Спачатку меркавалася, што ў глядацкім галасаванні Ланская не перамагла, але журы прагаласавала «правільна». Аднак чатыры з пяці сяброў журы, якія прызналіся ў сваіх ацэнках «Еўрарадыё», аддалі спявачцы… апошняе месца.

Ці можа яна быць пераможцам па суме галасаванняў? Як лічыць галасы гледачоў «Белтэлекам», не ведае ніхто, але многія падазраюць, што па методыцы Ярмошынай. А вось журы лёгка праверыць, калі сабраць звесткі, хто з яго сяброў як галасаваў.
Аляксей Хлястоў прыгадвае свае прэферэнцыі лёгка: «Я прагаласаваў так: 12 балаў за Litesound, 10 балаў — Uzari,
а наступная — Вікторыя Алешка. Галасаванне было максімальна набліжана да фармату «Еўрабачання». Мы ставілі ад 12 да 6 балаў, прычым адзнак у 9 і 11 балаў не ставілі».
Іна Афанасьева на «Еўрафэсце» ўвогуле адпраўляе Ланскую на… апошняе месца!
«Алёна была самая слабая з 5 прэтэндэнтаў. 7 балаў атрымаў Uzari. Хаця я магу напэўна сказаць, што ён мацнейшы і за Гюнэш, і за Віку Алешка. Але ў дзень «Еўрафэсту» ён выглядаў горш… 8 балаў атрымала Віка, 10 балаў — Гюнэш, 12 — Litesound».

Uzari відавочна падабаецца ёй больш за ўсіх. Але паставіць маладому выканаўцу больш не дазваляе сумленне: «У яго былі праблемы з голасам, гэта было чуваць, — шкадуе Іна Афанасьева. — Але я не магла паставіць яму ацэнку авансам. Ён жа ведаў, што ідзе на адказнае мерапрыемства, а да свайго інструмента — да голасу — паставіўся не належным чынам. Ну вось, паехаў бы ён на «Еўрабачанне“, і забалела б яму там горла. Што б мы тады рабілі?»

Паводле слоў народнага артыста Беларусі Мікалая Скорыкава, 12 балаў гурту Litesound далі 6 сябраў журы. У тым ліку і сам спявак:
«Я гэтаму Litesound не кум і не сват, і ўвогуле гэта музыка не зусім мая, бо я належу да старэйшага пакалення. Але гэта конкурс! Калі ўсе артысты падышлі да фінала, я звярнуў увагу, што гэта вельмі моцная каманда. Алёне Ланской я дапамагаў з выбарам песні для «Славянскага базару», але… Ну, не выйшла тут у чалавека! А гэта ж конкурс!»
Народны артыст Беларусі Аляксандр Ціхановіч прызнаецца, што… не памятае, як прагаласаваў на «Еўрафэсце». Дзіўна, але бывае!

Кампазітары Леанід Шырын і Юрый Вашчук адмаўляюцца казаць, як размеркавалі свае балы. Не ведае, ці мае на гэта права, і харэограф Аляксандр Мяжэнны: «Усе паперы мы запоўнілі, падпісалі і аддалі арганізатарам конкурса. Так што пытайцеся ў іх. І другі момант: я лагічнай лічу барацьбу паміж Litesound і Ланской».

Затое кампазітар Яўген Алейнік не робіць са свайго галасавання таямніцы: «Запішыце, толькі не пераблытайце, бо не хачу нікога пакрыўдзіць. Алешка — 12, Litesound — 10, Гюнэш — 8, Uzari — 7 Ланская — 6».
У пераможцы… пятае месца!
Такім чынам, пасля апытання пяці сяброў журы Алёна Ланская не толькі адстае ад Litesound на 24 балы, але… прайграе ўсім астатнім фіналістам «Еўрафэсту».
Адназначных высноваў з нашай апытанкі зрабіць нельга, бо ў журы ажно 10 удзельнікаў. Але… ці можна перамагчы, калі палова журы ставіць цябе на апошняе месца?

«Ведаеце, я шмат гляджу замежных шоу, такіх, як X-factor, American Idol. Для мяне гэтыя праекты — настольныя кнігі таго, як мусіць усё адбывацца, — дзеліцца меркаваннем Аляксей Хлястоў. — Там вельмі прафесійнае журы заўжды, бо там вельмі разумная публіка. І вось,

калі сябар журы спатыкнуўся, зрабіў пратэкцыю артысту, і гэта бачна — яго рэпутацыя падае настолькі ўніз, што ў музычнай супольнасці табе не будзе месца як мінімум 3 гады. А ў Амерыцы гэта раўназначна банкруцтву».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?