Пра гэта парталу Tut.by паведаміла крыніца, блізкая да кіраўніцтва краіны.

Як і раней, у адказ на абмежавальныя меры Захаду беларускія ўлады адыгрываюцца на ўласным насельніцтве — ягонай апазіцыйна настроенай частцы.

Цяперашняе заканадаўства таго не дазваляе, але, як паказвае практыка, у «прававой» дзяржаве на чале з Аляксандрам Лукашэнкам законы мяняюцца часам за адзін вечар, на сакрэтным пасяджэнні палаты прадстаўнікоў.

Як стала вядома Tut.by, папярэдне ў спісе значыцца 108 прозвішчаў, у тым ліку былога старшыні Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслава Шушкевіча, старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука і старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанны Літвіной.

Лічба — 108 чалавек — уражвае. На першы погляд, здаецца, што на тэму санкцый столькі людзей не выказвалася, ужо не кажучы пра «прамыя заклікі». Не выключана, што пад гэты грэбень прычэшуць усіх вядомых праціўнікаў рэжыму.

Нагадаем, што ў панядзелак Рада міністраў замежных спраў Еўрасаюза прыняла рашэнне аб пашырэнні спісу лукашэнкаўцаў, на якіх распаўсюджваюцца санкцыі ЕС.

Спіс папоўніла 21 прозвішча, сярод якіх начальнік мінскай міліцыі Аляксандр Барсукоў і суддзі раённых судоў Мінска.

У адказ на гэта была жорсткая рэакцыя беларускага МЗС: рашэнне аб адклiканнi беларускіх паслоў з Варшавы і Брусэля, а таксама рэкамендацыя Польшчы і ЕС адклікаць сваіх паслоў з Мінска. Па выніках экстраных кансультацый у Брусэлі 28 лютага было прынята рашэнне аб адклiканнi з Мінска кіраўнікоў дыппрадстаўніцтваў ўсіх краін ЕС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?