Праект «Мінск-Сіці» з камерцыйнага пункту гледжання з’яўляецца стратным. Пра гэта гаворыцца ў лісце саўладальніка расійскай кампаніі Ітэра» Ігара Макарава, які, паводле звестак выдання «КоммерсантЪ», быў адпраўлены на імя Аляксандра Лукашэнкі за тыдзень да таго, як Беларусь скасавала з «Ітэрай» дагавор аб будаўніцтве бізнес-цэнтра ў Мінску.

Нагадаем, 16 лютага беларускі кіраўнік прыняў рашэнне скасаваць дагавор з расіянамі, ацаніўшы тэмпы рэалізацыі праекта «Мінск-Сіці» як нездавальняючыя. У цэлым асваенне сродкаў з пачатку рэалізацыі праекта склала ўсяго каля 0,5% ад заяўленага аб’ёму інвестыцый у 25,6 трлн. рублёў.

Паводле інфармацыі «Коммерсанта», Макараў прасіў Лукашэнку перагледзець умовы рэалізацыі праекта. У лісце гаварылася, што дакрызісныя падлікі прадугледжвалі затраты на будоўлю ў памеры 5,1 млрд. долараў, выручку ад продажу — 6,8 млрд. долараў, а прыбытак — 1,7 млрд. долараў. Аднак актуальная ацэнка паказала, што затраты зменшыліся да 2,5 млрд. долараў, але і выручка не можа быць вышэйшай за 2,2 млрд. долараў. Такім чынам, дэвелапер атрымлівае страты ў 0,3 млрд. долараў па прычыне нізкага ў сувязі з крызісам попыту на нерухомасць у Мінску.

Дэвелапер пабудаваў усяго чатыры дамы, дзе пакуль удалося прадаць 75% кватэр. «Як вынік, з праекта выйшлі ўсе расійскія партнёры «Ітэры»: ВЭБ, ВТБ, СУ-155, ААТ «Аэрапорт Унукава»,- паведамляў у сваім лісце Макараў. Ён прасіў Лукашэнку скарэктаваць тэрміны будаўніцтва з улікам будучага аднаўлення рынку, а таксама перагледзець тэрміны пераносу авіярамонтнага завода, землі якога ўвайшлі ў склад «Мінск-Сіці».

Па ацэнках «Ітэры», перабазіраванне прадпрыемства будзе каштаваць 200 млн. долараў, тады як на продажы нерухомасці ў бліжэйшыя два-тры гады інвестар зможа зарабіць каля 40 млн. долараў.

Макараў таксама звяртаў увагу беларускага кіраўніка на тое, што насуперак меркаванню, «Ітэра» не карыстаецца шырокімі і беспрэцэдэнтнымі прэферэнцыямі. «Фактычна нам удалося пакарыстацца толькі адной льготай у выглядзе вызвалення ад абкладання пошлінамі на ўвоз імпартных будматэрыялаў. Яе памер сёння склаў 77,2 млн. долараў. Мы ўдзячныя і за гэту суму», — паведамляецца ў лісце.

Макараў таксама зазначаў, што чыноўнікі з Мінска не выконвалі некаторыя свае абяцанні. «Публічна аб’яўляецца, што Мінгарвыканкам бярэ на сябе будаўніцтва знешніх інжынерных сетак, а на практыцы іх фінансаванне і пракладку <…> даводзіцца весці нам за свой кошт», — паведамляў саўладальнік «Ітэры» ў лісце Лукашэнку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?