Ясная канцэпцыя пагашэння знешняга дзярждоўгу павінна быць выстраена ў Беларусі, заявіў прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч 15 лютага на пасяджэнні калегіі Міністэрства фінансаў, паведамляе прэс-служба ўрада.

Прэм’ер-міністр зазначыў, што ў хуткім часе ва ўрадзе будуць разгледжаны асноўныя прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2013 год. «Да гэтага часу трэба мець вывераныя разлікі безумоўнага выканання ўсіх нашых знешніх абавязацельстваў без урону для эканомікі», — заявіў ён. Кіраўнік урада запатрабаваў арганізаваць дакладную сістэму працы над рэфінансаваннем назапашаных даўгоў, каб размеркаваць пікі выплат па часе. Адпаведная прапанова ад дзяржорганаў павінна паступіць у Савет міністраў.

Закранаючы пытанні ўнутранага дзярждоўгу, прэм’ер звярнуў увагу на асаблівасці кіравання даўгавой нагрузкай мясцовых органаў улады. Іх унутраны доўг на 1 студзеня 2012 года склаў 29,7 трлн. рублёў. Гэта амаль 62% даходнай часткі мясцовых бюджэтаў. А ў Брэсцкай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях гэты паказчык дасягае 80%. У сувязі з гэтым Мясніковіч даручыў разгледзець гэтыя пытанні з удзелам старшыняў аблвыканкамаў і прыняць неабходнае рашэнне. Мінфін павінен забяспечыць каардынацыю працы па аптымізацыі ўнутранага дзяждоўгу. «Прэзідэнт даў ясныя даручэнні: усе павінны разлічвацца па сваіх абавязацельствах, і гэта трэба забяспечыць у практычнай працы», — рэзюмаваў прэм’ер-міністр.

Паводле звестак Міністэрства фінансаў, дзяржаўны доўг Беларусі па выніках 2011 года ўзрос у 3,8 разу і склаў 144,134 трлн. рублёў. Пры гэтым за снежань у параўнанні з лістападам ён узрос на 15,9%.

Аб’ём знешняга дзярждоўгу ў рублёвым эквіваленце ўзрос за мінулы год у 3,85 разу, у тым ліку на 8,6% за снежань — да 111,888 трлн. рублёў на 1 студзеня 2012 года.

Аб’ём унутранага дзярждоўгу склаў 32,246 трлн. рублёў, павялічыўшыся ў 3,5 разу за 2011 год, у тым ліку на 51,3% за снежань.

У структуры дзярждоўгу доўг цэнтральнага ўрада склаў 116,380 трлн. рублёў, павялічыўшыся ў 3,8 разу за студзень-снежань, у тым ліку на 11,4% за снежань. Доўг суб’ектаў гаспадарання, гарантаваны ўрадам, склаў 27,754 трлн. рублёў, павялічыўшыся ў 3,6 разу за 2011 год, у тым ліку на 39,9% за снежань.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?