3 сакавіка, у Міжнародны дзень пісьменніка, будзе вызначаны пераможца Літаратурнай прэміі імя Гедройца.

Прэмія заснаваная Саюзам беларускіх пісьменнікаў, Беларускім ПЭН-цэнтрам, пасольствам Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь і Польскім Інстытутам у Мінску. Прэмія прысуджаецца за найлепшую кнігу прозы, выдадзеную ў 2011 годзе.

Абавязковая ўмова — беларускамоўнасць.

У шорт-ліст увайшло шэсць кніг:

Уладзіслаў Ахроменка «Тэорыя змовы» (Мінск: Логвінаў).

Альгерд Бахарэвіч «Малая медычная энцыклапедыя Бахарэвіча» (Радыё Свабода, серыя «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе»).

Павал Касцюкевіч «Зборная Рэспублікі Беларусь па негалоўных відах спорту» (Мінск: Логвінаў).

Артур Клінаў «Шалом: ваенны раман» (Мінск: Логвінаў, серыя «Кнігарня «Наша Ніва»).

Аляксандар Лукашук «След матылька. Освальд у Мінску» (Радыё Свабода, серыя «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе»).

Андрэй Федарэнка «Мяжа» (Мінск: Літаратура і Мастацтва, серыя «Лімаўскі фальварак»).

Супольна беларускім і польскім журы будзе абраная тройка фіналістаў, але толькі адзін з аўтараў атрымае галоўную прэмію і грашовы прыз — 105 мільёнаў рублёў.

У журы ўваходзяць пісьменнікі Уладзімір Арлоў і Барыс Пятровіч, філосаф Валянцін Акудовіч, крытыкі Людміла Рублеўская і Маргарыта Аляшкевіч, перакладчык і старшыня Польскага ПЭН-клубу Адам Паморскі, дырэктар Польскага інстытуту і Мінску Пётр Казакевіч. Ганаровы старшыня журы — пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка.

Нягледзячы на няпростую палітычную сітуацыю і змушаны ад’ез з Беларусі пасла Польшчы Лешака Шарэпкі, цырымонія ўручэння прэміі Гедройца адбудзецца, як і планавалася, —
паведаміў радца і прэс-сакратар пасольства Польшчы ў Беларусі Павел Марчук. Паводле яго словаў, польскі бок арганізатараў прэміі на цырымоніі прадставіць дырэктар Польскага інстытута ў Мінску, радца-пасланнік Пётр Казакевіч.

Цырымонія пройдзе 3 сакавіка, а 17-й у адным з творчых асяродкаў у цэнтры Мінска. Уваход на яе будзе па запрашальніках. За цырымоніяй можна будзе сачыць і праз інтэрнэт у простым эфіры, з дапамогай онлайн-трансляцыі, што будзе арганізаваная на сайце радыё «Свабода».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?