«Знешнія фактары прымушаюць нас звяртаць увагу на ваенны складальнік бяспекі дзяржавы, і 2011 год, і 2012 год не сталі выключэннем у гэтым пытанні», — заявіў на прэс-канферэнцыі 21 лютага міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Юрый Жадобін.

«На жаль, свет не становіцца спакайнейшым. Гэта і падзеі ў Паўночнай Афрыцы, і тое, што цяпер адбываецца вакол Сірыі, вакол Ірана — нагнятанне абстаноўкі, што адбываецца ў краінах ЕС, звязанае з эканамічнымі і фінансавымі ўзрушэннямі. Плюс да гэтага мы бачым эскалацыю напружанасці вакол нашай дзяржавы, нягледзячы на тое, што мы ні да каго не маем тэрытарыяльных прэтэнзій, нікога не вучым жыць, не ўмешваемся ва ўнутраныя справы нашых суседзяў, не выстаўляем ім ні чатыры, ні дванаццаць умоў. Але, на жаль, усе чамусьці лічаць неабходным нас навучыць жыць, нам выставіць тыя ці іншыя ўмовы.

Усё гэта прымушае трымаць порах сухім і рабіць ваенна-палітычнаму кіраўніцтву ўсё для ўмацавання абараназдольнасці дзяржавы, забеспячэння нацыянальнай бяспекі, у тым ліку і ваеннай», — адзначыў Юрый Жадобін.

Паводле яго слоў, перапрацаваны дакументы ваеннага планавання. У прыватнасці, перапрацаваны План прымянення рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі. Гэты дакумент у лістападзе 2011 года быў зацверджаны прэзідэнтамі дзвюх краін.

Прадоўжылася планавае навучанне мабілізацыйнага рэзерву. Больш за 5 тысяч ваеннаабавязаных прайшлі зборы ў 2011 годзе. Прыкладна такая ж колькасць ваеннаабавязаных пройдзе падрыхтоўку ў 2012 годзе.

Міністр нагадаў, што 13 лютага прэзідэнт сваім указам зацвердзіў пагадненне паміж Беларуссю і Расіяй аб стварэнні адзінай рэгіянальнай сістэмы СПА. «Гэта чарговы захад ва ўмацаванні нашай супрацьпаветранай абароны. Гэта большае аб’яднанне з адпаведнымі сіламі і сродкамі Узброеных сіл Расіі, з якімі мы разам выконваем задачы па СПА Саюзнай дзяржавы. Мы гэтыя пытанні вырашаем з 1996 года, і падпісанне ўказа прэзідэнта — гэта завяршальны акорд у пытаннях стварэння ЕРС СПА», — сказаў Жадобін.

Паводле яго слоў, у 2011 годзе працягвалася ўдасканаленне кіруючых дакументаў, якія вызначаюць дзейнасць Узброеных сіл. Гэта статуты, інструкцыі, указанні, курсы стрэльбаў, курсы кіравання, праграмы баявой падрыхтоўкі па кожнай са спецыяльнасцяў. «У іх аператыўна ўносіліся змяненні, накіраваныя на павышэнне баявой гатоўнасці і баяздольнасці падраздзяленняў, часцей і злучэнняў для выканання задач па прызначэнні», — падкрэсліў міністр.

Ён паведаміў, што шмат увагі надавалася пытанню падтрымання ў тэхнічна спраўным, баявым стане парка ўзбраенняў ваеннай тэхнікі. Укаранёна сістэма папераджальнага тэхнічнага абслугоўвання. Да канца года ўдалося дамагчыся таго, што ў арміі не было ніводнага няспраўнага ўзору, тэрмін рамонту якога перавышае адзін месяц. Завершаны капітальны рамонт усіх зенітных ракетных комплексаў дывізіёнаў С-300 у дзвюх брыгадах і двух палках, якія мелі ў ім патрэбу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?