Такое патрабаванне прагучала 21 лютага на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў, на якім абмяркоўваліся вынікі працы за 2011 год арганізацый, якія вырабляюць плодаагароднінную кансерваваную прадукцыю, перспектывы іх развіцця, а таксама канцэпцыя развіцця прамысловага комплексу Беларусі да 2020 года.

Пакуль беларускія вытворцы экспартуюць каля 10% плодаагародніннай кансерваванай прадукцыі.

«Нас ні ў якой меры задавальняць гэта не можа», — цытуе першага віцэ-прэм’ера прэс-служба ўрада.

Разам з тым Сямашка адзначыў, што праграма вытворчасці плодаагароднінных кансерваў, якая выконвалася ў 2006–2010 гадах, рэалізавана ў цэлым паспяхова. Магутнасці перапрацоўчых прадпрыемстваў галіны выраслі ў 1,9 разу, вытворчасць прадукцыі павялічылася ў 1,8 разу, выпуск імпартазамяшчальнай прадукцыі — у 2,5 разу. «Аб’ём выпуску летась кансерваў, у тым ліку імпартазамяшчальнай прадукцыі, заняў 85%, гэта значыць мы фактычна асвоілі свой рынак», — сказаў першы віцэ-прэм’ер. Значна палепшыўся знешні выгляд прадукцыі, стала больш прывабнай упакоўка. У цэлым за пяцігодку ў развіццё галіны было ўкладзена 415,4 млрд. рублёў.

Разам з тым не ўсе створаныя магутнасці задзейнічаны на поўную сілу. Паводле ацэнак, яны выкарыстоўваюцца толькі на 66–72%. Развіццё галіны таксама стрымлівае няпоўная забяспечанасць сыравіннымі рэсурсамі. У многіх рэгіёнах краіны для новых і дзейных вытворчасцяў не створана неабходная сыравінная база. Усе гэтыя праблемы заклікана вырашыць праграма вытворчасці плодаагародніннай кансерваванай прадукцыі на 2011–2015 гады.

Першы віцэ-прэм’ер прапанаваў ацаніць эфектыўнасць яе выканання, прааналізаваць, якія меры неабходныя для павелічэння аб’ёмаў імпартазамяшчэння, а таксама нарошчванне экспарту, задзейнічанне магутнасцяў на поўную сілу.

Як паведаміў старшыня канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Іван Данчанка, «запланавана павялічыць аб’ёмы вытворчасці плодаагародніннай кансерваванай прадукцыі да 2015 года ў параўнанні з 2010 годам практычна ў 1,5 разу, нарыхтоўку сыравіны і загрузку магутнасцяў — у 1,3 разу», — сказаў ён. Чакаецца, што выпуск імпартазамяшчальнай прадукцыі складзе 80 млн. умоўных банак. Экспарт арганізацый галіны да канца пяцігодкі павінен скласці 30% ад аб’ёму вытворчасці, валютная выручка вырасце да 30 млн. долараў.

Разам з тым галіна сёння адчувае і некаторыя цяжкасці, адзначыў ён. Асноўная праблема — гэты складаны фінансавы стан арганізацый, у тым ліку тых, што прайшлі рэканструкцыю. «Назіраецца таксама адсутнасць дастатковага фінансавання для завяршэння рэканструкцыі, набыцця сыравіны, тары, упакоўкі. Недастаткова плодаагародніннай сыравіны для загрузкі магутнасцяў», — пералічыў праблемы кіраўнік канцэрна.

Летась прадпрыемствы галіны экспартавалі 53 млн. умоўных банак кансерваванай плодаагародніннай прадукцыі. Усе арганізацыі працавалі прыбыткова. Разам з тым, паводле яго меркавання, неабходны дадатковыя меры для паляпшэння сітуацыі ў галіне, у тым ліку фінансавага аздараўлення яе арганізацый. У сувязі з гэтым кіраўнік «Белдзяржхарчпрама» прапанаваў перагледзець галіновую праграму на 2011–2015 гады для ўзмацнення загрузкі магутнасцяў, павелічэння аб’ёмаў вытворчасці. Гэта будзе зроблена сумесна з аблвыканкамамі.

Марына Носава, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?