Менеджар Міжнароднай федэрацыі хакея з шайбай Шыман Шэмберг паведаміў шведскаму выданню Svenska Dagbladet, што пытанне аб месцы правядзення хакейнага першынства ў 2014 годзе будзе зноў пастаўлена на Кангрэсе Міжнароднай федэрацыі хакея.

Кангрэс пройдзе ў Фінляндыі ў маі гэтага года падчас сусветнага першынства ў гэтым годзе.

Нагадаем, што сусветныя праваабарончыя арганізацыі патрабуюць пазбавіць Беларусь права правядзення сусветнага першынства з прычыны наяўнасці ў нашай краіне палітычных вязняў і сістэматычнага парушэння правоў чалавека.

Старшыня Федэрацыі хакея Беларусі Яўген Ворсін запэўніў БелаПАН, што Міжнародная федэрацыя хакея (IIHF) не разглядае магчымасць змянення месца правядзення чэмпіянату свету 2014 года, які павінен адбыцца ў Мінску.

«Паўтара тыдні таму ў нас былі прадстаўнікі IIHF, члены савета, аб чымсьці такім не было сказана ні слова. А хто такі Шэмберг, я не ведаю, — заявіў Ворсін. — Гэта тэма не ўзнімалася ніколі.

Пазіцыя IIHF такая: месца правядзення чэмпіянату вызначана і гэта — Мінск.
У IIHF, паўтаруся, пытанне гэта ніколі не ўзнімалася, паколькі на кангрэсе было прынята рашэнне, што чэмпіянат адбудзецца ў Беларусі. Было некалькі прэс-канферэнцый, на якіх гэта падкрэсліваў і кіраўнік IIHF Рэне Фазель. Ці ж можна слухаць нейкага менеджара, які з такімі сур’ёзнымі рэчамі выступае?!« — заключыў старшыня Федэрацыі хакея Беларусі.

***

Нагадаем, што 8 студзеня 2012 года на кангрэсе IIHF, што прайшоў у канадскім Калгары,

прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакею Рэнэ Фазель зазначыў, што ЧС 2014 года пройдзе, як і планавалася, у Мінску.

«Мы абмяркоўвалі гэтае пытанне на пасяджэнні Рады і на Кангрэсе. Кангрэс прыняў рашэнне праводзіць турнір у Беларусі ў 2014 годзе», — сказаў Фазэль, дадаўшы, што IIHF знаходзіцца ў баку ад палітычных дыскусій.

3 студзеня 2012 года прэзідэнт ЗША Барак Абама падпісаў «Акт аб дэмакратыі і правах чалавека ў Беларусі ў 2011 годзе». Дадзены дакумент пашырае санкцыі, уведзеныя ў 2004 г. супраць Беларусі. Сярод іншага дакумент заклікае Міжнародную хакейную федэрацыю адмовіцца ад планаў правядзення чэмпіянату свету па хакеі — 2014 у Мінску.

У лістападзе 2011 г. шэраг грамадскіх дзеячоў звярнуўся ў Міжнародную федэрацыю хакея з шайбай з заклікам перанесці чэмпіянат свету па хакеі 2014 г. з Беларусі ў іншую краіну. Сваю просьбу яны матывавалі палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі і пераследам палітычных апанентаў Лукашэнкі. Пад заявай тады падпісаліся былы прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавел, драматург Том Стопард, славуты ў мінулым літоўскі баскетбаліст, а сёння бізнесмен Шарунас Марчулёніс, кіраўнікі Свабоднага таэтра Мікалай Халезін і Наталля Каляда ды шэраг іншых дзеячоў.

Падтрымлівае ініцыятыву і славуты ў мінулым хакеіст, а цяпер дэпутат Еўрапарламента ад Славакіі Петэр Шцясны,

а ўкраінская арганізацыя Femen распачала кампанію з мэтай не дапусціць першынства ў Беларусі.
24 студзеня 2012 года яны зладзілі яркую акцыю каля офіса IIHF у Цюрыху. Дзяўчаты згулялі ў хакей у зэкаўскіх робах. Вачам хакейных босаў прадэманстравалі плакаты з надпісамі «Раб не гуляе ў хакей», «Не заахвочвайце дыктатуру!», «Лукашэнка, згуляем ў Гаазе?», «Адбярыце чэмпіянат у дыктатара!».

***

Беларусь атрымала права правесці чэмпіянат свету па хакеі ў 2014 г. згодна з рашэннем Кангрэса IIHF у маі 2009 г., што прайшоў у швейцарскім Берне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?