Прэм'ер Беларусі Сяргей Сідорскі пацьвердзіў гатоўнасьць да прыватызацыі буйных прадпрыемстваў.

«Дзяржава гатовая прадаваць сваю долю ў буйных прадпрыемствах, аднак толькі за іх рэальны кошт», ‑‑ заявіў ён журналістам у сераду.

Ён сказаў, што будзе разглядацца пытаньне продажу «Белшыны». Паводле ягоных словаў, «Белшына» будзе каштаваць больш за 1 млрд даляраў.

Ён таксама згадаў у кантэксьце прыватызацыі нафтаперапрацоўчыя заводы, заявіўшы, што іх кошт ня можа быць нізкім.

На пакупку «Белшыны» яшчэ сем гадоў таму заяўлялі прэтэнзіі расейскія фінансава‑прамысловыя групы, зьвязаныя з былым сьпікерам Дзяржаўнай думы Генадзем Селязьнёвым – асабістым сябром А. Лукашэнкі, які ня раз падтрымліваў кіраўніка Беларусі ў часе выбарчых кампаніяў.

Варта адназыць, што інфармацыя аб плянах маштабнай прыватызацыі найбольшых прадпрыемстваў Беларусі ўпершыню зьявілася не ў беларускіх крыніцах, а ў расейскай прэсе некалькі дзён таму. Гэта паказвае, што «выцек» мог быць сплянаваным. Зьяўленьне гэтай інфармацыі супадае з просьбай беларускага ўраду да Расеі аб беспрацэнтавым крэдыце гіганцкім памерам 1,5 млрд даляраў. Такія крэдыты звычайна выдаюцца пад нейкія палітычныя ці эканамічныя саступкі.

У беларускім выпадку просьба аб крэдыце выглядала як прапанова застацца ў зоне ўплыву Расеі і не ўваходзіць у Балта‑Чарнаморскі энэргакалектар, аб якім мараць Літва і Ўкраіна.

Гучныя просьбы беларускага кіраўніцтва аб крэдытаваньні нашай краіны «Райфайзэнбанкам» (на мільярд даляраў) і Кітаем (на 1,2 млрд) прагучалі амаль адначасова, але не былі ўспрынятыя назіральнікамі як рэалістычныя.

Эканамічная сытуацыя ў Беларусі нязначна пагоршылася пасьля 1 студзеня ў сувязі з ростам цэнаў на энэрганосьбіты. Так, індэкс цэнаў на прадукцыю прамысловага прызначэньня вырас за студзень на 16%. Сярэдні заробак апусьціўся ніжэй за ўзровень кастрычніка 2006 году (да 288 даляраў). У сувязі з інфляцыйнымі чаканьнямі для ўтрыманьня курсу рублю Нацбанку прыйшлося спрадаць частку валютных запасаў, і яны ўпершыню за доўгі час зьнізіліся.

Між тым Беларусь усё яшчэ атрымлівае паліва па найніжэйшых цэнах у рэгіёне.

Кіраўніцтва Беларусі баіцца, што спыненьне росту спажываньня падарве яго папулярнасьць. Адсюль і просьба аб гіганцкім крэдыце: больш чым 500 даляраў на кожнага працаздольнага грамадзяіна.

Абяцанкамі прыватызацыі ласых кавалкаў беларускай эканомікі Беларусь карміла Расею прынамсі ад 2001 году. Ад часу калі Масква перастала задавальняцца палітычнай дамінацыяй над Беларусьсю і палітыкай русіфікацыі, якая тутака праводзіцца і стала патрабаваць кантролю і над беларускай гаспадаркай.

Намесьнік міністра эканомікі Алег Мельнікаў у аўторак камэнтаваў пляны маштабнае прыватызацыі нацыянальнае маёмасьці вельмі ўхіліста. «Плян мерапрыемстваў па стабілізацыі сытуацыі на ўнутраным валютным рынку і дасягненьні дадатнага сальда зьнешняга гандлю Беларусі на 2007 год уяўляе сабой папярэднія накіды, ‑‑ цытуе ягоныя словы дзяржаўнае агенцтва БелТА. ‑‑ Гэты плян будзе разглядацца ўрадам у адпаведнасьці зь дзеючым заканадаўствам. Тады будзе прымацца адпаведнае рашэньне. Што датычыцца часткі продажу актываў дзяржавы ў шэрагу найбуйнейшых прадпрыемстваў, то «аб гэтым пакуль што рана гаварыць», лічыць намесьнік міністра эканомікі. «Але ў прынцыпе гэта нармальны працэс ... дзеля павышэньня эфэктыўнасьці дзейнасьці прадпрыемстваў і ў цэлым галіны».

Няпэўнасьць міністра эканомікі ясная. Па‑першае, ня ўрад будзе распараджацца прыватызацыяй у нашай краіне. Па‑другое, паводле нашай інфармацыі, у кіраўніцтве краіны пакуль няма пэўнасьці, якую канцэпцыю далейшага разьвіцьця эканомікі абраць. Існуюць прапановы структураў Адміністрацыі прэзыдэнта, Рады бясьпекі, Міністэрства замежных справаў, Міністэрства эканомікі, яны розныя, а прымаць рашэньне будзе асабіста кіраўнік дзяржавы ў вузкім коле сваіх блізкіх і памочнікаў. Па‑трэцяе, сыстэма ўлады ў кріане закрытая ня толькі для грамадзянаў, але і для чыноўнікаў сярэдняга рангу, якія толькі здагадваюцца аб мяханізмы прыняцьця рашэньняў нават у сфэры іх кампэтэнцыі. Па‑чацьвертае, беларускія чыноўнікі на ўласнай скуры ведаюць, як небясьпечна ўлазіць з сваімі думкамі ў гульні, распачатыя на самым высокім узроўні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?