Такога Дамаск яшчэ не бачыў. Тысячы тысяч жыхароў сталіцы Сірыі выйшлі сёння на пахаванне чатырох дзеячоў апазіцыі, забітых учора пасля пятнічнай малітвы.
Улады не рашыліся адразу разагнаць шэсце, якое прайшло ў раёне Мазэх, у якім месцяцца дыпламатычныя прадстаўніцтвы.Трансляцыя шэсця ў жывым эфіры трапіла ў інтэрнэт.
Дагэтуль пратэсты адбываліся пераважна ў рэгіянальных цэнтрах, а ў Дамаску ўлады жорстка кантралявалі сітуацыю.
Некалькі тыдняў таму паўстанне перакінуліся на бяднейшыя прыгарады Дамаска. Цяпер, як відаць з запісу, паўстае і сама сталіца.
Улады называюць пратэстоўцаў тэрарыстамі. Нібы ў адказ, людзі масава выйшлі на пахавальную працэсію з кветкамі і, асабліва, пальмавымі галінкамі. Сярод удзельнікаў дэманстрацыі было шмат жанчын.
На думку многіх назіральнікаў, нягледзячы на дыпламатычную і вайсковую падтрымку Расіі, Асаду не ўдасца ўтрымаць уладу,якую клан Асадаў захапіў у Сірыі 40 гадоў таму. Масква працягвае пастаўкі зброі ў Сірыю. У порце Тартус там месціцца адзіная вайсковая база Расіі за межамі былога СССР.
Асады стварылі ў краіне тыповы рэжым асабістай улады.Чатыры дзясяткі гадоў у краіне дзейнічаў рэжым надзвычайнага становішча, на падставе таго, што трэба бараніцца ад ізраільскай ваеннай пагрозы. У канстытуцыі была прапісана кіраўнічая роля партыя Асадаў, а блізкія дыктатара займалі ключавыя пасады ў дзяржаве.
Абсалютна мірнае пахавальнае шэсце ў суботу, на жаль, таксама скончылася сутычкамі з сіламі бяспекі.Як паведамляюць відавочцы, па дэманстрантах быў адкрыты агонь у раёне іранскага пасольства. Ёсць параненыя, каля 60 чалавек арыштавана.
Той факт, што ўлады ўжылі зброю супраць спачатку мірных пратэстаў, робіць вельмі імаверным крывавы канец і гэтага рэжыму — так, як здарылася ў Лівіі. Дэманстранты ў Дамаску скандавалі «Аллах акбар» і «Адзіны, адзіны, народ Сірыі адзіны».
Відэа з шэсця 16 лютага. Заможныя раёны Дамаска далучыліся да паўстання, якое тут пакуль захоўвае мірны характар: