Вінаградава асудзілі за цацачную акцыю каля Мінгарвыканкаму, якая прайшла тыдзень таму. Актывіста кампаніі "Гавары праўду" абвінавацілі ў парушэнні парадку арганізацыі масавага мерапрыемства ці пікетавання, паведамляе Еўрарадыё.
Павел Вінаградаў, belsat.eu
Акцыя 10 лютага.
У судзе Вінаградаў паведаміў, што міліцыянта, які дае паказанні, ён бачыць другі раз у жыцці. Першы раз актывіст бачыў яго ў пастарунку ўчора. Па словах Вінаградава, ён не прымаў удзелу ў цацачнай акцыі.
Павел перад пачаткам суда абвясціў галадоўку.
Тым часам працягваецца суд над Аляксандрам Арцыбашавым, якога затрымалі непасрэдна ў судзе. Яго вінавацяць ва ўчорашняй ШОС-акцыі каля Дома ўрада.
***
Павел Вінаградаў быў затрыманы ўчора вечарам. У 18:30 у яго была запланаваная сустрэча ў кавярні «Містраль» на Валадарскага, да якой ён так і не дайшоў. Затое стала вядома, што туды прыходзілі двое ў цывільным і некага шукалі. Мабільны грамадскага актывіста быў адключаны з 17:00.
Яго жонка Святлана абтэлефанавала вечарам усе РУУСы сталіцы, а таксама ізалятар на Акрэсціна, але паўсюль казалі, што яе мужа нідзе няма.
Яна нават звярнулася ў Цэнтр рэгістрацыі няшчасных выпадкаў. Толькі ў 3:30 раніцы яна, патэлефанаваўшы на Акрэсціна, даведалася, што муж усё ж такі знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.
***
10 лютага каля Мінгарвыканама прайшла жаўтаўлівая акцыя «Цацкі мітынгуюць».
На клумбе каля аўтобуснага прыпынку на Плошчы незалежнасці актывісты моладзевага крыла "Гавары праўду!" ("Змена") пасадзілі мяккія цацкі з плакатамі ў руках.Цацачныя мядзведзікі і сабачкі патрабавалі свабоду прэсы, вызвалення палітвязняў, ШОСа і скардзіліся, што міліцыя адарвала ім вока.
***
Павел Вінаградаў — былы палітвязень. Асуджаны за акцыю пратэсту 19 снежня на 4 гады турмы. Вызвалены ў верасні, прашэнне аб памілаванні не пісаў.