Аляксандр Лукашэнка вызваліў генерал-маёра Сяргея Лемяшэўскага ад пасады камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл «за правіннасці, якія дыскрэдытуюць званне ваеннаслужачага», паведамляе прэс-служба прэзідэнта Беларусі.

Лемяшэўскі звольнены з ваеннай службы ў запас «у сувязі з сістэматычным невыкананнем ім умоў кантракта».

Сёння ж Лукашэнка падпісаў указ аб прызначэнні новым камандуючым ВПС і войскамі СПА генерал-маёра Дзмітрыя Пахмелкіна.

Таксама ўказам прэзідэнта палкоўнік Алег Горбач вызвалены ад пасады начальніка Нацыянальнага агенцтва па кантролі і інспекцыях — дэпартамента Міністэрства абароны і залічаны ў распараджэнне міністра абароны Беларусі.

Генерал-маёр міліцыі Сяргей Гурэеў вызвалены ад пасады намесніка міністра ўнутраных спраў — начальніка папярэдняга расследавання і звольнены з органаў унутраных спраў у запас Узброеных сіл па скарачэнні колькасці або штату з правам нашэння ўстаноўленай формы адзення і знакаў адрознення.

Распараджэннем кіраўніка дзяржавы генерал-маёр міліцыі Леанід Фармагей звольнены з органаў унутраных спраў у запас Узброеных сіл па хваробе з правам нашэння ўстаноўленай формы адзення і знакаў адрознення. Нагадаем, інфармацыя аб тым, што Фармагей напісаў рапарт аб звальненні па стане здароўя, з'явілася ў інтэрнэце яшчэ 30 студзеня.

Генерал-маёр Сяргей Лемяшэўскі быў прызначаны камандуючым Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь 6 мая 2011 года. у той самы дзень ён быў вызвалены ад пасады начальніка Галоўнага штаба — першага намесніка камандуючага ВПС і войскамі СПА.

Нарадзіўся 27 кастрычніка 1962 года ў горадзе Карталы Чалябінскай вобласці. У 1984 годзе з адзнакай скончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітнае ракетнае вучылішча СПА.

Папярэдні кіраўнік ВПС Азаронак сядзіць у турме. Яго асудзілі за хабар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?