Маці Сяргея Каваленкі сп-ня Любоў перад пачаткам працэсу 21 лютага, photo.bymedia.net

Маці Сяргея Каваленкі сп-ня Любоў перад пачаткам працэсу 21 лютага, photo.bymedia.net

Ля будынка суда збіраюцца прыхільнікі Сяргея Каваленкі, праваабаронцы, грамадскія дзеячы і журналісты. Прыехаў часова павераны у справах Польшчы ў Беларусі Вітаўт Юраш.

У суд людзей пускаюць, але вельмі пільна надглядаюць. Жанчынаў прымушаюць разувацца.

«Не аказваючы патрэбную медыцынскую дапамогу майму мужу, улады ідуць на свядомае забойства», — заявіла Алена Каваленка журналістам, паведамляе Радыё Свабода.

23 лютага ў Першамайскім судзе прайшоў допыт сведак. У якасці сведак дапытаны чацвёра супрацоўнікаў міліцыі, а таксама жонка актывіста і яго брат. Яшчэ адзін сведка ў суд не з’явіўся.

Журналістаў і прыхільнікаў Каваленкі ў будынак суда не пусцілі, і яны знаходзіліся на вуліцы.

Сваякі Каваленкі зноў выклікалі ў суд брыгаду хуткай дапамогі, аднак суддзя Алена Жук не дала магчымасці медыкам агледзець Каваленку, заявіўшы, што яна не выклікала хуткую, адзначае БелаПАН.

10.03

Працэс пачаўся. Журналістаў, сваякоў, грамадскіх дзеячоў міліцыя заблакавала ў адной частцы калідора. А ў іншай — адкрылі дзверы залы, дзе ўжо сядзелі людзі. На працэс здолеў патрапіць толькі польскі дыпламат.

Суд выклікаў сведку Віталя Каваленку, брата Сяргея. Пасяджэнне адбываецца ў зале №3.

10.23

У суд прыехаў консул Латвіі Яніс Рупэй. Але яго не пусцілі ў залу, дзе адбываецца паседжанне.

11.40

Жонка Алена Каваленка паведаміла, што накіравала тэрміновыя скаргі спецдакладчыкам ААН у справах катаванняў, судовай практыкі і свабодзе слова. Алена Каваленка скардзіцца на бесчалавечнае абыходжанне з яе мужам, на парушэнне прынцыпаў адкрытасці судоў і на перашкоду ў атрыманні інфармацыі.

11.58

Перапынак у судзе. Суддзя вырашае, ці змяніць Каваленку меру стрымання на больш мяккую. З залы суда паведамляюць, што ўсе ранейшыя хадайніцтвы, якія былі сёння, суддзя адхіляла.

Апрача хадайніцтва адвакатаў пра змену стрымання, да хадайніцтва далучаныя звароты у суд ад партыі КХП-БНФ і БХК.

Адвакаты кажуць, што Каваленка пачынае загаворвацца, паўтарае адно і тое ж. Адвакаты таксама кажуць, што ўчора іхны падабаронны піў ваду, а сёння нават не п’е.

12.15

Польскі дыпламат Вітольд Юраш заявіў журналістам, што рашэнне па справе Каваленкі прымаецца не ў судзе, а наверсе, што ён не мае ілюзіяў наконт гэтага суду, таму і пакідае працэс.

​«Я хацеў прыехаць сюды, каб паказаць нашую салідарнасць. Але я ўбачыў, што ўсе рашэнні прымаюцца не ў зале суда. Знаходзіцца тут для мяне няма сэнсу. Таму я з'язджаю. Гэта мая пазіцыя. Я бачу такую рэальнасць, як я сказаў: знаходзіцца тут няма сэнсу. Не тут прымаюцца рашэнні».

