заўважыць, што грамадзкае жыцьцё, грамадзкая дыскусія, дзякуючы абодвум апазыцыйным кандыдатам, яўна ажывілася. Даўно не было чуваць гэткіх гарачых спрэчак паміж звычайнымі людзьмі, якія даўно, здавалася б, махнулі рукой на палітыку і на палітыкаў. І гэта было б добра. Калі б за спрэчкамі ды дыскусіямі праглядала хоць нейкая альтэрнатыва цяперашняму стану рэчаў. Загадзя прашу прабачэньня ў тых чытачоў, якім ужо, мабыць, надакучыла манера аўтара гэтых радкоў згадваць старыя анэкдоты. Але не магу ўстрымацца, каб не згадаць яшчэ адзін: пра людзей, якія сядзяць па самыя шыі ў дзярме. Адзін зь іх раптам пачынае махаць рукамі й крычэць: «Хопіць! Колькі можна цярпець?! Сорамна! Трэба нешта рабіць!» А сусед, захлынаючыся, крычыць яму ў адказ немым крыкам: «Не рабі хвалю, не рабі хвалю!..»

І сапраўды, колькі можна? Трэба выбірацца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0