Новы нумар «Дзеяслова» (№ 1, 2012) можна назваць Быкаўска-Барадулінскім. Пачынаецца ён з падборкі вершаў Рыгора Іванавіча пад назвай «Карані цішыні».

У рубрыцы «Архівы» змешчаны запісы студэнта ІІ курса БДУ Рыгора Барадуліна з Нарады маладых пісьменнікаў 21 верасня 1955 г., а таксама лісты Міхася Стральцова да Рыгора Барадуліна.

«Паміж намі — беларусамі і яўрэямі» пад такім назовам выйшла ў «Дзеяслове"рэцэнзія Леаніда Галубовіча на кнігу Барадуліна «Толькі б яўрэі былі!.. : кніга павагі і сяброўства».

Публікацыю аповесці Васіля Быкава «Атака», раней невядомай чытачам, можна без перабольшанняў назваць сенсацыйнай. Яе рукапіс быў знойдзены нядаўна ў Гродне сынам пісьменніка.

З падборкі вершаў Рыгора Барадуліна «Карані цішыні…»

На вуліцы

— Як вам рэжым?
— Дрыжым…

* * *

Пакуль
У вырай сноў не адляцела,
Пакутуе душа
Ў цямніцы цела…

* * *

Смакуючы зорны акраец,
Ноч
Не баіцца нікога
Апроч

Раніцы…

* * *

Прасвечваецца наскрозь.
Вісіць уніз галавой.
І плача слязьмі сцюдзёнымі
Свечка ледзяша…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?