14 лютага, на Дзень сьвятога Валянціна, споўнілася 100 гадоў з дня нараджэньня гісторыка й археографа Мікалая Ўлашчыка. Удзельнік Адраджэньня 1920-х, тройчы рэпрэсаваны. Пасьля трэцяга выраку ён не вярнуўся ў Беларусь. Атабарыўся ў Маскве, працаваў у Акадэміі навук СССР. Дзякуючы яму выйшлі два тамы беларускіх хронік у «Поўным зборы рускіх летапісаў».

Вяртаньне Ўлашчыка ў беларускую культуру й гісторыю дагэтуль ня скончылася, хоць і выйшлі ягоныя ўспаміны пра родную Віцкаўшчыну і нарысы па краязнаўстве, некаторыя іншыя кнігі.

Мастак Мікола Купава ў 1977 г. рабіў эксьлібрыс для кнігазбору Мікалая Ўлашчыка. З гэтага пачалося ягонае знаёмства зь легендарным гісторыкам.

«Наша Ніва»: Чаму гісторык зьвярнуўся да Вас?

Мікола Купава: Зьміцер Санько, які вучыўся ў Маскве, быў зь Мікалаем Улашчыкам у добрых стасунках. І парэкамэндаваў зьвярнуцца да мяне, каб зрабіць кніжны знак. Я зрабіў эскіз — Улашчык ухваліў. Так і пачалі ліставацца.

«НН»: А што за фігура паказаная на знаку?

МК: Гэта сымбалічны летапісец, ёсьць цытата зь літоўскіх летапісаў. «Пагоня». У руках летапісца ключы ад гісторыі. Хутка мы і пазнаёміліся. Улашчык раз на год абавязкова прыяжджаў у Менск — на пару тыдняў, спыняўся ў сястры. Усе кнігі, якія ён тады выдаваў, дасылаў мне. Для яго гэта было вельмі важна: ён казаў, каб гэта ішло ня толькі мне, але і сябрам. Прыслаў два тамы беларускіх летапісаў, што выйшлі ў «Поўным зборы рускіх летапісаў». Улашчык гаварыў: былі цяжкасьці з выданьнем кнігі. Навошта расейцам выдаваць чужыя летапісы? Гэта ж «Поўны збор рускіх летапісаў»! Але ў 32-м томе — Хронікі Літоўская, Жамойцкая і Быхаўца, Летапісы Баркулабаўскі, Аверкі й Панцырнага. Улашчык казаў: «Мая задача самая галоўная была — каб выйшлі гэтыя летапісы пад грыфам Акадэміі навук СССР. Іначай бы яны ня вышлі».

«НН»: Як Улашчык ставіўся да афіцыйнай вэрсіі пра «польска-літоўскае заваяваньне беларусаў»?

МК: Міты для яго ніякага значэньня ня мелі. Ён па-сапраўднаму ставіўся да навуковых праблем, абапіраўся на летапісы — гэта яго грунт.

«НН»: Калі Ўлашчык прыяжджаў сюды, ці згадваў ён пра свае маладыя гады, пра рэпрэсіі?

МК: Пра рэпрэсіі не хацелася яму гаварыць. Былі моманты, калі ён згадваў, што тут пісалі на яго даносы. Не хацеў бачыцца зь некаторымі людзьмі, якія яшчэ жылі...

«НН»: Дзе Вы сустракаліся?

МК: Мы запрашалі яго ў майстэрню на вуліцу Дзімітрава.

Звычайна мы сустракаліся ненадоўга — усё ж 70-гадовы чалавек. Ён прыходзіў гадзіны на тры. Хацелася пачуць, што ён можа расказаць пра гісторыю ВКЛ. А адзін раз яго візыт мы скарысталі для паездкі. Сабралася даволі вялікая група мастакоў і навукоўцаў. Езьдзілі ў Заслаўе і на Менку, на першы старажытны Менск. Гэта быў год 1980, увосень, ужо лісьце апала.

А потым, у 1986 г., да 80-годзьдзя Ўлашчыка адбылася перадача на Беларускім тэлебачаньні зь ягоным удзелам. Запрашалі туды гледачоў — імі былі ўсе мы, беларуская публіка. Прыхільная, прыязная, свая аўдыторыя. Гэта для яго была вельмі значная паездка.

«НН»: Ці малявалі Ўлашчыка пры ягоных прыездах?

МК: Вядома! Маляваў, калі ён у сястры быў. У мяне быў накідак, і Ўлашчык нават хацеў яго купіць. Я кажу: «Мікалай Мікалаевіч, ну што вы! Я хачу зрабіць партрэт». Гэты накідак у мяне ёсьць і цяпер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?