Кіраўнік Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына будзе выконваць функцыю каардынатара групы беларускіх назіральнікаў у місіі назіральнікаў СНД на прэзідэнцкіх выбарах у Расіі, якія адбудуцца 4 сакавіка.Пра гэта паведаміў сакратар Цэнтральнай камісіі Мікалай Лазавік.
Паводле яго слоў, у склад групы беларускіх назіральнікаў уваходзяць каля паўсотні чалавек, у тым ліку ад Цэнтрвыбаркама — Ярмошына і член камісіі Святлана Кацуба.
«Традыцыйна ў праграму назірання ўваходзіць наведванне расійскай ЦВК, сустрэча з яе кіраўніцтвам, знаёмства з інфармацыйным цэнтрам, а таксама наведванне выбарчых участкаў», — паведаміў Лазавік. Паводле яго слоў, назіральнікі будуць працаваць у Маскве, у прыгранічных з Беларуссю, а таксама аддаленых рэгіёнах Расіі.
Пасля заканчэння галасавання і закрыцця выбарчых участкаў Ярмошына, а таксама іншыя каардынатары ад краін і арганізацый СНД збяруцца для выпрацоўкі выніковай заявы місіі назіральнікаў ад СНД. Плануецца, што дакумент будзе абнародаваны 5 сакавіка.
Як паведамілі БелаПАН у палаце прадстаўнікоў, у назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Расіі возьмуць удзел 16 дэпутатаў. Трое з іх будуць працаваць у складзе місіі назіральнікаў ад МПА СНД, астатнія — па лініі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.