Фота Андрэя Лянкевіча

Расейскамоўны паэт з Магілёва Дзьмітры Дзьмітрыеў перайшоў на беларускую мову, адчуўшы «велізарнасьць беларускага поля для экспэрымэнту». Чаму беларусізаваўся творца, што сталеў у межах іншай культурнай традыцыі? Піша Аляксей Бацюкоў.

Дзьмітры Дзьмітрыеў — да нядаўняга часу выключна расейскамоўны паэт з Магілёва. 27 гадоў, працуе на абласной тэлевізіі гукарэжысэрам. Юнацтва прайшло пад знакам мадэрновых ды андэрграўндавых мастацкіх практык — самвыдатаўскія кнігі паэзіі, удзел у рок-гурце. Потым былі публікацыі ў Маскве — кніга ў выдавецтве Лява Шпрынца, уключэньне тэкстаў у зборнікі сучаснай расейскай паэзіі, прэмія «Дэбют». Да пэўнага часу гэта пазыцыянавала яго як творцу, уключанага ў расейскае культурнае поле. Але публікацыі ў Маскве і жыцьцё ў Беларусі ў нейкі момант сталі супярэчыць адно аднаму. У 2003-м Дзьмітрыеў бярэ ўдзел у літаратурным конкурсе, абвешчаным беларускім ПЭН-цэнтрам і прысьвечаным Н. Арсеньневай. Узгадвае, што куратары прымалі яго да ўдзелу са скрыгатам, ня ведаючы, як паставіць у адзін шэраг з астатнімі. Адзіны расейскамоўны паэт з усіх фіналістаў конкурсу, ён да пэўнага часу і выглядаў адасоблена, у сваёй нішы. Нават назва зборніка фіналістаў «12+1» так і сьведчыць — дванаццаць беларускамоўных і расейскамоўны Дзьмітрыеў. Успрыняцьцю яго як правамоцнага гульца на беларускім літаратурным полі пагражала традыцыйная боязь апраўдаць культурны статус расейскай мовы ў беларускім грамадзтве й білінгвізм. Так, Ірына Шаўлякова, крытыкуючы зборнік «12+1» у часопісе «Дзеяслоў» № 11, аналізуе творы дванаццаці паэтаў і не зьвяртае ўвагі на Дзьмітрыева.

Некалькі месяцаў таму на рэсурсе Livejournal.comДзьмітрыеў пачаў зьмяшчаць свае беларускія тэксты. Гэта мінімалістычныя, фармалістычныя паэтычныя практыкі, замяшаныя на гульні словамі. Сьвежая форма ўскрывае глыбіні і магчымасьці беларускай мовы.

Напрыклад:

* * *

«усё наперадзе», — казаў гадзіньнік...

а ён, вядома ж, знаны летуцынік

З чым зьвязана зьмена маўленьня паэта, сфармаванага на расейскамоўным матэрыяле, і ці гэта назаўжды?

«Наша Ніва»: З чаго пачаўся Дзьмітрыеў беларускамоўны?

Дзьмітры Дзьмітрыеў: Апроч уласных рэфлексіяў наконт асабістага месца ў жыцьці былі іншыя нагоды. Удзельнічаючы ў сэмінары фіналістаў ПЭНаўскага конкурсу, я адчуў тое, чаго не хапала мне як носьбіту расейскай мовы — пачуцьця велізарнасьці поля беларускага экспэрымэнту, каштоўнасьці гэтага экспэрымэнту. Менавіта выхаваўчая работа з боку пэўных людзей прынесла плён. За гэта ім дзякуй. Мяне не адштурхнулі, таму рабіць зноўку першыя крокі было лягчэй.

Мушу тут расказаць, што першыя мае спробы сябе ў якасьці паэта адбыліся пасьля знаёмства з узорамі паэтычнага слова, што адрозьніваліся ад выкладаных у школе — з Аляксандрам Увядзенскім і Велімірам Хлебнікавым. Таму першасная прастора была расейскамоўнай. Узораў беларускай паэзіі, якія б так чаплялі, я тады не сустрэў.

«НН»: Для Вас прывабнай стала беларуская мова ці літаратурная «тусоўка», часткай якой Вы захацелі сябе адчуць?

ДзДз: Вядома, мова. Інакш я мог бы і далей цешыцца нейкай спрычыненасьцю да нейкай расейскай літаратурнай тусоўкі. Але гэта сапраўды нецікава. Апошні год я пішу выключна па-беларуску. І гэта натхняе. То працяглы час нічога не пісалася, а тут такая энэргія.

Але і гаворачы пра тусоўку, я ня ведаю ніводнага беларускага выдавецтва, якое друкавала б якасныя расейскія тэксты. Таму ў расейскамоўнай творчасьці ў Беларусі адчуваецца нейкая местачковасьць. Іншай падаецца карціна зь беларускай літаратурай, якая, нягледзячы на шматлікія перашкоды і акалічнасьці, ня толькі мае дыстрыбутарскую складовую, але разьвівае і спажывецкую.

«НН»: Ці можна лічыць Дз.Дзьмітрыева паэтам-інтэрнацыяналістам?

ДзДз: Не. Адна зь якасьцяў тэкстаў, якія хацеў бы ствараць — немагчымасьць іхніх перакладаў на іншую мову. Бо я — можа, памылкова — лічу, што тады ён цалкам будзе належаць моўнай прасторы. Адсюль раблю выснову, што, пішы я ці на беларускай мове, ці расейскай, інтэрнацыяналізм выключаецца на ўзроўні тэксту.

Падборку вершаў Дзьмітрыя Дзьмітрыева чытайце ў "ARCHE" №3.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0