А. Лукашэнка «пыл зьмятае» з апазыцыі, каб яна захавалася ў сваім цяперашнім выглядзе
— Скажу вам шчыра, што я яе пешчу, я яе цаню, я яе берагу, пыл зьмятаю зь яе, каб яна захавалася, і захавалася толькі такой, — кажа Лукашэнка. — Якая яна — я ўжо сказаў. Грошы атрымала, падзяліла, пасярэднікам заплацілі ці то зь Літвы, ці то з Польшчы, ці то з Украіны.
Паводле прэзыдэнта, «пасярэднікаў хапае, праўда, яны больш забіраюць грошай».
— Ну, нейкія там крыхі дастаюцца і нашым, — мяркуе Лукашэнка. — За гэтыя крыхі яны нядрэнна жывуць. Вось гэта такая апазыцыя.
Паводле прэс—службы беларускага прэзыдэнта, у інтэрвію А. Лукашэнка падкрэсьліў, што Беларусі і Эўропе «трэба спыніць глядзець адзін на аднаго праз агароджу».
— Беларусь многае значыць у забесьпячэньні энэргетычнай бясьпекі Эўропы, — сказаў прэзыдэнт. — Эўропе зразумела, што калі нестабільна будзе ў Беларусі, то нестабільна будзе і ў Эўропе.
Пры гэтым А. Лукашэнка ў чарговы раз падкрэсьліў шматвэктарнасьць зьнешняй палітыкі краіны.
— Аснова нашай палітыкі — добрасуседзкія стасункі з тымі, хто нас акружае, — зазначыў ён. — У нас ёсьць што прапанаваць сьвету, і мы ідзем туды, дзе нас чакаюць і прымаюць.
А.Лукашэнка таксама зазначыў, што Беларусь гатовая да дыялёгу з ЗША.
— Мяч на іх баку. Калі амэрыканцы лічаць патрэбным устанавіць нармальныя стасункі зь Беларусьсю, то мы да гэтага гатовыя, — кажа Лукашэнка. — Мы гатовыя абмяркоўваць любыя ініцыятывы, любыя ўмовы, але яны павінны быць прымальныя і ўлічваць беларускія інтарэсы.
Закранаючы цяперашнюю сытуацыю ў стасунках Беларусі і Расеі, Лукашэнка падкрэсьліў, што «якія б адносіны ні складваліся сёньня з расейскім кіраўніцтвам, мы не здрадзім расейцам».
— Падабаецца гэта камусьці ці не, на Захадзе павінны разумець, што вышэй за ўсё — наша дружба з расейцамі, — кажа прэзыдэнт. — Мы са сьвятым жартаваць ня будзем.
Пры гэтым Лукашэнка мяркуе, што неабходна «пераходзіць ад палітыкі шантажу да нармальнага дыялёгу».
— Ня мы першапрычына таго, што адбылося ў стасунках з Расейскай Фэдэрацыяй, — заявіў Лукашэнка. — Калі яны хочуць будаваць з намі саюз на раўнапраўнай, дружалюбнай, брацкай аснове, мы да гэтага гатовыя.