Нашага земляка Канстанціна Ельскага, як і многіх беларусаў ХІХ стагоддзя, можна назваць падарожнікам і першаадкрывальнікам не з сваёй ахвоты. У чужыя краі штурхала высылка або небяспека палітычных рэпрэсій пасля вызвольных паўстанняў.
Зан, Чэрскі, Дамейка, Ходзькі — спіс можна доўжыць. Ельскі — адзін з тых, хто прыносіў карысць сусветнай навуцы, выштурхнуты з радзімы.

Канстанцін Ельскі нарадзіўся 17 лютага 1837 у вёсцы Ляды Ігуменскага павета (цяпер — Смалявіцкі раён) у сям’і збяднелага шляхціца.

Бацька быў удзельнікам паўстання Касцюшкі.
Канстанцін скончыў Мінскую гімназію, вывучаў медыцыну ў Маскве. Пасля, скончыўшы матэматычна-прыродазнаўчы факультэт Кіеўскага ўніверсітэта, працаваў выкладчыкам у Кіеўскай гімназіі і ўніверсітэце. Навуковую ступень магістра атрымаў за даследаванне анатоміі малюскаў.
Адным з першых сярод вучоных Расійскай імперыі Ельскі падтрымаў эвалюцыйную тэорыя Дарвіна.

Але патрыятычны абавязак палічыў важнейшым за навуковы.

Ельскі ўдзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1863–1864 ва Украіне. Каб пазбегнуць арышту ў час рэакцыі, эміграваў.

«Без пашпарта ён перайшоў у Бесарабію, — піша прафесар Адам Мальдзіс. — Але тут яго высачылі турэцкія жандары. Без грошай у кішэні Ельскі апынуўся ў Канстанцінопалі і, каб зарабіць на хлеб, расфарбоўваў для турэцкіх школ геаграфічныя карты, удзельнічаў у геалагічных экспедыцыях.

У 1865 годзе сябры дапамаглі Ельскаму перабацца ў Парыж. Але і тут не было адпаведнай работы.

Даведаўшыся, што з Тулузы ў Гвіяну, паўднёваамерыканскую калонію Францыі, адпраўляецца ваенна-транспартны карабель, Ельскі напісаў заяву на імя міністра марского флоту з просьбай выдаць яму бясплатны білет пасажыра самага ніжэйшага класа.
Неўзабаве прыйшоў дазвол.

Зборы былі нядоўгімі. Усе свае калекцыі вучоны бясплатна раздаў калегам. Расчуленыя сябры сабралі яму на дарогу 150 франкаў. I вось вецер надзьмуў парусы фрэгата „Амазонка“, які рушыў па воднай гладзі на паўднёвы захад, да таямнічых берагоў Амерыкі.

На караблі знаходзіліся некалькі соцень вязняў. Іх накіроўвалі на катаргу ў калоніі.
У Ельскага не было нават сваёй каюты. Ён спаў на падлозе, падаслаўшы старыя канаты, або ў гамаку, падвешаным да мачты.

Праз многа год, вярнуўшыся ў Еўропу, Канстанцін Ельскі падзяліўся сваімі дарожнымі ўражаннямі са слухачамі курсаў пры Прамысловым музеі ў Кракаве. Адначасова, абапіраючыся на свае ранейшыя пісьмы з Амерыкі, ён рыхтаваў да друку нататкі пра падарожжа. Але закончыць іх перашкодзіла хвароба. Частка гэтых успамінаў убачыла свет у Кракаве ў 1898 годзе, пасля смерці аўтара. Гэта —

невялічкая кніжка пад назвай „Папулярна-прыродазнаўчае апавяданне аб перабыванні ў французскай Гвіяне і часткова ў Перу“ (Popularno-przyrodnicze opowiadania z pobytu w Gujanie francuskiej i po części w Peru, od 1865–1871).
У жніўні 1865 карабель прыбыў у Кайену — гандлёвы і адміністрацыйны цэнтр французскай Гвіяны. У Кайене за нязначную плату Ельскі ўладкаваўся памочнікам фармацэўта ў бальнічнай аптэцы. Кожную свабодную хвіліну ён выкарыстоўваў для падарожжаў у навакольныя дрымучыя лясы.
Там вучоны збіраў і апісваў расліны, насякомых, птушак. Прэпараваныя чучалы адсылаліся ў музеі Еўропы.
Адных павукоў Ельскі паслаў каля 300 экземпляраў. Вучоным адкрыты і ўпершыню апісаны не адзін новы від раслін і жывёл (адзін з відаў лаўра потым быў названы імем адкрывальніка — Ocotea Jelscii).
Сабраны Ельскім матэрыял даў іншым вучоным магчымасць зрабіць значныя абагульненні.

У трапічных джунглях падарожніка на кожным кроку падсцерагала небяспека. То ў ліянах прытойваўся ягуар, то побач з лодкай высоўвалася зяпа кракадзіла. Асабліва цяжка было даставаць змей.

Ельскі падарожнічаў па лясах у суправаджэнні індзейцаў. „Ходзяць яны ціха і хутка, — пісаў Ельскі пра індзейцаў, — прыкмячаючы на дрэвах нават маленькіх птушак, шэрых і нерухомых, выдатна вызначаюць, які звер пакінуў след на зямлі. Умеюць яны пераймаць голас кожнага звера; у лесе могуць дастаць літаральна ўсё, бо ведаюць карысныя ўласцівасці кожнай расліны, кожнага дрэва“. Ельскі смуткаваў з поваду таго, што індзейцаў становіцца ўсё менш і менш, што яны не вытрымліваюць сутыкнення з еўрапейскай „цывілізацыяй“, са сквапнымі купцамі, якія за бутэльку гарэлкі набывалі ад іх розныя каштоўнасці. Са свайго боку,

мясцовыя жыхары, якіх Ельскі бясплатна лячыў, вельмі паважалі нашага земляка, называлі яго „добрым белым“, дапамагалі яму ў паляванні на акул і чарапах, папаўнялі яго калекцыі новымі экземплярамі раслін і жывёл.

Прабыўшы ў Гвіяне звыш чатырох год, К.Ельскі пераехаў у Перу, дзе пражыў яшчэ амаль 10 год. Увесь гэты час вучоны падтрымліваў сувязі з еўрапейскімі музеямі, навуковымі арганізацыямі і паасобнымі вучонымі, выконваў іх заказы.

Ён бесперапынна працаваў над рознымі вынаходствамі: то адкрываў сакрэты кітайскай чорнай тушы, то ўдасканальваў спосаб захавання засушаных насякомых. Вельмі цікавымі з’яўляюцца звычаі і абрады жыхароў Паўднёвай Амерыкі, якія Ельскі назіраў у Перу, а затым апісаў у сваіх успамінах.

У сталым веку вучоны вярнуўся ў Еўропу, ажаніўся і пасяліўся ў Кракаве. Няўрымслівы даследчык па-ранейшаму быў поўны розных планаў. Ён піша даследаванне „Аб узаемнай залежнасці геалагічных з’яў“, удзельнічае ў экспедыцыях у Брэтань і Далмацыю… Нават

за некалькі дзён да смерці, якая наступіла 26 лістапада 1896 года, Ельскі працаваў над падручнікам па заалогіі».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?