Звяртаючыся да Алены Каваленкі ён сказаў:

«У мяне была магчымасць пакамунікаваць з вашым мужам. Я яго прасіў ад імя калегаў па ЕС, асабіста ад сябе і нават ад маёй жонкі, каб ён спыніў галадоўку. Адвакат прасіў змяніць меру стрымання. Але ў гэтым было адмоўлена. Сяргей слабы. Яму цяжка засяродзіцца. Але ён паводзіць сябе годна. Я ўпэўнены, што ён вытрымае. Я на гэта спадзяюся. Я ў гэта веру. Гэта трагедыя, калі адзін чалавек цярпіць праз сваю адвагу, а іншыя ў зале — праз адсутнасць адвагі. Я спадзяюся, што ён спыніць галадоўку і будзе годным і шчасьлівым чалавекам. А тыя, хто цярпіць праз адсутнасць адвагі, будуць з гэтым жыць. Я спадзяюся, што яго вызваляць. Гэта было б заўважана ў ЕС», — сказаў Юраш.

Ён дадаў, што афіцыйную пазіцыю Еўрасаюз выкажа ў панядзелак 27 лютага.

Юраш пагаварыў з маці Каваленкі. Тая прасіла, каб дыпламат паспрыяў допуску медыкаў. Юраш адказаў, што ў гэтай сітуацыі нічым дапамагчы не можа, бо такое рашэнне прымаюць беларускія ўлады.

13.26

Сяргей Міхайлаў, які працуе перакладчыкам на працэсе, паведаміў, што перапынак абвясьцілі на просьбу Каваленкі. Каваленка заявіў, што кепска сябе адчувае, сказаў, што ў яго баліць галава і жывот і што ён не разумее, што адбываецца ў судзе. Міхайлаў таксама паведаміў, што сёння на працэсе дапыталі самаго Каваленку — хутка і фармальна.

Паводле Сяргея Міхайлава разглядаецца трэці том справы.

14.11

Сваякі Каваленкі разам з праваабаронцамі напісалі 24 скаргі старшыні суда, што іх не пусцілі ў залу, а таксама 10 скаргаў кіраўніцтву віцебскай міліцыі, на незаконныя дзеянні супрацоўнікаў МУС у судзе.

14.46

Перапынак на 30-40 хвілінаў. Пасля перапынку пачнуцца судовыя спрэчкі.

Перакладчык Сяргей Міхайлаў паведаміў, што Каваленка ў клетцы п’е ваду. Ён выглядае вельмі стомленым. Болей ніякіх хадайніцтваў не вылучае.

15:27

Працэс пачаўся. Калі Каваленку заводзілі ў залу, паміж ім і людзьмі сшыхтаваліся тры кардоны міліцыі і спецназа. Яны стаялі так, каб людзі не пабачылі Каваленку.

Пракурор запатрабаваў 2 гады 8 месяцаў калоніі.
17:03

Паводле інфармацыі з залы суда, на працэсе выступаюць адвакаты Сяргея Каваленкі.

У судзе перапынак да 18:00. Каваленку вывелі з залі. Пасля перапынку будзе абвешчаны вырак.

18:00

Каб паслухаць вырак, сабралося 30 чалавек. Ад залы суду іх аддзяляюць 30 метраў і 4 кардоны міліцыі.

18:20

Каваленку дагэтуль не прывялі ў залу. Суддзі таксама няма. Паседжаньне ўсё ніяк не пачнецца.

18:38

Каваленку завялі ў залу. Прысутныя ў калідоры скандуюць «Свабоду! Свабоду!»

19.43

Сяргея вывелі з залы. Вырак пакуль застаецца невядомым.

Ён пасьпеў крыкнуць «Слава нацыі!».

19.45.

Агучаны вырак - 2 гады 1 месяц калоніі агульнага рэжыму. Два месяцы з іх Каваленка ўжо правёў за кратамі.

19.55
Усіх выгналі з будынку суду. Маці Каваленкі Лідзія плача на руках ягонай цёткі.

Адвакаты заявілі, што будуць адскарджваць рашэньне.

* * *

Нагадаем, актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргей Каваленка абвінавачваецца ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Паводле версіі абвінавачання, Каваленка ўчыніў чатыры парушэнні, адбываючы пакаранне па прыгаворы суда Кастрычніцкага раёна Віцебска. У маі 2010 года гэты суд прыгаварыў апазіцыянера да трох гадоў пазбаўлення волі ўмоўна за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай ёлцы Віцебска 7 студзеня. Каваленку ўтрымліваюць у СІЗА з 19 снежня мінулага года, яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. У знак пратэсту супраць затрымання актывіст КХП-БНФ аб’явіў галадоўку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?