У кампанію «Вігма» Сяргей Рудовіч прыйшоў з банкаўскай сферы. Ён узначальваў аддзел маркетынгу ў банку «Залаты талер», а потым загадваў сектарам маркетынгу ў «Банку ВТБ». Шмат у чым

дзякуючы яго дзейнасці «Вігма» стала найбуйнейшым беларускім лэйблам і выдала летась абсалютную большасць рэлізаў айчынных выканаўцаў. Асаблівы гонар выдаўцоў — беларускамоўныя рэлізы такіх гуртоў, як Akute, Pomidor/Off, этна-трыа «Троіца»,
якія ўвайшлі ў лік найлепшых працаў у беларускай музыцы ў 2011 годзе. Яшчэ адно дасягненьне кампаніі за часамі Рудовіча — значнае пашырэньне сеткі распаўсюду.
Беларускія дыскі сталі прадавацца ў гіпермаркетах, салонах сувязі ды на запраўках па ўсёй краіне.

Як прызнаўся Сяргей Рудовіч, рашэньне аб звальненні для яго было нечаканым, але цалкам зразумелым:

«Наша кампанія з’яўляецца прыватным бізнэсам, таму тут інтарэсы ўласніка перадусім.
У прынцыпе гэта нармальна. Для вырашэння новых задачаў патрэбны новыя супрацоўнікі. Ад сябе зазначу, што ўсе дамоўленасці, якіх мы дасягнулі раней з нашымі партнёрамі ды кантрагентамі, будуць выкананыя менэджментам кампаніі». Былы кіраўнік аддзелу маркетынгу «Вігмы» прызнаецца, што пакуль не мае далейшых планаў.
Дырэктар кампаніі «Вігма» Сяргей Лытко адзначыў вялікі ўнёсак Рудовіча ў справы кампаніі, але прычыны яго звальнення тлумачыць не захацеў:
«Склалася такая сітуацыя, што мы вырашылі перапыніць нашы адносіны. Не хацеў бы разбіраць нюансы ўнутранага характару ў сувязі з гэтым».

Цяпер усе пытанні, звязаныя з рэкламай, маркетынгам, выданнем альбомаў будзе вырашаць кіраўнік аддзелу асартыменту кампаніі «Вігма» Аляксей Багдасаран.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?