Зладзеяваты, як кажуць рыбакі, кот жыве ў вёсцы Свяціца, а вёска стаіць на беразе прыгожага і рыбнага Янова азяра.
Апошняя акалічнасць і прадвызначыла нібыта злодзейскія схільнасці свяціцкага ката. Узімку, калі ўжо становіцца трывалы лёд і затоку ля вёскі апаноўваюць заезджыя рыбакі, кот выбіраецца на свой зладзейскі промысел…
У гады свайго наіўнага юнацтва кот спрабаваў наладзіць з рыбакамі гарманічныя ўзаемаадносіны. Ён падыходзіў да аматараў зімовага лову, сядаў побач і пачынаў жаласна мяўкаць, просячы пачастунку.
Але бяда ката заключалася ў тым, што каля Свяціцы ловіцца пераважна падлешчык, а які нармальны рыбак ахвяруе добрай рыбінай дзеля прыблуднага ката? Кот вельмі часта заставаўся з нічым і гэты факт быў тым больш крыўдны, што ў галодных каціных вачах трапяталася і біла хвастамі рэальная рыба, абы-як раскінутая каля адной ці другой лункі.

Але час мінаў, і на змену сляпой кацінай крыўдзе прыйшоў узважаны і халодны аналіз склаўшайся несправядлівай сітуацыі.

Я тутэйшы кот. Нарадзіўся і вырас на беразе азяра ў сваё роднай вёсцы. І мае дзяды, і дзяды маіх дзядоў нарадзіліся і жылі тут. Ніхто не здрадзіў сваё роднай старонцы, ня выракся матчынага мяўкання на карысьць гарадскіх кватэраў і халяўнай пайкі за лаяльнасць да гэтага каланізатарскага «кыс-кыс-кыс». Я тутэйшы і гонар маю! А хто яны, гэтыя прыхадні з вудамі, што бессаромна абкрадаюць маё азяро?
Ніякай літасьці чужынцам — толькі вайна! — вось так пастанавіў Свяціцкі кот.

Каб развеяць апошнія сумненні, кот схадзіў да споведзі у тутэйшы каціны касцёл і каціны сьвятар багаславіў яго на святую барацьбу. Але пры гэтым, як і кожны святар, нагадаў пра царкоўную дзесяціну…

Зразумела, што фармат бязлітаснай барацьбы, як гэта і прадпісвае тутэйшая традыцыя, быў абраны партызанскі.

Добры партызан — жывы партызан.
Таму ён ніколі ня будзе кідацца на праціўніка, што мае перавагу, лоб у лоб, як гэта пафасна, але абсалютна тупа рабілі кавалерысты Войска Польскага ці Будзёнага проці танкаў Гудэрыяна. Партызан выкарыстоўвае сваё веданне тутэйшага ландшафту і пільнуе звычкі і завядзёнкі акупантаў, каб скарыстацца іх слабіной. Нападае партызан знянацку, каб гэтак жа нечакана знікнуць…
Звычкі і слабасці рыбакоў Свяціцкі кот ведаў, як усіх суседскіх котак — грунтоўна і глыбока.
Ляшчатнік ніколі не свідруе адну лунку. Ляшчатніка заўсёды душыць жаба і ён круціць дзірак 5–6 у спадзеве, што з кожнай дастане важкіх рыбінаў. Праблема рыбака заключаецца ў тым, што, маючы толькі адну задніцу, ён можа сядзець толькі каля адной лункі, візуальна пільнуючы ўсе астатнія. Другая рыбацкая звычка заключаецца ў тым, што выцягнутая рыбіна, як правіла, кідаецца тутака ж на лёд і не хаваецца за кожным разам у скрынку… І яшчэ вецер. Ужо на ўзроўні набытага рэфлексу рыбак сядае спінаю да яго.
Калі вецер усходні, то Свяціцкі кот прыходзіў менавіта з усходу, калі дзьмуў з поўдня, адтуль жа на мягкіх лапах тупаў і кот… У любым выпадку, адкуль бы ні дзьмуў вецер, кот з’яўляўся за спіной рыбака.
Кот бачыў ворага і ўсе яго лункі, вораг ката, зразумела, не бачыў. Аднак, паклёўка на дальняй лунцы змушала падняць задніцу не толькі рыбака, але і ката. У той час, як мужык бег, каб падсекчы чарговага падлешчыка, кот бег да яго «базавай» лункі, выбіраў буйнейшага рыбінага экзэмпляра і шпарка хаваўся ў бліжэйшых трыснягах. Ясная справа, акцыя паўтаралася не аднойчы… Здабыча прыкопвалася ў снег, за ёй другая, трэцяя. Вынікі баявой аперацыі кот падводзіў ужо надвячоркам.
Асабліва жорстка Свяціцкі кот распраўляўся з аматарамі выпіць на лёдзе.
Сабраўшыся ў купу і прапусціўшы пляшкі дзве-тры, рыбакі пераходзяць у віртуальную прастору сваіх колішніх уловаў, памеры якіх не здольныя паказаць нават разведзеныя ўшыркі рукі.
Ацверазенне прыходзіць тады, калі чалавек вяртаецца да сваёй лункі і рашуча не пазнае яе: Бля, у мяне тут чатыры падлешчыка ляжала! (кот у трыснягах злавесна рагоча).

Табе, мой шаноўны сябра, можа падацца, што выхадкі ката — толькі дробныя ўцехі згаладалай жывёлы, але ты тут вельмі памыляешся. Свяціцкі кот — выдатны псіхолаг, ягоны разлік заўсёды праўдзіць у перспектыве.

Яму няма патрэбы перагрызаць горла ворагу, бо гэта зробіць жонка рыбака (яшчэ і мозак вып’е), што сустрэне мужа без рыбы, але з густым перагарам. А яшчэ, калі з начоўкай ездзіў, то будзе поўны трыбунал…

Свяціцкі кот — шчыры патрыёт свайго краю і жывое сведчанне таго, што і адзін на лёдзе воін.

Мужыкі, што ловяць ля Свяціцы, хоць і выклінаюць таго ката, абзываюць злодзеем, але ў іх аповядах непрыхавана гучыць павага і захапленне мужнай жывёлінай.
Завочна і мне той кот спадабаўся. Ля Свяціцы я не лаўлю, але на знак сваё павагі да Свяціцкага ката падыму за яго чарку з рыбіным тлушчам у Дзень абаронцаў Айчыны.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?