Да шасці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з арганізацыйна-распарадчымі функцыямі, тэрмінам на пяць гадоў прыгавораны судом Савецкага раёна горада Гомеля Руслан Гапееў — былы дырэктар ААТ «Медпласт» канцэрна «Белнафтахім».

Як паведамілі ў прэс-групе Упраўлення КДБ па Гомельскай вобласці, 36-гадовы Гапееў прызнаны вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры.

Ён быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ у лістападзе 2009 года. Незаконнае грашовае ўзнагароджанне ў памеры 32 тысяч долараў прызначалася за спрыяльнае вырашэнне пытання аб выбары пастаўшчыка тэхналагічнага абсталявання для «Медпласта». У прыватнасці, размова ішла пра набыццё балонаў, прызначаных для захоўвання і транспарціроўкі вокісу этылену.

У судзе даказана, што дзякуючы хабару тэндар на пастаўку абсталявання «выйграла» загадзя вызначаная замежная камерцыйная структура. Пры гэтым ААТ «Медпласт» па завышанай у некалькі разоў цане закупіла абсталяванне, якое не адпавядала неабходным тэхнічным характарыстыкам.

Як указана ў акце праверкі асобных пытанняў фінансава-гаспадарчай дзейнасці «Медпласта», падрыхтаваным кантрольна-рэвізійным упраўленнем «Белнафтахіма», гэта ААТ не мела права прымаць згаданыя балоны — яны не адпавядалі стандартам па максімальным рабочым ціску, таўшчыні сценак і рабочаму ціску.

Іншымі словамі, гэта тэхналагічнае абсталяванне нельга было выкарыстоўваць для захоўвання і перавозкі вокісу этылену з-за таго, што яго сценкі не вытрымалі б рабочага ціску газу, які лёгка загараецца і ўтварае з паветрам выбухованебяспечныя сумесі.

Своечасова спыненне супрацьпраўнай дзейнасці Гапеева дазволіла пазбегнуць узнікнення на прадпрыемстве надзвычайных здарэнняў. Тэхналагічнае абсталяванне, якое не адпавядае патрабаванням, не было выкарыстана.

Суд таксама не пакінуў без увагі дзеянні грамадзяніна, які выступаў прадстаўніком камерцыйнай структуры, што паставіла няякаснае абсталяванне. Ён прызнаны вінаватым у даванні хабару былому кіраўніку «Медпласта» і прыгавораны да пазбаўлення волі тэрмінам на тры з паловай гады.

Прыгавор суда ўвайшоў у законную сілу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?