У Баранавічах мясцовыя ўлады забаранілі пікет супраць збяднення насельніцтва.

Як паведаміў старшыня Баранавіцкай гарадской арганізацыі Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Віктар Цяпін, заяўку на пікетаванне супраць рэзкага зніжэння ўзроўню жыцця людзей, павышэння цэн на тавары і паслугі падаваў партыйны актывіст Эдуард Карапетаў.

Гадзінная акцыя з колькасцю ўдзельнікаў 10 чалавек планавалася на 18 лютага ў старым парку культуры і адпачынку на вуліцы Камсамольскай. Гэта пляцоўка выдзелена Баранавіцкім гарвыканкамам для масавых мерапрыемстваў.

Паводле слоў Цяпіна, паколькі пісьмовага адказу на заяўку не было, Карапетаў патэлефанаваў у Баранавіцкі гарвыканкам. Там паведамілі:

пікет забаронены на падставе таго, што заяўнік акцыі не заключыў дагаворы з органамі ўнутраных спраў, установай аховы здароўя і камунальным прадпрыемствам.

«Я лічу, што сапраўдная прычына адмовы — заціснуць усе пратэставыя выступленні. Пра заключэнне дагавораў магу сказаць адно: паслугі гэтых дзяржструктур мы ўжо аплацілі падаткамі», — заявіў Цяпін.

Ён адзначыў, што сёлета гэта ўжо другі забаронены мясцовай уладай пікет супраць збяднення насельніцтва. Першы актывісты партыі намячалі на 28 студзеня. У правядзенні акцыі было адмоўлена з-за таго, што заяўка на яе не адпавядае патрабаванням артыкулаў 5 і 6 закона «Аб масавых мерапрыемствах».

«І летась баранавіцкім актывістам дэмсіл забаранілі ўсе заяўленыя імі акцыі. І калі сітуацыя не зменіцца, можна будзе гаварыць, што ў нашым рэгіёне права на правядзенне масавых мерапрыемстваў ліквідавана», — рэзюмаваў Цяпін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?