З прыкладна 7000 моваў свету палова можа знікнуць да канца стагоддзя, лічаць лінгвісты. Беларуская, паводле экспертаў ЮНЭСКА, таксама знаходзіцца ў небяспецы.
Аднак даследчыкі, што займаюцца мовамі, якім пагражае знікненне, зрабілі выснову, што
захаванню моваў спрыяюць такія лічбавыя тэхналогіі глабалізацыі як сацыяльныя сеткі і нават простыя эсэмэскі.
Атлас «Мовы свету ў небяспецы», складзены ЮНЭСКА, аднёс беларускую да «слабых».
Гэткі ж статус маюць такія мовы, як латгальская ў Латвіі, ніжнесаксонская ў Нямеччыне і башкірская ў Расеі.

Аднак

лінгвісты нядаўна заўважылі пазытыўную тэндэнцыю: мовы пачалі выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі і sms, «каб пашырыць сваю ролю і прысутнасць сярод іншых моваў свету».
Аб гэтым гаворыць прафесар лінгвістыкі і сябра Нацыянальнага геаграфічнага таварыства Вялікабрытаніі Дэвід Харысан, перадае BBC.

«Цяпер мы заўважаем пазітыўнае ўздзеянне глабалізацыі. Мова, на якой размаўляе толькі 50 чалавек у аддаленай кропцы свету, атрымлівае шанец быць пачутай у сусветным маштабе», — лічыць прафесар.

Да прыкладу,

індзейцы Паўночнай Амерыкі карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі для адраджэння цікавасці сярод моладзі да роднай мовы. А ў Туве ў Расеі стварылі прыстасаванне для айфону, з дапамогай якога можна праверыць вымаўленне словаў на тувінскай мове.
Тувінская мае гэткі ж самы статус «слабой», як і беларуская.

Адзін з носьбітаў такіх знікаючых гаворак Альфрэд Лэйн размаўляе на мове Сілэтс Ды-іні, якая была распаўсюджаная сярод індзейцаў у штаце Арэгон у ЗША. «Да нас прыйшлі лінгвісты, якія вызначылі, што наша мова асуджаная на знікненне. Але ўсё племя і наша рада вырашылі, што гэтага не будзе. І мы распрацавалі план па адраджэнні мовы ў даліне Сілэтс», — распавядае ён.

Індзейцы змагаюцца за захаваньне сваёй мовы праз стварэнне электронных аўдыёслоўнікаў, а таксама з дапамогай сацсетак.

Прафэсар Харысан разважае, што

не ўсе мовы здолеюць выжыць нават з дапамогай Facebook, многія з іх знікнуць са смерцю апошніх носьбітаў. Адбудзецца гэта ўжо праз тры-чатыры пакаленні.

Аднак, на яго думку, новыя лічбавыя тэхналогіі дапамогуць захаваць многія рэдкія мовы, якія яшчэ некалькі гадоў таму, падавалася, не мелі шанцаў на выжыванне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?